Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці беларускіх чыноўнікаў і крымінал. Каго абвінавачвалі, судзілі ці проста падазравалі


Супэрдарагі гатэль у Грэцыі, дамы на беразе Жэнэўскага возера ў Швайцарыі, дабрачынныя канцэрты ў Расеі. А другі бок бляску і раскошы — іржавыя параходы на Іртышы, рэйдэрскі захоп салянога заводу пад Іркуцкам і будаўнічага кар’ера ў Калускай вобласьці. Гэтак пашыраецца бізнэс-імпэрыя Арцёма Чайкі, старэйшага сына генпракурора Расеі Юрыя Чайкі, паводле фільму антыкарупцыйнага фонду расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

40-хвілінны фільм пра карупцыю ў Расеі, які сёньня зьявіўся ў інтэрнэце, стаў сэнсацыйным і для Беларусі. У фільме «Чайка» паказаныя кадры са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам. Якое ён мае дачыненьне да абвінавачаньняў сям’і Юрыя Чайкі ў карупцыі? Свабода таксама вырашыла нагадаць, хто зь дзяцей высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў калісьці быў асуджаны за крымінал ці ў ім падазраваўся і чаму.

Віктар Лукашэнка — сярод «сталёвых птушак» з прозьвішчам Чайка

«У час, вольны ад захопу актываў, Арцём катаецца на матацыклах. Ён байкер. У гэтым годзе з уласным клюбам „Iron Birds“ ён езьдзіў у Менск — адкрываць і закрываць мотасэзон. Мясцовыя журналісты зьнялі яго ў калёне матацыклістаў у кампаніі брата Ігара», — распавядае дыктар на 31 хвіліне фільма «Чайка». Аўтары, аднак, ці не заўважылі, ці не палічылі патрэбным зьвярнуць увагу на тое, што ў згаданы момант паміж Арцёмам і Ігарам Чайкамі аказаўся зьняты Віктар Лукашэнка, сын кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і ягоны афіцыйны памочнік па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Вядома, што некалькі гадоў таму Віктар Лукашэнка захапіўся мотаспортам і рэгулярна зьяўляецца ў кадрах разам з байкерамі. Але ці выпадкова гэтым разам, у красавіку, ён апынуўся ў адной кампаніі з сынамі генпракурора Расеі?

У апошнія гады былы памежнік і былы супрацоўнік МЗС, а цяпер памочнік па пытаньнях нацбясьпекі Віктар Лукашэнка рэгулярна адзначаўся на нарадах зь сілавікамі ды на адкрыцьці чарговай выставы ўзбраеньняў «Milex». Але і толькі.

Праўда, крыху вядома пра спартовыя захапленьні Віктара Лукашэнкі. Вось у красавіку ён ускладаў кветкі да помнікаў у Менску разам з байкерамі, а яшчэ быў зь візытам у Абу-Дабі, дзе наведаў аўтагонкі «Формула-1». Назіральнікі кажуць, што паездкі ў ААЭ могуць быць зьвязаныя і з асабістымі бізнэс-праектамі, але пэўных зьвестак на гэты конт няма. Віктар Лукашэнка і тэма крыміналу згадваюцца пакуль толькі ў сувязі са стралянінай у менскім начным клюбе «МаксШоў», якая здарылася ў далёкім ужо 1998 годзе. Тады ў бойцы невядомы параніў хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава. Журналіст Сяргей Сацук нядаўна сьцьвярджаў, што тады страляў у Захарава крымінальнік з групоўкі «Пасялковыя» Аляксандар Логінаў. Між тым адразу пасьля здарэньня гэтага імя ніхто ня згадваў, затое цыркулявалі чуткі, што з інцыдэнтам зьвязаны Віктар Лукашэнка, які быў у той час у клюбе. Празь некалькі дзён пасьля інцыдэнту журналіст газэты «Свабода» сустракаўся зь Міхаілам Захаравым, каб у яго самога высьветліць, хто ж у яго страляў, але вядомы хакеіст імя хулігана чамусьці не агучыў.

