Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімкін: Украіна цалкам здольная абараніць сябе

  • Аляксандар Лукашук

У Брусэлі адбыўся саміт міністраў замежных спраў НАТО. Чарнагорыя атрымала запрашэньне ўвайсьці ў Паўночна-Атлянтычны альянс, што выклікала рэзкую рэакцыю Крамля.

На саміце быў акрэдытаваны дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

— Па-першае, сёньня дзень пачаўся зь віншаваньняў. Менавіта гэтым пачыналі выступы генэральны сакратар НАТО і дзяржсакратар ЗША. Самае важнае, што адбылося, з пункту гледжаньня Чарнагорыі, — афіцыйнае запрашэньне 29-й краіны ў сябры НАТО. Ужо рэакцыя на гэта — другасная справа. Ясна, што журналісты ўвесь час задавалі гэтае пытаньне: якія высновы робіце з рэзкіх выказваньняў Масквы? І адказам быў кожны раз напамінак пра базавыя прынцыпы НАТО, што гэта свабодны выбар любой краіны. Пашырэньне НАТО не накіравана супраць Расеі. У прынцыпе, Чарнагорыя знаходзіцца за сотні кілямэтраў ад Расеі, якія там пагрозы можна пабачыць — цяжка ўявіць. Але цікавае назіраньне: Чарнагорыя робіцца, здаецца, шостай славянскай краінай, якая ўваходзіць у НАТО. А вось у абарончым саюзе Расеі толькі адна славянская краіна — Беларусь.

— Гучаць камэнтары з Масквы, і там гэты факт, што Чарнагорыя далучаецца да НАТО, падаюць як факт акружэньня Расеі. Як НАТО цяпер вызначае стратэгічныя кірункі небясьпекі?

— НАТО вызначылася з двума асноўнымі кірункамі. Яны называюцца тут у Брусэлі — «Поўдзень» і «Усход». «Поўдзень» — маецца на ўвазе сытуацыя, якая разгортваецца на Блізкім Усходзе, перш за ўсё, з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай» на тэрыторыі Іраку, Сырыі, і цяпер яе дзеяньні зафіксаваныя і ў Лібіі і нават у Аўганістане, некаторых сярэднеазіяцкіх рэспубліках. Але галоўнае, канешне, гэта баявыя дзеяньні, якія адбываюцца на тэрыторыі Іраку і Сырыі.

А што тычыцца «Усходу», дык там галоўнае, пра што ідзе гаворка — абарона тэрытарыяльнай цэласнасьці краінаў НАТО і краінаў, зь якімі НАТО сябруе. Гаворка ідзе пра сытуацыю ва Ўкраіне — анэксію Крыму і агрэсіўныя дзеяньні, у якіх удзельнічаюць расейскія сілы ў той ці іншай форме на тэрыторыі Данбасу. І адказ на гэта НАТО, сярод іншага — гэта распрацоўка так званага «гібрыднага» адказу на «гібрыдную» вайну. У вайсковай дактрыне, відаць, будзе нашмат шырока сказана.

— Ці адзначылі вы нейкія новыя акцэнты адносна сытуацыі ва Ўкраіне? Ці ёсьць адчуваньне, што ўкраінскі канфлікт цяпер адсоўваецца крыху ў цень з-за больш прыкметных канфліктаў?

Расея і створаныя ёю праблемы не выпадаюць з полю зроку НАТО.

— Такое меркаваньне сапраўды можна было пачуць, і напэўна, на гэта і разьлічвалі некаторыя палітыкі на Ўсходзе — што гэта адбудзецца. Не, гэтага не адбываецца. І генэральны сакратар Столтэнбэрг, і дзяржсакратар ЗША Кэры, выступы якіх я слухаў і ўчора, і сёньня, гавораць, што існуе не адзін фокус, а два фокусы. Расея і створаныя ёю праблемы не выпадаюць з полю зроку НАТО. Гаворка нават ідзе пра так званы «погляд 360», калі ўжо нельга глядзець у адзін бок і забываць пра іншыя бясьпекі. Што тычыцца Ўкраіны, вось толькі што скончылася сустрэча з міністрам замежных спраў Украіны Паўлом Клімкіным, і цэлая сустрэча сёньня міністраў замежных спраў НАТО сёньня была прысьвечаная менавіта Ўкраіне, абмеркаваньню дапамогі. Украіне аказваюць і вайсковую, і гуманітарную дапамогу, але таксама — і дапамога ва ўмацаваньні абарончых здольнасьцяў, структурных, па самых розных накірунках. Украіна робіцца ўсё больш здольнай цалкам самастойна адстаяць свае інтарэсы, пра гэта заявіў сёньня Клімкін, адказваючы на маё пытаньне пра магчымую расейскую авіябазу ў Бабруйску. Ён сказаў, што гэта — справа паміж саюзьнікамі, але Украіна даказала, ён так лічыць, сваю здольнасьць абараніць сябе.

— Што можна сказаць пра нейкія практычныя наступствы гэтага саміту менавіта для Беларусі?

— Мае ўражаньні за гэтыя тры дні такія: галоўнае, што гучыць — НАТО, што б пра яго ня думалі жыхары Беларусі, гэта абарончы блёк. І сусьветная бясьпека ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі НАТО будзе моцнае і шырокае. Такая практыка, такі факт існаваньня сьвету ў апошнія 50 гадоў. І тое, што НАТО пашыраецца, а дарэчы, далейшае пашырэньне здаецца магчымым, палова сёньняшняй дэклярацыі была прысьвечаная магчымаму сяброўству Грузіі ў НАТО. У гэтым сэнсе якія заўгодна посьпехі ва ўмацаваньні НАТО ўмацоўваюць міжнародную бясьпеку. На сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў НАТО ва Ўэльсе летась было абяцана, што ўсе яны падымуць расходы на абарону да 2% ад валавага прадукту. І гэты намер сьведчыць, што дзяржавы ставяцца да сваіх абавязкаў гарантаваць стабільнасьць у сьвеце і бясьпеку для сваіх сяброў вельмі сур’ёзна і адказнаю. Наступная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў НАТО адбудзецца ў пачатку ліпеня наступнага году па суседзтву з Беларусьсю — у Варшаве.

XS
SM
MD
LG