Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія актывісты заявілі, што іх асудзілі па пратаколах з фальшаванымі фактамі


Віктар Сазонаў
Віктар Сазонаў

Гарадзенскія актывісты Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі аштрафаваныя Сьвіслацкім раённым судом на 1 мільён 800 тысяч рублёў кожны за ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году.

Першай разглядалася справа ў дачыненьні да Віктара Сазонава. Ён патлумачыў суду, што сапраўды быў у Сьвіслачы падчас ушанаваньня паўстанцаў Каліноўскага. Сказаў, што на акцыю спазьніўся і прысутнічаў толькі пры ўскладаньні кветак да помніка Каліноўскаму і Траўгуту і ня змог паехаць у Якушоўку на сядзібу Каліноўскіх.

Не адмаўляў, што трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг, і адразу заявіў, што не прызнае сябе вінаватым.

Аднак двое сьведак-міліцыянтаў, даючы паказаньні, засьведчылі, што Сазонаў прысутнічаў і ў Якушоўцы — сядзібе Каліноўскіх у Сьвіслацкім раёне. Адзін зь іх нават пераконваў, што ня бачыў яго ў Сьвіслачы, а, маўляў, у Якушоўцы ён быў дакладна. Трэці міліцыянт, які складаў на Сазонава пратакол, прызнаўся судзьдзі, што ў Якушоўцы ня быў, а пратакол складаў на падставе апытаньня супрацоўнікаў міліцыі і відэастужкі.

Сазонаў нават адмовіўся задаваць пытаньні трэцяму сьведку, спаслаўшыся на тое, што той сфальшаваў пратакол.

Пасьля прагляду відэа высьветлілася, што Сазонава ў Якушоўцы не было. Але гэта не паўплывала на рашэньне судзьдзі — 10 базавых велічынь штрафу, альбо 1 мільён 800 тысяч рублёў, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Пасьля прысуду Віктар Сазонаў заявіў Свабодзе, што не прызнае сябе вінаватым. Ён лічыць, што міліцыянты на загад зьверху панапісвалі пратаколы з фальшывымі фактамі і не пабаяліся з гэтым ісьці ў суд.

— Думаю, што яны напісалі гэта так неахайна таму, што самі ня бачаць у нашых дзеяньнях ніякіх парушэньняў. Яны зрабілі гэта фармальна, зыходзячы з таго, што быў загад асудзіць канкрэтных людзей, каб на наступны год баяліся прыяжджаць.

Эдвард Дзьмухоўскі
Эдвард Дзьмухоўскі

Супраць Эдварда Дзьмухоўскага сьведчылі тыя самыя міліцыянты. У складзеным на яго пратаколе было таксама запісана, што ён быў у Якушоўцы, і гэты факт пасьля прагляду відэастужкі таксама не пацьвердзіўся. Сам Дзьмухоўскі пракамэнтаваў гэта наступным чынам:

— У судзе было даказана, што пратакол, які складзены супраць мяне, несапраўдны. Але гэта не перашкодзіла судзьдзі праводзіць працэс, браць сьведчаньні ў міліцыянтаў, хоць іх сьведчаньні заведама былі непраўдзівыя, і гэта не перашкодзіла судзьдзі яшчэ мяне і аштрафаваць.

На судовым працэсе Дзьмухоўскі зьвярнуў увагу сьведак-міліцыянтаў, што яны паўсюль падкрэсьліваюць, што ён быў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Дзьмухоўскі задаў пытаньне — ці бел-чырвона-белы сьцяг забаронены? І папрасіў, каб яны спаслаліся на нейкі нарматыўны дакумэнт, паводле якога забаронена ўжываць гэты сьцяг.

— Ні міліцыянты, ні судзьдзя мне адказу на гэта не далі, хоць самае галоўнае парушэньне было тое, што я трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг і стаяў каля помнікаў Каліноўскаму і Траўгуту. Судзьдзя сказала, што маё пытаньне пра сьцяг не датычыць справы, якая разглядаецца, а потым сама, задаючы пытаньне міліцыянту, сьцьвердзіла, што гэта забароненая сымболіка.

Андрэй Коця
Андрэй Коця

На судовым паседжаньні прысутнічаў юрыст праваабарончай арганізацыі «Вясна» Андрэй Коця. Ён таксама зьвярнуў увагу, што суд ня даў належнай ацэнкі фальшывым фактам у пратаколе і пры гэтым не накіраваў пратакол на дапрацоўку.

— Сыстэма адладжана працуе, і міліцыянты на судах пацьвярджаюць тое, чаго не было насамрэч, хоць за некалькі хвілін да таго расьпісаліся, што панясуць адказнасьць за ілжывыя паказаньні. Але відаць, што яны нічога не баяцца, ніякай адказнасьці, і ўсё гэта ім сыходзіць з рук. А судзьдзя, у сваю чаргу, таксама не бярэ пад увагу таго, што факты яўна ілжывыя.

31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага. Сьвіслацкія ўлады палічылі мерапрыемства несанкцыянаванай акцыяй.

19 лістапада за ўдзел у акцыі быў аштрафаваны на чатыры з паловай мільёны рублёў сьвіслацкі актывіст Юры Глебік. Вядома, што пратаколы складзеныя на Уладзімера Хільмановіча, Віталя Гуляка і Вітольда Ашурка. Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG