Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі пратэст у Менску: салідарнасьць супраць КДБ


Марш студэнтаў супраць платных пераздач. Відэарэпартаж
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:11 0:00
Наўпроставы лінк

«Ахвяры гэтай сыстэмы адукацыі — ня толькі студэнты», — на маршы «За каханьне і салідарнасьць» менскія студэнты выклікалі рэктара «на дыван», каардынаваліся праз «Укантакце» і адбілі сваіх ад ціхароў.

Збор на студэнцкі марш «За каханьне і салідарнасьць» быў абвешчаны ў суполцы «Студенты против» на 12:30 у Міхайлаўскім сквэры. Ужо за паўгадзіны на месцы было поўна супрацоўнікаў у цывільным. А са студэнтаў была толькі адна чатырохкурсьніца.

«Я не падтрымліваю такіх мэтадаў. Платныя пераздачы аніякім чынам не стымулююць студэнтаў вучыцца, а пакрываюць фінансавыя праблемы дзяржавы. Калі ў нас камэрцыялізуецца нават адукацыя, то гэта дзіўна», — патлумачыла дзяўчына галоўную прычыну студэнцкага пратэсту.

На пачатку лістапада студэнты БДУ даведаліся, што ўнівэрсытэт уводзіць плату за пераздачы залікаў і іспытаў. Студэнты назьбіралі больш за 2000 подпісаў супраць навацыі і папрасіліся на прыём да рэктара. Але пастанову ўнівэрсытэт прыняў хутчэй, чым чакалася, а пагаварыць са студэнтамі рэктарат так і не захацеў. Затое студэнты ня раз распавядалі, як незадаволеных выклікаюць у дэканаты і намякаюць на будучыя праблемы. «Чаму ніхто не прыйшоў?» — пытаемся ў дзяўчыны.

«Выклікі па дэканатах, „мяккія“ размовы псыхалягічна шмат на каго ўзьдзейнічаюць. Для „платнікаў“, вядома, страціць на трэцім курсе 80 мільёнаў бацькоўскіх грошай — гэта страшна», — кажа яна.

— А вы чаму прыйшлі?

«Я не магу пераступіць празь сябе і зьнесьці тое, што адбываецца. Са мной вялося шмат размоваў, я ведаю, што мне можа нешта пагражаць. Я зусім не бадзёрая і моцная дзяўчына. Але я не магу заплюшчыць вочы на несправядлівасьць», — усьміхаецца суразмоўніца.

Студэнтаў чакалі да апошняга, і ўжо здавалася, што адзінымі яе «ўдзельнікамі» застануцца супрацоўнікі праваахоўных органаў і журналісты. «Студэнты будуць, — упэўнена сказаў высокі малады хлапец. — Я выступаю супраць платных пераздач і за роспуск Асамблеі БДУ, якая нічым не займаецца, і супраць рэпрэсаваньня студэнтаў. Усе ўваходы ў БДУ зачынілі, прапускаюць толькі па студэнцкіх. Хопіць мірыцца!»

Каля першай гадзіны дня міліцыянты самі справакавалі надзвычайную актыўнасьць у сквэры, калі сталі перапісваць пашпартныя дадзеныя ў назіральнікаў БХК. Літаральна за хвіліны ўтварыўся натоўп. Яўген Амялькоў, які назваўся «былым» студэнтам, прыйшоў з плякатам «Не маўчы! Змагайся за свае правы!».

«Я прыйшоў салідарызавацца са студэнтамі. Зьбіраюся аднаўляцца на вучобе, таму заўтра гэта можа тычыцца і мяне», — кажа ён.

На гэты момант усё яшчэ не відаць, з кім салідарызавацца. Былы палітзьняволены Павал Вінаградаў, які прыйшоў з такой жа мэтай, на пытаньне: «Дзе студэнты?» сьмехам адказвае «Недзе тут»:

«Са студэнтамі адбылося тое ж, што і з усім астатнім народам. З 2007 году было некалькі жорсткіх момантаў у гісторыі, пасьля якіх наш і так ня надта баявы народ запалоханы яшчэ больш. Людзі баяцца чагосьці патрабаваць ад дзяржавы, хоць гэта дзяржава нам вінаватая, а ня мы ёй, — кажа Вінаградаў. — У нас усе крычаць, што ў нас сацыяльная дзяржава. Сацыяльная — значыць наша. Маем права патрабаваць».

