Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы не сьпяшаюцца забіраць свае грошы з банкаўскіх дэпазытаў.

За тры тыдні, якія прайшлі пасьля таго, як пачаў дзейнічаць дэкрэт прэзыдэнта Беларусі «Аб прыцягненьні грашовых сродкаў у дэпазыты», жыхары Беларусі зьнялі са сваіх банкаўскіх рахункаў зусім невялікія сумы грошай.

Пра гэта заявіў, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Тарас Надольны.

За гэты час з валютных рахункаў зьнята 60 мільёнаў даляраў, пры тым, што ўсяго насельніцтва трымае ў банках 8 мільярдаў. Што тычыцца беларускіх рублёў, то за тры тыдні з рахункаў зьнялі 1 трыльён рублёў, у той час як спэцыялісты чакалі адтоку прыкладна на 3 трыльёны.

Тарас Надольны патлумачыў, чаму насельніцтва прываблівае магчымасьць укласьці грошы менавіта на кароткі тэрмін: паводле банкіра, гэта робіцца без усялякай рызыкі.

Тарас Надольны

Тарас Надольны

«Людзі клалі грошы і праз кароткі час іх здымалі. Такім чынам мы выкрылі, — адзначыў Надольны, — цэлы пласт насельніцтва, які спэкуляваў на кароткіх укладах. І ўрэшце людзі больш глядзелі на тэрмін разьмяшчэньня грошай, чым на канкрэтныя стаўкі».

Згодна з дэкрэтам, сказаў Надольны, цяпер робіцца ўсё для таго, каб уклады тэрмінам болей за год прыносілі людзям больш прыбытку, чым кароткатэрміновыя. Паводле разьлікаў банкіраў, класьці на доўгі тэрмін будзе выгадней прыкладна на 7–8 %, чым калі людзі кладуць на кароткі тэрмін. Арытмэтыку перавагі Тарас Надольны сфармуляваў так: кароткія ўклады будзе рэкамэндавана браць пад 25–26% гадавых, да таго ж з прыбытку будзе вылічвацца падаходны падатак, а доўгатэрміновыя ўклады рэкамэндавана браць пад 30%, і зь іх падаходны падатак брацца ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG