Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У асноўным выступ нашай ляўрэаткі будзе супраць «русского мира», яго трэба паказаць па БТ, — Трусаў


Алег Трусаў

Алег Трусаў

ТБМ прапануе тэлебачаньню правесьці прамую трансьляцыю ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны просіць ажыцьцявіць на першым тэлеканале і на радыёканалах жывую трансьляцыю 10 сьнежня з пасяджэньня Нобэлеўскага камітэту, калі прэмія ў галіне літаратуры будзе ўручацца Сьвятлане Алексіевіч.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце ТБМ да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі.

У лісьце гаворыцца, што жывую трансьляцыю трэба правесьці, «улічваючы значнасьць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі».

Урачыстая цырымонія пройдзе 10 сьнежня ў Стакгольме.

Старшыня арганізацыі Алег Трусаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што імавернасьць такой трансьляцыі — пяцьдзясят на пяцьдзясят:

«Па-другое, трансьляцыя абавязкова будзе па Белсаце. Таму, каб не згубіць твар, ім абавязкова трэба зрабіць трансьляцыю. А калі яны ня згодныя, няхай потым спрачаюцца з Алексіевіч, выпускаюць Гігіна ці яшчэ каго, і няхай камэнтары кажуць. Прынамсі, тысячы людзей хочуць паглядзець і паглядзяць у інтэрнэце, на Белсаце, але ж не ўва ўсіх такая магчымасьць ёсьць.

Я лічу, што ўлада павінна крок за крокам рабіць да грамадзкай супольнасьці. І яна пачала рабіць: палітзьняволеных выпусьцілі, памянялі пасадку на штрафы, крыху паляпшаецца сытуацыя. Нават помнік Быкаву быццам бы зьбіраюцца паставіць. І гэтая трансьляцыя была б яшчэ маленькім крокам насустрач грамадзянскай супольнасьці. Бачна ж, што ў сьвеце робіцца. І нам трэба неяк „русскому миру“ супрацьстаяць. Я не сумняюся, што ў асноўным выступ нашай ляўрэаткі будзе супраць „русского мира“. Дык і нашым было б някепска гэты выступ скарыстаць. Я ня думаю, што яны так пішчаць і любяць той „русский мир“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG