Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Палаце прадстаўнікоў загаварылі па-беларуску


Пасяджэньне палаты прадстаўнікоў, архіўнае фота

Пасяджэньне палаты прадстаўнікоў, архіўнае фота

Беларускамоўная дыскусія ў Палаце прадстаўнікоў адбылася пры абмеркаваньні праекту Кодэксу аб культуры. З удзелам першага намесьніка Міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыгі.

Свой выступ перад дэпутатамі першы намесьнік міністра культуры зрабіла на беларускай мове, на ёй задавалі пытаньні і з паўтара дзясятка дэпутатаў, толькі Валянціна Лявоненка гаварыла на расейскай. Пры гэтым было бачна, што ў бальшыні дэпутатаў беларуская мова добрая і выступаць па-беларуску ім нескладана. Такім чынам, высьветлілася, што многія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў добра валодаюць роднай мовай, хоць карыстаюцца ёй рэдка.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віктар Фесак сказаў Свабодзе, што для таго, каб родная мова часьцей гучала паўсюдна, у тым ліку і ў Авальнай залі, трэба прытрымлівацца аднаго абавязковага правіла:

«Неабходна проста гаварыць на беларускай мове. І больш нічога не патрэбна. Я карыстаюся беларускай мовай. Калі хтосьці са мной пачынае гаварыць па-беларуску, я абавязкова адказваю яму таксама на роднай мове. І дзе можна ініцыяваць размову па-беларуску, я заўжды гэта раблю».

Натальля Кучынская — намесьніца старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы кажа, што ў сьценах Палаты прадстаўнікоў можна пачуць абедзьве дзяржаўныя мовы:

«Мая асабістая пазыцыя такая — павінна гучаць тая мова, на якой чалавек думае, на якой яму цяпер зручна размаўляць. Я за тое, каб беларуская мова разь-ві-ва-ла-ся».

Што да зьместу выступу Ірыны Дрыгі, то яна заявіла, што

ўхваленьне працы сілавых структур Беларусі праз мастацкі фільм можа стаць тэмай для стварэньня нацыянальнага фільму.

На пытаньне дэпутата Тамары Красоўскай, хто вырашае пытаньне аб наданьні фільму статусу нацыянальнага, Ірына Дрыга адказала, што такое рашэньне прымае спэцыяльная камісія пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, а такі тытул гарантуе 100% фінансавую падтрымку дзяржавы, каб зьняць фільм. У якасьці сюжэтаў Ірына Дрыга назвала нацыянальную гісторыю, важныя праблемы сучаснасьці, найперш патрыятычнае выхаваньне, і працу сілавых ведамстваў, якія пажадана паказваць у прывабным пляне, а ня так, як гэта рабілася да нядаўняга часу ў Расеі.

Намесьнік міністра культуры сказала, што пасьпяховым лічыцца той беларускі фільм, які за тры гады паглядзелі ня меней за 80 тысяч чалавек. Што тычыцца фільму «Мы браты», які мае статус нацыянальнага і атрымаў неадназначную ацэнку ў гледачоў, то, паводле Ірыны Дрыгі, яго паглядзелі ўжо 36 тысяч чалавек.

У праекце Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры ёсьць шмат навацыяў. У прыватнасьці, афіцыйна ўводзяцца паняцьці спонсара і мецэната культуры. Статус спонсараў будуць атрымліваць юрыдычныя асобы, а статус мэцэнатаў культуры — фізычныя асобы.

Зьмены закрануць і тое пытаньне, як і каму надаваць статус творчага работніка. Цяпер сытуацыя дваістая: людзям, якія ўваходзяць у пэўны творчы саюз, яго надае гэты саюз, а людзі, якія ў такія арганізацыі не ўваходзяць, але займаюцца творчай дзейнасьцю, напрыклад, малююць, выстаўляюць свае карціны, такога статусу ня маюць. Дагэтуль такі статус надавала экспэртная камісія пры Міністэрстве культуры. Цяпер гэтая камісія ліквідаваная, а

статус творчага работніка будуць прысвойваць адпаведныя творчыя саюзы. Гэта асабліва актуальна, паколькі пры ўступленьні ў сілу прэзыдэнцкага дэкрэту «аб дармаедзтве» трэба будзе вызначаць, ці прафэсіянальна чалавек займаецца творчасьцю, ці гэта для яго толькі хобі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG