Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4000 сьнегавікоў на дапамогу хвораму Андрэйку


Андрэй Семіліт

Андрэй Семіліт

Хворага ўкраінскага хлопчыка, які лекуецца ў Гомелі і вырабляе цацачных сьнегавічкоў, падтрымала шмат людзей.

2 сьнежня ўкраінскі хлопчык Андрэй Семіліт з гораду Чаркасы вярнуўся ў Гомель з маці на лекаваньне ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека.

У Андрэя цяжкае захворваньне — рак крыві. У Гомелі ў навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны ён праходзіць курс хіміятэрапіі.

Каб сабраць грошы на лекаваньне, маці з сынам сталі вырабляць мяккія цацкі — прывабных сьнегавічкоў. Кошт аднаго — 50 грывень, альбо каля 2 даляраў.Такая ініцыятыва выклікала водгук у неабыякавых людзей па ўсім сьвеце. Замовы на сьнегавічкоў праз інтэрнэт і SMS-паведамленьні сталі паступаць Андрэю і ягонай маці зь Нямеччыны, Ізраіля, Іспаніі, Турэччыны, Расеі.

Андрэй з маці

Андрэй з маці

Некаторыя беларускія незалежныя СМІ, як, напрыклад, інтэрнэт-партал TUT.BY, абвясьцілі, што дапамогуць Андрэю ў выкананьні замоваў.

«Андрэй пакуль ня можа вырабляць сьнегавічкоў, цяпер ён проста лекуецца, бо ў яго ўпаў узровень лейкацытаў у крыві», — паведаміла карэспандэнту Свабоды Андрэева маці Алена Семіліт.

7 сьнежня ў Андрэйкі дзень народзінаў, яму споўніцца чатыры гады. Гэта першае дзіця ў маладой украінскай пары Антона і Алены Семілітаў.

Дыягназ «востры лімфабластны лейкоз» (рак крыві) іхняму сыну ўкраінскія лекары паставілі мінулым летам. Да гэтага Андрэй хварэў на атыт, бацькі вазілі яго па шпіталях. У хлопчыка запаліліся лімфавузлы. І ўрэшце — страшны дыягназ.

Антон Семіліт апавёў, што яны з жонкаю разглядалі два варыянты лекаваньня сына — у Нямеччыне, дзе гэта каштавала б прыкладна 115 тысяч эўра, і ў беларускім Гомелі, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. Абралі Гомель, дзе лекаваньне таньнейшае і аплачваць яго можна па частках.

Пра ініцыятыву дапамогі Андрэйкі Свабодзе распавяла рэдактарка TUT.BY Алёна Шарамет-Андрэева, якая каардынуе майстар-кляс:

«Гэтая ініцыятыва паходзіла з рэдакцыі TUT.BY. Пасьля навіны пра хлопчыка замоваў паступіла столькі, што ён зь імі ня зможа справіцца нават у бліжэйшы год — самым відавочным крокам па аказаньні дапамогі было дапамагчы малому выканаць ягоныя абяцаньні, адаслаць сьнегавіка тым, хто ахвяраваў грошы на яго лячэньне. Таму я запыталася: калегі, давайце мо арганізуем майстар-кляс, бо ёсьць Галерэя, ёсьць плошча, дзе можна разьмясьціць людзей.

Шукалі ахвотных дапамагчы хто чым можа. Такім чынам зьбіраем матэрыялы для вырабу сьнегавікоў, маем дзясяткі прапановаў ад дзіцячых цэнтраў і аніматараў, якія могуць займацца зь дзеткамі, каторыя прыйдуць разам з бацькамі. Дапамога будзе патрэбная ў банальным нашэньні мэблі, расстаноўцы яе ў Галерэі, ёсьць людзі, гатовыя яе аказаць. На прапанову пачалі адгукацца людзі, якія пабачылі актыўнасьць у сацыяльных сетках, водгук і рэзананс, ужо прапануюць свае плошчы, каб усіх ахвотных разьмясьціць, каб людзі маглі сабрацца талакой і дапамагчы малому.

Наша мэта была ў тым, каб, па-першае, даць знак, сыгнал хлопчыку і ягоным бацькам, што яны не самотныя, што яны вельмі крута прыдумалі — зьбіраць грошы такім чынам. Другая мэта, якую перасьледую я як мама, — я хачу паказаць свайму дзіцяці, што трэба дбаць, клапаціцца ня толькі пра сябе і пра сям’ю, але і пра абсалютна чужых людзей, якім патрэбная дапамога. У нашым мітусьлівым сёньняшнім рытме бракуе часу на дзяцей, на тое, каб зь імі займацца чымсьці — а тут мы робім добрую справу і такім чынам даем прыклад дзецям».

XS
SM
MD
LG