Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Каліфорніі падчас страляніны забітыя 14 чалавек


Страляніна адбылася каля Цэнтру сацыяльнай дапамогі ў акрузе Сан-Бэрнардына на поўдні штату. Паліцыя спрабуе абясшкодзіць аднаго або некалькіх узброеных злачынцаў.

У Сан-Бэрнардына, на поўдні Каліфорніі ў ЗША, у выніку страляніны, адкрытай невядомымі, забітыя прынамсі 14 чалавек, 17 чалавек параненыя. Страляніна адбылася паблізу Цэнтру сацыяльнай дапамогі. Гэтую інфармацыю тэлеканалу Fox-TV пацьвердзіла паліцыя.

Мужчына, які адкрыў страляніну, уцёк зь месца злачынства на пазадарожніку чорнага колеру. Пра гэта паведаміла са спасылкай на відавочцаў тэлекампанія СNN. У стралка, па некаторых зьвестках, было двое саўдзельнікаў.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама пацьвердзіў у сераду тэлеканалу СBS, што інцыдэнтам са стралянінай у акрузе Сан-Бэрнардына займаецца Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў. Паведамляецца, што ў выніку нападу таксама параненыя больш за 20 чалавек.

Паводле адной з вэрсіяў, злачынства адбылося падчас вечарыны, арганізаванай для дзяржаўных службоўцаў акругі. Як паведамляе агенцтва Reuters, для мерапрыемства была арандаваная канфэрэнц-заля, разьмешчаная ў корпусе № 3. У Цэнтры сацыяльнай дапамогі ўтрымліваюцца пацыенты з адхіленьнямі ў разумовым разьвіцьці. Дэпартамэнт шэрыфа акругі пацьвердзіў, што ўзброены мужчына (або некалькі ўзброеных мужчын) дзейнічалі ў раёне вуліц Орандж Шоў Роўд і Ўотэрмэн Авэню.

Раён ачапіла паліцыя, рух транспарту перакрыты. Ня выключана, што будынак можа быць замінаваны. На месцы здарэньня працуюць сапёры. Сан-Бэрнардына — горад з насельніцтвам прыкладна 200 тысяч чалавек — разьмешчаны ў ста кілямэтрах на ўсход ад Лос-Анджэлеса.

Права на свабоднае нашэнне зброі грамадзянам ЗША гарантуе другая папраўка да Канстытуцыі. На ініцыятыву Абамы ў 2012-2013 гадах быў распрацаваны пакет законапраектаў, які ўключаў у сябе скарачэньне колькасьці крам зброі, забарону на ўжываньне штурмавой зброі, ўзмацненьне жорсткасьці кантролю за абаротам агнястрэльных сродкаў. Аднак Сэнат ЗША адмовіўся прыняць гэтыя папраўкі.

XS
SM
MD
LG