Тут у сквэры імгненна фармуецца калёна, і маладыя людзі пачынаюць рухацца ў бок унівэрсытэцкіх карпусоў. Што адбываецца? «У суполцы напісалі, што абыходзім увесь корпус», — тлумачаць у калёне. Разам з журналістамі і ціхарамі ў калене ня менш за 200 чалавек. Студэнтаў сярод іх, як пазьней скажуць назіральнікі, каля 80.

«Крыўдна, што студэнтаў менш за кадэбістаў», — кажа мне ў калёне студэнт-другакурсьнік, які трымае за руку сваю сяброўку. Два сябры, Павал і Глеб ідуць з плякатам «З нас хопіць гэтай хлусьні».

Трапіць ва ўнівэрсытэцкі дворык праз заўжды адчыненыя весьніцы ў агароджы аказалася марнаю справай. Прапускалі толькі тых, хто мае студэнцкі білет. Журналістаў не пусьцілі таксама. У натоўпе, які ўтварыўся каля ўнівэрсытэцкай агароджы, міліцыянты хуценька склалі пратакол на «былога студэнта» Яўгена Амялькова. А калёна прымае рашэньне рухацца да галоўнага ўваходу ў БДУ на плошчу Незалежнасьці.

Уваход аказаўся наглуха зачынены на «рамонт» і перацягнуты чырвона-белай стужкай. Дзьве дзяўчыны разгарнулі плякаты, анякіх крытыкавалася самакіраваньне ў БДУ.

Да іх хутка падышлі міліцыянты, але дзяўчаты адмовіліся называць сябе і сталі проста сыходзіць. Тады іх паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі ў цывільным. Сябры дзяўчат імгненна ўтварылі кола, узяўшы адзін аднаго пад локці. Такім колам яны перасоўваліся ўсю далейшую частку акцыі, не даючы падступіцца да сябе.

«Рэктар, выходзь!» — скандуе вакол моладзь. З вокнаў высокага і зачыненага для ўдзельнікаў акцыі будынку на іх глядзяць такія ж студэнты і супрацоўнікі ўнівэрсытэту. Хлопец па імені Павал прыцягвае аднекуль дыван і, разаслаўшы яго на прыступак, пачынае крычаць: «Рэктара на дыван!»

На ягонага сябра Глеба, студэнта другога курсу філялягічнага факультэту, ужо складаюць пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падпісваць яго Глеб адмаўляецца, але актыўна адказвае на шматлікія пытаньні журналістаў. У міліцыянта, як трымае пратакол, па шчацэ цячэ сьляза.

Павал у гэты момант робіць сэлфі на фоне міліцыянтаў, а іншыя дзяўчаты і хлопцы фатаграфуюцца на «дыване для рэктара». Акцыя амаль скончылася, людзі разыходзяцца. Сябры, якія ахоўваюць дзяўчат з плякатамі, такім жа ланцугом перасоўваюцца да прыпынку грамадзкага транспарту, дзе спрабуюць сесьці ў маршрутку. За імі хоча ўплішчыцца здаровы хлапец у цывільным, але ўдзельнікі акцыі сілай зачыняюць перад ім дзьверы. Той бяжыць да сіняга буса, які выпраўляецца сьледам.

У маршрутцы адна з назіральніц БХК. «З намі ехаў адзін у цывільным, які ўвесь час перамаўляўся з кімсьці праз тэлефон. Людзі невялікімі групамі выходзілі ў розных месцах. Дакладнай інфармацыі я ня ведаю, я выйшла апошняй, спадзяюся, што ўсё добра», — распавядае яна.

Фактычны вынік акцыі — два пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, перапісаныя міліцыяй дадзеныя назіральнікаў БХК, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і былога палітзьняволенага Паўла Вінаградава. На апошніх, мабыць, пратаколы будуць складзеныя пазьней.

Як акцыя прайшла? «Бессэнсоўна, — адказвае хлопец, які шкадаваў быў, што студэнтаў менш за кадэбістаў. — Ніхто да нас ня выйшаў. Ніхто не аддаў увагі, нічога не зьмянілася».

«Я ня думаю, што яна абсалютна бессэнсоўная, — ціха, але ўпэўнена кажа ягоная сяброўка. — Мы паказалі, што мы можам і гатовыя змагацца. Адміністрацыя ніяк не адрэагавала. Але важна тое, што цяпер ня толькі студэнты ёсьць. Бо ахвяры гэтай сыстэмы адукацыі — ня толькі студэнты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG