Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельніка студэнцкага пратэсту выклікалі на камісію па пропусках


Глеб Вайкуль (у цэнтры) на акцыі пратэсту студэнтаў 2 сьнежня

Глеб Вайкуль (у цэнтры) на акцыі пратэсту студэнтаў 2 сьнежня

Студэнта другога курсу філфаку БДУ Глеба Вайкуля выклікалі 3 сьнежня на камісію па пропусках.

Ён распавёў карэспандэнту Свабоды, што пра выклік на камісію ўчора паведаміла стараста групы. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі адміністрацыі.

«Я спадзяюся на лепшае. Я прыйшоў зь юрыстам, які будзе спрабаваць адстойваць мае правы. Наша асноўная задача, каб у мяне не было першай вымовы. Бо другую я магу атрымаць за любое спазьненьне на пару. Аднак усё можа быць палітызавана, і, у прынцыпе, яно так і ёсьць пасьля ўчорашняга маршу. Усё было добра, а тут раптам яны вырашылі зрабіць такую камісію. У мяне былі пропускі чатыры тыдні таму, але я даўно напісаў па іх тлумачальную. Таму мяне цікавіць, чаму раптам яны мяне выклікалі. Я магу гэта тлумачыць толькі ўдзелам ва ўчорашнім маршы», — сказаў Глеб Вайкуль.

Паводле Глеба, сёньня ён прасіў старшыню прафкаму БДУ, каб яна прыйшла на камісію дзеля абароны яго правоў, але яна адмовілася.

«Да маршу з боку адміністрацыі былі запужваньні студэнтаў адлічэньнем. Яны знойдуць магчымасьць прычапіцца да кожнага. Мяне выклікала намесьніца дэкана па навучальнай працы, размаўляла са мной, каб я не хадзіў на марш. Выклікалі іншых студэнтаў. І ў інтэрнатах БДУ былі свае камісіі, дзе пужалі адлічэньнем».

2 сьнежня студэнты ў Менску правялі марш «За каханьне і салідарнасьць» супраць увядзеньня платы за пераздачы залікаў і іспытаў.

У сацсетках пачалася кампанія салідарнасьці ў абарону ўдзельнікаў акцыі — «Рукі прэч ад актывістаў!». Ініцыятары прапануюць патэлефанаваць у дэканат філфаку і заявіць «пра недапушчальнасьць ціску на студэнтаў за актыўную грамадзянскую пазыцыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG