Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад строгім пастом маецца на ўвазе ўстрыманьне ад усялякай жывёльнай ежы, у тым ліку яйкі і малако. У гэтым артыкуле я падзялюся з вамі кухарскімі хітрасьцямі, якія дапамогуць лягчэй перанесьці пост бязь яек і малака, а таксама распавяду пра вельмі добрую альтэрнатыўную крыніцу бялку. Гэты матэрыял таксама будзе цікавы тым, хто па розных прычынах не ўжывае яйкі і малако, але ня хоча адмаўляць сабе ў выпечцы, амлетах і малочнай кашы.

Чым замяніць яйкі?

Ільняное семя

Молатае льняное семя (так званы льняны жмых) — самы танны замяняльнік яек. Каб замяніць адно яйка, заліце адну сталовую лыжку льнянога семя 2 сталовымі лыжкамі вады і дайце пастаяць хаця б 15 хвілін, пакуль жмых цалкам ня ўмокча ў сябе ваду. Гэтае «яйка» ідэальна падыходзіць для выпечкі, а таксама для вэгэтарыянскіх катлет.

Зерне чыа

Зерне чыа таксама выдатна замяняе яйкі. Прынцып ўжываньня — такі ж, як і зь ільняным жмыхам, толькі вады трэба дадаць троху больш. Заліце адну сталовую лыжку чыа трыма сталовымі лыжкамі вады, дайце пастаяць прыкладна 30 хвілін. Гэтыя «яйкі» выдатна падыходзяць для выпечкі (кексы, хлеб) і блінцоў.

Мука з гароху нут Тры сталовыя лыжкі нутавай мукі, разьведзеныя ў роўнай колькасьці вады, заменяць адно яйка. Нутавае «яйка» можна выкарыстоўваць як у выпечцы, так і ў прыгатаваньні вэганскіх «амлетаў». Калі дадаць у сумесь з нутавай мукі і вады шчопаць куркумы, то «амлет» і па колеры будзе нагадваць традыцыйны жоўты.

Тофу

Тофу ідэальна падыходзіць для прыгатаваньні вэганскіх «амлетаў» і яечні. Шаўковы тофу больш падыходзіць для яечні, мяккі тофу — для амлетаў. Для падрыхтоўкі яечні з тофу проста разамніце яго відэльцам, дадайце троху солі і куркумы і абсмажце на сярэднім агні на працягу некалькіх хвілін абсалютна такім жа чынам, як вы смажыце сапраўдную яечню.

Чвэрць мернага кубку здробненага (у блэндэры або пры дапамозе міксэра) мяккага тофу заменіць 1 яйка ў выпечцы, у якой па рэцэптуры выкарыстоўваецца шмат яек і дзе важная пышнасьць і мяккасьць цеста, напрыклад, у кексах і пірагах.

Тофу найбольш блізкі да яйка і па сваім пажыўным складзе. У прыватнасьці, 1/4 мернага кубку мяккага тофу ўтрымлівае столькі ж бялку, колькі і адно яйка.

Робім самі расьліннае малако

Прыгатаваць расьліннае малако ў хатніх умовах вельмі проста і хутка. Для гэтага неабходны блендэр.

Інструкцыі:

• Замачыце арэхі / семкі ў вялікай колькасьці вады (ня ў колькасьці паказанай у табліцы) на паказаны час.

• Зьліце ваду. Зьмясьціце арэхі / семкі ў блэндэр, дадайце названую ў табліцы колькасьць вады.

• Узьбівайце ў блэндэры на працягу 5 хвілін на высокай хуткасьці.

• Працадзіце праз дробнае сіта.

• Захоўвайце малако ў шчыльна закрытай шкляной ёмістасьці 2 дні.

• Карысная парада: не выкідвайце мякаць, выкарыстоўвайце яе для здаровага печыва, расьлінных «катлет» ці дадайце яе ў кашу на сьняданак.

Прадукт*КолькасьцьЧас замочваньняКолькасьць вады**
Міндаль1/4 кубкі6 гадзін1/4 кубкі
Арэхі кешу1/4 кубкі2 гадзіны1/4 кубкі
Фундук1/4 кубкі6 гадзін1/4 кубкі
Гарбузовыя семкі1/4 кубкі4 гадзіны1/2 кубкі
Сланечнікавыя семкі1/4 кубкі4 гадзіны1/2 кубкі
Кунжутныя семкі1/4 кубкі1 гадзіна1 кубак

* Калі вы хочаце, каб ваша малако мела салодкі смак, дадайце некалькі сушаных фінікаў або курагі бяз костак ці падсаладзіце стэвіяй.

** Калі вам больш падабаецца менш канцэнтраваны густ, дадайце больш вады.

Выдатная крыніца бялку

Падчас паста рэгулярна спажывайце ... сачавіцу! Фасоля і сачавіца — цудоўныя крыніцы бялку. Сачавіца, асабліва некаторыя яе гатункі (у прыватнасьці, жоўтая, чырвоная і гатунак «бялуга») лягчэй і хутчэй ў гатаваньні, чым фасоля. Гэтыя тры гатункі замочваць ня трэба, і варацца яны ўсяго 20-30 хвілін. Сачавіца, як правіла, лягчэй стравуецца, чым іншыя бабовыя (менш газаў і дыскамфорту). На 100 грамаў сухога прадукту сачавіца, у сярэднім, утрымлівае ажно 25 грамаў бялку. Гэта параўнальна з колькасьцю бялку, напрыклад, у рыбе. Так, 100 грамаў ласося ўтрымліваюць 22 грама бялку, а 100 грамаў траскі — 18 грамаў бялку.

Акрамя бялку, сачавіца ўтрымлівае і дзіўна вялікую колькасьць некаторых вітамінаў і мінэралаў. Так, 100 грамаў (сухой) чырвонай сачавіцы ўтрымліваюць аж 70% сутачнай нормы антыаксыданту марганца, 65% сутачнай нормы антыаксыданту медзі, 40% сутачнай нормы жалеза, 30% фосфару, 25% цынку, 50% фоліевай кіслаты, 30% вітаміну В1, 20% вітаміну В6.

Прымяненьне сачавіцы ў кулінарыі шырокае. На аснове сачавіцы можна гатаваць тушаныя стравы, супы, катлеткі, яе можна дадаваць у салаты і пасту.

Для лепшага засваеньня сачавіцы і для збавеньня ад фіцінавай кіслаты (гэтая кіслата перашкаджае аптымальнаму засваеньню цынку і жалеза) рэкамэндую вам сачавіцу перад падрыхтоўкай на некалькі гадзін замачыць у вадзе. У ваду можна дадаць нешта кіслае, напрыклад лімон ці воцат. Перад гатоўкай сачавіцу трэба вельмі старанна прамыць пад праточнай вадой, пакуль вада з пад сачавіцы ня стане празрыстай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG