Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рапартуе пра поўнае выкананьне правоў інвалідаў. А як насамрэч?


3 сьнежня ў Беларусі адзначаецца Дзень інвалідаў. Краіна толькі сёлета ў верасьні, апошняй у Эўропе, далучылася да «Канвэнцыі ААН аб правах інвалідаў». Пры гэтым было заяўлена, што ў Беларусі правы інвалідаў выконваюцца ў поўнай меры, таму няма неабходнасьці ў дадатковых пагадненьнях у справе абароны іх правоў. Меркаваньні на гэты конт выказваюць інваліды з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй, якія жывуць на Гомельшчыне.

У Сьветлагорску, дзе жыве 70 тысяч жыхароў, добра вядомы інвалід-вазочнік першай групы Юры Ляшэнка. Ён займаецца аўтаперавозкамі, ачольвае мясцовую дабрачынную арганізацыю «Папярэднік», актыўна займаецца ўмовамі побыту інвалідаў.

Ляшэнка: «Жыцьцё інвалідаў ня проста складанае, а надзвычай складанае, і асабліва ў Беларусі. Я часам падарожнічаю ў іншых краінах, назіраю, параўноўваю. Інваліды ў нас не жывуць, а выжываюць. Надзвычай складана тут, і ў першую чаргу з бар’ерным асяродкам. Шмат каму з інвалідаў складана нават выйсьці на вуліцу. На жаль, інваліды выклікаюць і пэўны нэгатыў у шэрагу людзей. Кшталту, мы тут жывём, а зьяўляецца незразумелы суб’ект на вазку ці яшчэ на чым — і ўзьнікае такое раздражненьне. І гэта асабліва ў чыноўнікаў: прыйшоў інвалід — гэта значыць з праблемай».

Юры Ляшэнка

Юры Ляшэнка

Юры Ляшэнка з паплечнікамі дамогся, каб сёлета з удзелам шэрагу службаў Сьветлагорскага райвыканкаму зладзілі «круглы стол» па пытаньнях выкананьня праграмы стварэньня безбар’ернага асяродку ў горадзе. Зь ліста райвыканкаму інваліды са зьдзіўленьнем дазналіся, што такая праграма нібыта амаль цалкам выканана Абяцана было нават, што да 25 сьнежня адпаведныя службы ўсталююць пандусы ў будынках раённага шпіталя, а таксама зробяць паніжэньне бардзюраў у горадзе, калі будзе дадатковае фінансаваньне зь бюджэту.

«Успомнілі, што ёсьць прэзыдэнцкая праграма безбар’ернага асяродку на 2011-15 гады. Яна сапраўды ёсьць. У горадзе, па-праўдзе кажучы, стала крыху лепей з усталяваньнем пандусаў. Адрамантаваныя некаторыя прыпынкі й ходнікі, зьявіліся нізкапольныя аўтобусы. Пазытыўны вынік ёсьць. Але калі праманіторылі праграму, як яна працуе, калі паехалі па горадзе глядзець усё ўвачавідкі, то аказалася, што праграма выканана у лепшым выпадку на трыццаць адсоткаў», — кажа інвалід Ляшэнка.

Юры Ляшэнка спрабуе трапіць на пасяэджэньне Сьветлагорскага суду

Юры Ляшэнка спрабуе трапіць на пасяэджэньне Сьветлагорскага суду

У Калінкавічах даўно пакутуе на розныя захворваньні інвалід 2 групы, чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст. Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС яго як афіцэра запасу прызвалі служыць і працаваць у 30-кілямэтровую зону. Цяпер ліквідатар мае праблемы з сэрцам, з артэрыяльным ціскам, розныя іншыя балячкі. Працяглы час Васіль Сіліверст змагаўся за тое, каб прызналі сувязь ягоных хвароб з Чарнобылем. Нават галадоўкі распачынаў — нічога не атрымалася:

«За мінулыя гады я адзінаццаць разоў зьвяртаўся ў міжведамасны экспэртны савет Міністэрства аховы здароўя, каб зьвязалі мае захворваньні з працай у чарнобыльскай зоне — і адзінаццаць разоў мне адмаўлялі. Зьвяртаўся асабіста і да міністра Васіля Жарко, але той толькі разводзіў рукамі. Спрабаваў дамагчыся справядлівасьці праз суды — у Калінкавічах, Гомелі, Менску. Але суды, аказваецца, такую праблему не вырашаюць. Спасылаюцца на тое, што экспэртны савет — канчатковая інстанцыя. Таму сёньня я й кажу: калі прытрымлівацца гэтай Канвэнцыі ААН па правах інвалідаў, то мы тут маем поўнае права на стварэньне адмысловай міжнароднай камісіі з тым, каб нам хоць калі-небудзь, няхай і пасьмяротна, прысвоілі статус інвалідаў Чарнобылю».

Васіль Сіліверст

Васіль Сіліверст

Па словах інваліда-ліквідатара, дзяржава беспадстаўна скасавала раней прыняты Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня шматплянавы закон аб сацыяльнай абароне насельніцтва, пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Абгрунтаваны і ўзважаны закон быў заменены на новы аднабокі, у многім дэкаратыўны:

«Па гэтым законе маюць ільготы толькі тыя, каму беларуская дзяржава зьвязала інваліднасьць агульнага захворваньня з удзелам у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У гэтыю катэгорыю чамусьці трапілі найперш чыноўнікі розных узроўняў, якія й сталі інвалідамі-чарнобыльцамі. Іх вельмі шмат у Беларусі, у прыватнасьці на Гомельшчыне».

Адзін з галоўных прынцыпаў Канвэнцыі ААН аб правах інвалідаў палягае ў тым, што людзі з інваліднасьцю мусяць быць абароненымі ад любой з формаў дыскрымінацыі — як з боку дзяржаўных, так і прыватных структураў.

На жаль, рэчаіснасьць падае багата прыкладаў іншага кшталту.

Аляксандар Клімаў

Аляксандар Клімаў

Былы апаратчык абпалу Гомельскага хімічнага заводу Аляксандар Клімаў чатыры гады судзіцца са сваім прадпрыемствам, якому аддаў 33 гады працы. На вытворчасьці ён атрымаў цяжкую траўму, стаў інвалідам. Кіраўніцтва завода пасьпяшалася «выкінуць» пацярпелага на вуліцу «ў сувязі са станам здароўя, якое перашкаджае працягу працоўных адносінаў» і адмаўляецца прызнаць пашкоджаньне яго здароўя вытворчым выпадкам.

Клімаву з дапамогай правабаронцаў давялося праз шматлікія суды даказваць цяжар атрыманых траўмаў менавіта на вытворчацьці. Па выніках судовых рашэньняў Белдзяржстрах урэшце выплаціў былому апаратчыку амаль 66 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і прызначыў каля мільёна рублёў штомесячных выплат.

Аднак каб даказаць сваю правату, Аляксандар Клімаў патраціў ажно 25 мільёнаў рублёў. Цяпер ён разам з маральнай шкодай спрабуе адсудзіць гэтую суму ў калісьці роднага прадпрыемства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG