Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў адкрылася кнігарня «Галіяфы»


Аднавіла сваю дзейнасьць кнігарня беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы». Цяпер яна месьціцца ў Траецкім прадмесьці па адрасе: вуліца Старавіленская, 6.

Сёлета ў лютым культурніцкая ўстанова вымушана была пакінуць памяшканьне ў будынку на вуліцы Валгаградзкай у Менску, куды засялілася пры канцы 2013 году. Але яшчэ тады кіраўніцтва запэўнівала, што гэта не «пахаваньне», а часовае разьвітаньне. Да апошняга дня пляцоўка працавала як творчая прастора, дзе сустракаліся беларускія паэты і пісьменьнікі.

Падставай да прыпыненьня дзейнасьці стала новая рэдакцыя закону «Аб гандлі». Паводле яе будынкі, у якіх вядзецца гандаль, павінны быць аформленыя дакумэнтальна, а потым занесеныя ў адмысловы рэестар. Паколькі тагачасны будынак у рэестры ня значыўся, гандаль давялося спыніць.

Сёньня дырэктар «Галіяфаў» Зьміцер Вішнёў запрасіў гасьцей на адкрыцьцё новай кнігарні, якая па меркаваньні выдаўца мусіць ня толькі стаць месцам, дзе можна набыць якасную літаратуру, але і «авангарднай прасторай». Зьміцер запэўніў: «Мы ажывім Траецкае прадмесьце, тут будуць ладзіцца разнастайныя імпрэзы і фэсты, а чытачы змогуць сустрэцца з літаратарамі і мастакамі».

Выступае ​дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў
Выступае ​дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў

Адкрыцьцё пачалося з незвычайнага пэрфомансу: у дворыку будынка на Старавіленскай усталявалі праектар, які трансьляваў фотаздымкі на сьцяну дома, а на ганак выбег чалавек зь вялізарнай маскай з пап’е-машэ і пачаў хаатычна рухацца пад гукі электроннай музыкі. Такое экстраардынарнае відовішча вельмі зацікавіла моладзь, якой на мерапрыемстве было дастаткова многа. Агулам сабралася каля 100 чалавек.

«Мне падаецца, дзьве-тры прыватныя кнігарні для такога эўрапейскага гораду як Менск гэта вельмі мала. Я лічу, што на кожнай вуліцы ў нас павінна быць па кнігарні!» — мяркуе пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, які наведаў урачыстае адкрыцьцё «Галіяфаў».

«Калі мы ходзім з замежнымі сябрамі па прадмесьці, яны пытаюцца ці сапраўднае гэта ўсё. А я кажу: не, гэта фэйк, рэканструкцыя. Але цяпер тут зьявіліся „Галіяфы“ — пляцоўка, дзе будуць прысутнічаць жывыя аўтары» — дадае ён.

Выступае Альгерд Бахарэвіч
Выступае Альгерд Бахарэвіч

На імпрэзу з нагоды адкрыцьця кнігарні прыйшлі і іншыя беларускія літаратары, у тым ліку Адам Глобус і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Паэты Вера Бурлак, Вольга Гапеева, Сяргей Сыс і Андрэй Хадановіч чыталі свае вершы.

Гасьцей частавалі кавай і гарбатай, а па заканчэньні афіцыйнай часткі, усе ахвотныя маглі набыць любыя кнігі з 20%-й зьніжкай.

«Няхай жыцьцё б’ецца і віруе ў „Галіяфах“ і ў Траецкім прадмесьці!» — госьці пажадалі посьпехаў новай кнігарні.​

Каб пабачыць поўную фотагалерэю, націсьніце на здымак ўнізе:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG