Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дальнабойнікі» зьбіраюцца пад Масквой і рыхтуюцца да акцыі пратэсту


Расейскія кіроўцы-«дальнабойнікі» зьбіраюцца правесьці ў пятніцу 4 сьнежня буйную акцыю пратэсту з патрабаваньнем адмяніць рашэньне ўраду Расеі аб уводзе ў дзеяньне сыстэмы аплаты праезду «Платон».

Паводле шэрагу расейскіх мэдыяў, у прыватнасьці парталу «Адкрытай Расеі», асноўны пункт, дзе зьбіраюцца вялікагрузныя аўтамабілі, якія будуць удзельнічаць у акцыі, знаходзіцца прыкладна за 30 кілямэтраў ад Масквы.

Кіроўцы чакаюць, што да іх далучацца калегі зь Пецярбургу і маюць намер чакаць іх на працягу 10-12 гадзін. Аднак, паліцыя рэгулярна зьвяртаецца да прысутных з просьбай «разьехацца», бо на адным месцы нібыта нельга доўга стаяць.

Падрабязнасьці заплянаванай акцыі не паведамляюцца. Незадаволенасьць кіроўцаў-«дальнабойнікаў» сыстэмай «Платон» праяўляецца з сярэдзіны лістапада ў выглядзе сходаў і мітынгаў.

Дзеяньне сыстэмы «Платон» распаўсюджваецца больш чым на 50 тысяч кілямэтраў расейскіх дарог. У жніўні 2014 году распараджэньнем ўраду Расеі было заключанае канцэсійнае пагадненьне паміж «уладальнікам» «Платона» — Фэдэральным дарожным агенцтвам і кампаніяй «РТ-Інвест Транспартныя сыстэмы» (РТІТС). Такім чынам, прыватная кампанія стала апэратарам сыстэмы. Адзін з галоўных акцыянэраў РТІТС​ —​ Ігар Ратэнбэрг, сын Аркадзя Ратэнбэрга, сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

XS
SM
MD
LG