Парыж зноў узначаліў сьпіс найлепшых студэнцкіх гарадоў рэйтынгу кампаніі QS (Quacquarelli Symonds — Best Student Cities 2016). На другім месцы — Мэльбурн, на трэцім — Токіё.
Топ-10 найлепшых студэнцкіх гарадоў сьвету паводле рэйтынгу Best Student Cities 2016:
1. Парыж
2. Мэльбурн
3. Токіё
4. Сыднэй
5. Лёндан
6.Сінгапур
7. Манрэаль
8. Ганконг
9. Бэрлін
10. Сеул
Кампанія QS правяла аўдыт 122 гарадоў, у якіх пражываюць як мінімум 250 000 жыхароў і дзе знаходзяцца прынамсі два унівэрсытэты, якія фігуруюць у QS World University Rankings.
«Я рады, што Парыж лідэруе ў рэйтынгу студэнцкіх гарадоў чацьверты год запар. Пасьля страшных тэрактаў Парыж як ніколі настроены абараняць уласьцівыя гораду каштоўнасьці, такія як салідарнасьць, свабода і крэатыўнасьць. Не існуе больш надзейнай абароны супраць барбарства, паколькі веданьне грунтуецца на прынцыпе адкрытасьці да іншых: sapere aude!» — сказаў Т’еры Кулён, прэзыдэнт Парыскага дасьледчага ўнівэрсытэту (Paris Sciences et Lettres).
Рэйтынг найлепшых студэнцкіх гарадоў QS Best Student Cities дазваляе студэнтам і іх бацькам параўнаць перавагі патэнцыйных гарадоў для навучаньня. Рэйтынг заснаваны на чатырнаццаці паказьніках, якія ўключаюць пяць катэгорый з аднолькавай вагой ацэнкі. Рэйтынг асабліва карысны для міжнародна мабільных студэнтаў. У наступных выпусках рэйтынгу кампанія QS плянуе пашырыць колькасьць паказьнікаў, каб больш дэталёва прадставіць магчымасьці студэнцкіх гарадоў ва ўсім сьвеце.