Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тысяча год веры ў цудадзейнасьць багіні Мажаны, — падарожжа ў паганскую магію беларусаў


Дахрысьціянская абрадавая мясьціна захавалася ў Бялыніцкім раёне, што на Магілёўшчыне. У яе энэргетычную моц людзі вераць да сёньня, прыносячы сюды свае просьбы і ахвяраваньні.

За трыццаць кілямэтраў ад райцэнтру Бялынічы паблізу вёскі Заазер’е малады сасоньнік схаваў таямнічую мясьціну зь вялікім крыжам і раскіданымі камянямі. Знаўцы старадаўняй культуры лічаць, што гэта ляншафтна-абрадавы комплекс, прысьвечаны багіні Маране-Мажане. Яму тысяча гадоў. У цудадзейнасьць мясьціны некаторыя вераць і сёньня. Тут пакідаюць абярэгі, прыносяць ахвяры, просяць дапамогі і знаходзяць супакой у цішы.

Пры лясной грунтовай дарозе ля вялікага каменнага крыжа пакладзена некалькі яблык і букет штучных кветак.

На бліжэйшым дрэве павязаная чырвоная нітка, а крыху наводдаль — чырвоная стужка. Непадалёк ад крыжа — агарак сьвечкі. Навокал ні душы і цішыня.

Дрэва перахопленае чырвонай стужкай – абярэгам

Дрэва перахопленае чырвонай стужкай – абярэгам

За крыжам — заімшэлыя камяні рознай формы і памераў. Здаецца, што яны параскіданыя без аніякага ладу. На некаторых высечаныя крыжы і незразумелыя сымбалі. Каб убачыць іх, трэба ўгледзецца.

На некаторых камянях высечаныя крыжы

На некаторых камянях высечаныя крыжы

Пляцоўка густа парасла чарнічнікам. Пад нагамі храбусьціць сучча. Нямала буралому. Ля аднаго з камянёў яміна. Наколькі яна глыбокая, вызначыць цяжка. Дно яміны прысыпанае апалай лістотай і суччам.

Ля аднаго з камянёў — яміна. Дно прысыпанае апалай лістотай і суччам

Ля аднаго з камянёў — яміна. Дно прысыпанае апалай лістотай і суччам

Калі пераходзіш ад каменя да каменя, не пакідае невытлумачальнае адчуваньне, нібы дакранаесься да нечага незвычайнага. Мясьціна не адпускае.

Да бліжэйшай вёскі Заазер’е — ня больш за тры кілямэтры. На ўскрайку лесу высякаюць дрэвы. Заазерскія старыя хаты суседнічаюць з дыхтоўнымі дачнымі катэджамі. Вуліцы бязьлюдныя.

Вёска Заазер'е

Вёска Заазер'е

Маладзейшыя вяскоўцы на пытаньне пра таямнічую лясную мясьціну з крыжам адказваюць каротка:

«Нічога пра яе ня ведаем. Пагаварыце са старымі».

Старажылаў у вёсцы засталося няшмат. Тыя, з кім удалося пагаварыць, казалі: пра таямнічую мясьціну ў сасоньніку амаль нічога і ня ведаем. У аповедах тутэйшыя яе называюць могілкамі.

«Паверце, і ў маёй маладосьці, а гэта было больш як пяцьдзясят гадоў таму, пра гэтыя могілкі асабліва ніхто нічога не казаў. Мы туды хадзілі ў суніцы. Быў там сунічны барок. Мясьціна тая не была такая зарослая, як цяпер», — апавядае адна з жыхарак Заазер’я.

Бязьлюдныя вуліцы Заазер’я

Бязьлюдныя вуліцы Заазер’я

«Цяпер шмат прыяжджаюць ды пытаюць, што гэта за месца, — працягвае вяскоўка. — На нашы цяперашнія могілкі ня едуць, а вось туды, дык часта наведваюцца. Цяпер ужо і краязнаўцы прыяжджаюць, а нашы людзі жылі побач і не цікавіліся. Вось цяпер я думаю, чаму маці не распытала. Яна пражыла 94 гады. Мо што і прыгадала б».

У Заазер’і параілі завітаць у недалёкую вёску Эсьмоны да краязнаўцы Тацяны Шастак. Запэўнілі: яна ведае пра лясную мясьціну з крыжам.

Руплівіца мясцовай гісторыі назвала тры вэрсіі паходжаньня таямнічага месца. Паводле адной — сасоньнік хавае старадаўнія вясковыя клады. Паводле другой — гэта пахаваньне французаў, якія загінулі ў далёкім 1812 годзе ў сутычцы з расейскімі войскамі. А пад крыжам нібыта пахаваны францускі генэрал.

«Мая ж асабістая вэрсія, і я яе трымаюся і ўсім кажу пра яе, — гэта старажытнае паганскае капішча. Месца пакланеньня дахрысьціянскім багам. Калі ўгледзецца ў крыж, то бачна: ён некалькі разоў апрацоўваўся. Першапачаткова ён ня быў крыжам. Гэта быў каменны акруглы слуп-ідал. А абапал яго — меншыя камяні, на іх розныя значкі высечаныя», — кажа Тацяна Шастак.