Сына былога галоўнага ідэоляга краіны Замяталіна асудзілі двойчы

Бадай што самым гучным прыкладам суду над нашчадкам высокапастаўленага чыноўніка можна лічыць справу Дзяніса Замяталіна, сына Ўладзімера Замяталіна, які быў і намесьнікам кіраўніка адміністрацыі па ідэалёгіі, і віцэ-прэм’ерам, а ў канцы кар’еры кіраваў «Беларусьфільмам». Летась Дзяніс Замяталін прайшоў ажно праз два працэсы па абвінавачаньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. У выніку яго прызналі вінаватым і асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле сьледзтва, Замяталін-малодшы стварыў злачынную групоўку, якая дапамагала бізнэсоўцам ухіляцца ад падаткаў. Адметна, што сваёй віны Дзяніс Замяталін так і не прызнаў, а на працэсах актыўна абараняўся, у тым ліку даводзіў хібы сьледчых і іх незаконныя мэтады. Бацька асуджанага, Уладзімер Замяталін, на працэсы не прыходзіў, у залі суду былі толькі маці ды жонка Замяталіна-малодшага..

Сына прэм’ера Чыгіра перад выбарамі абвінавачвалі ў крадзяжы аўтамабіляў

На пачатку 2000-х гадоў фігурантам дзьвюх крымінальных спраў быў Аляксандар Чыгір, малодшы сын Міхаіла Чыгіра — экс-прэм’ера, які ў 1996 годзе пайшоў у апазыцыю. Маладога чалавека, пра якога было вядома, што ён ня проста захапляецца аўтамабілямі, а добра іх рамантуе і можа сабраць з запчастак, абвінавацілі ў крадзяжы іншамарак, асудзілі на 7 год і адправілі ў калёнію пад Івацэвічамі. Сям’я Чыгіроў называла справу палітычна матываванай, зьвязваючы яе з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, у якіх зьбіраўся ўдзельнічаць Міхаіл Чыгір. Справа Аляксандра Чыгіра абрастала ўсё новымі гісторыямі — аднойчы невядомыя зьбілі адваката Аляксандра Пыльчанку, які абараняў Чыгіра-малодшага. Да таго ж, пакуль Аляксандар Чыгір сядзеў, на яго завялі новую справу аб крадзяжы аўтамабіляў на замову і зноў судзілі. Цікава, што на працэсе так і не ўдалося высьветліць асобы тых, хто замаўляў нібыта скрадзеныя аўтамабілі, а саўдзельнікі Чыгіра-малодшага заявілі, што іхнія паказаньні сьледзтва здабыла празь зьбіцьцё. Адбыўшы пакараньне, Аляксандар Чыгір зьехаў у Маскву, дзе, паводле зьвестак, зноў заняўся аўтабізнэсам.

Як былы міністар Двараніновіч адмазваў ад турмы сына

Працэс над Юр’ем Тузавым

Працэс над Юр’ем Тузавым

Яшчэ адной гучнай карупцыйнай справай 2014 году была справа былога старшыні Беларускага ваеннага суду Юрыя Тузава, якога абвінавацілі ў хабары ў вялікім памеры. Толькі ў судзе стала вядома, за што пэўна ўзяў 15 тысяч «зялёных» судзьдзя Тузаў і на чым пагарэў. Аказваецца, грошы яму перадаў праз пасярэдніка былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня, сябра Савету Рэспублікі Васіль Двараніновіч. Прасіў Двараніновіч не за сябе — за сына. Раней дэпутацкага сына асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня за хабар Брэсцкі міжгарнізонны суд.

Чаму вайсковыя судзьдзі ўзяліся разглядаць справу аб хабары? Аказваецца, прадпрымальнік Двараніновіч-малодшы даў хабар не абы-каму, а памежніку, таму справу і разглядаў судзьдзя ў пагонах. Паколькі старшыня Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў таксама насіў пагоны, то мог умяшацца, за што і атрымаў 15 тысяч даляраў.

Але новы прысуд аспрэчыла пракуратура, зноў пачалося расьсьледаваньне. Тады Васіль Двараніновіч з жонкай запатрабавалі вярнуць ім перададзеныя Тузаву 15 тысяч даляраў і яшчэ 5 тысяч, якія схаваў ад Тузава пасярэднік. Тузаў свой хабар вярнуў, а пасярэднік замарудзіў. Гісторыя стала вядомая «каму трэба», магчыма, дзякуючы Двараніновічу. Ва ўсякім разе, на судзе прагучала, што ён пагражаў, калі ня вернуць грошы, напісаць ліст да Лукашэнкі.

У выніку былы старшыня Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў атрымаў амаль максымум з таго, што даюць за хабар — ажно 14 год калёніі. Дарэчы, тыя 5 тысяч «зялёных» якія пасярэднік схаваў ад Тузава, апынуліся ў выніку на рахунку Сьледчага камітэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG