Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся новы законапраект у падтрымку званьня Героя Ўкраіны для Жызьнеўскага


Раней Міхаіл Жызьнеўскі быў уганараваны пасьмяротным ордэнам "Герояў Нябеснай Сотні"

Раней Міхаіл Жызьнеўскі быў уганараваны пасьмяротным ордэнам "Герояў Нябеснай Сотні"

Іншаземцам і асобам без грамадзянства трэба дазволіць прысваеньне званьня Героя Ўкраіны. Такі законапраект зарэгістраваў у парлямэнце Ўкраіны народны дэпутат Юры Шухевіч з фракцыі Радыкальнай партыі.

Раней дзевяць дэпутатаў Вярхоўнай Рады, сярод якіх два віцэ-сьпікеры і лідэры фракцыяў большасьці, выступілі з ініцыятывай аб прысваеньні званьня Героя Ўкраіны Міхаілу Жызнеўскаму — грамадзяніну Беларусі, які загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці. Экспэрты адзначаюць, што за 17 гадоў, з моманту ўвядзеньня, правілы прысваеньня адной з самых высокіх украінскіх узнагародаў ня раз зьмяняліся.

Паводле статуту, «званьне „Герой Украіны“ прысвойваецца грамадзянам Украіны за зьдзяйсьненьне выбітнага геройскага ўчынку або выбітных працоўных дасягненьняў».

Дэпутат Вярхоўнай Рады Юры Шухевіч, які сам атрымаў званьне Героя Ўкраіны ў 2006 годзе, распавёў Радыё Свабода, што ў законапраекце, які паступіў у парлямэнт, сказана, каб «прэзыдэнт прысвоіў гэтае званьне насуперак закону, які дае такое званьне толькі грамадзянам Украіны», таму ён прапануе зьмяніць адпаведны артыкул закону «Аб дзяржаўных узнагародах».

Па словах Юрыя Шухевіча, законапраект павінен урэгуляваць ня толькі сытуацыю з прысваеньнем званьня Героя Ўкраіны Міхаілу Жызнеўскаму і двум грамадзянам Грузіі, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці. Ён тычыцца і суайчыньнікаў, якія фармальна ня мелі ўкраінскага грамадзянства, таму што нарадзіліся і пайшлі з жыцьця да сьнежня 1991 году.

Усяго званьне Героя Ўкраіны атрымалі 417 чалавек.

XS
SM
MD
LG