У пацьверджаньне свае вэрсіі суразмоўніца згадала пра адзін з камянёў, на якім высечаны чалавек з лукам і стрэламі.

Камень, на якім высечаны чалавек з лукам і стрэламі

Камень, на якім высечаны чалавек з лукам і стрэламі

«Гэты знак кажа, што месца — не славянскі могільнік і не францускі. Навошта на могілках такія значкі? Камяні, якія паабапал цяперашняга крыжа, ня проста так раскіданыя. Калі прыгледзецца, дык можна ўбачыць пэўную сымэтрыю. Акрамя таго, ёсьць іншыя адбіткі на камянях. Напрыклад — ёсьць адбітак сьледавіка».

На думку некаторых краязнаўцаў, кажа Тацяна Шастак, заазерскае капішча прысьвечана славянскай багіні Мажане — ахоўніцы сьвету памерлых.

«Мясцовыя жыхары не староняцца гэтай мясьціны, — кажа краязнаўца. — Іншым разам, калі ідзем міма яго, то бачым і цукеркі кінутыя, і хвартукі павязаныя. Чырвонымі ніткамі дубкі перахопленыя.

«Тыя, хто прыяжджае туды, непакояцца: калі будзе раскрытая таямніца гэтай мясьціны, дык яна страціць сваю загадкавасьць. Таму сакрэт, які нам застаўся ад продкаў, няхай застанецца сакрэтам. Такая існуе думка», — заключае Тацяна Шастак.

За вялікім крыжам — заімшэлыя камяні рознай формы і памераў. Здаецца, яны раскіданыя без аніякага ладу

За вялікім крыжам — заімшэлыя камяні рознай формы і памераў. Здаецца, яны раскіданыя без аніякага ладу

Этнограф Янка Крук называе заазерскае капішча ляндшафтна-абрадавым комплексам. Паводле адмыслоўцы, такі комплекс — адзіны ў Беларусі. Ён прысьвечаны багіні Маране, кажа дасьледчык, якая выступае апякункай усіх жанчын. Мажана, працягвае ён, — дыялектнае імя багіні.

Комплексу тысяча гадоў, лічыць этнограф. У ім адбываліся магічныя абрады. У комплексе тры колы камянёў. Кожны адводзіўся пэўнай катэгорыі жанчын:

«У першым адбывалася пасьвячэньне дзяўчат у статус нявест — тых, хто мог ствараць шлюб і працягваць род. У другім коле зьбіраліся жанчыны дзетароднага ўзросту і вырашаліся праблемы сямейнага кшталту. У трэцім коле зьбіраліся тыя жанчыны, якія скончылі прадаўжэньне роду, і тыя, хто станавіўся бабкамі-павітухамі. І там, на чале з галоўнай знахаркай таго рэгіёну, карэктаваліся праблемы нейкіх родавых момантаў, міжродавых стасункаў. Напрыклад, чаму ў сям’і няма дзяцей. Таму гэты комплекс найцікавейшы».

Кожны камень нясе ў комплексе сваю функцыю. Аднолькавых няма

Кожны камень нясе ў комплексе сваю функцыю. Аднолькавых няма

Пахаваньняў на тэрыторыі комплексу няма, цьвердзіць Янка Крук. Гэтая мясьціна толькі для рытуалаў і ахвяраваньняў, кажа ён. Што да крыжа, то гэты сымбаль, паводле дасьледчыка, дахрысьціянскіх часоў.

Ляндшафтна-абрадавы комплекс, на думку Янкі Крука, нелягічна закрываць для наведваньняў.

«А чаму не дапусьціць, што сярод турыстаў ня будзе чалавека, які зацікаўлены ў вырашэньні праблемаў свайго лёсу?», — кажа дасьледчык.

На згадку журналіста пра яміну, выкапаную ля аднаго з камянёў, Янка Крук адказаў:

«Гэта зло ад нашай галоты, а не ад багацьця. Цяпер хлопцы купляюць пошукавую апаратуру і езьдзяць, каб знайсьці манэту, а за адну манэту можна атрымаць у Маскве да тысячы даляраў. Тое, што там пачынаюць капаць, — гэта дужа кепска. Патрэбныя калектыўныя намаганьні, каб знайсьці спосаб ахоўваць тую мясьціну. Аднак закрыць яе для наведваньняў — гэта найвялікшае глупства».

Словы этнографа пацьвярджаюцца тапанімікай: урочышча, у якім схавана капішча, завецца Мажанай. Непадалёк вёска з той жа назвай. Цячэ тут і рэчка Мажана.

Паводле Янкі Крука, міталагічная постаць Мараны шырока вядомая ў вусна-паэтычнай спадчыне славянскіх народаў. У каляндарных абрадах яна лічылася ўвасабленьнем паміраньня і ўваскрасеньня зямной плоднасьці. Праз сугучнасьць вымаўленьня ў беларускай традыцыі Марана-Мажана асацыюецца з антрапаморфнай багіняй сьмерці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG