Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыход Чарнагорыі ў НАТО — сур’ёзная аплявуха Расеі, — Алесін


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Уступленьне Чарнагорыі ў НАТО можа паўплываць на пазыцыю Сэрбіі. Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, камэнтуючы інфармацыю пра тое, што кіраўнікі МЗС краінаў НАТО запрасілі Чарнагорыю ў альянс.

— Што можа азначаць уступленьне Чарнагорыі ў НАТО для Беларусі і Расеі?

— Гэта мае чыста ідэалягічнае значэньне, бо ў вайсковых адносінах Чарнагорыя — гэта дзяржава, якая не ўяўляе ніякай моцы. Адзінае, што марская краіна, яшчэ адзін порт для флёту НАТО. Аднак уступленьне Чарнагорыі павінна неяк паўплываць на пазыцыю Сэрбіі, якая цяпер на раздарожжы: з аднаго боку, імкнецца ў НАТО, а з другога — хоча застацца славянскім саюзьнікам. Тое, што Чарнагорыя атрымала запрашэньне раней за Сэрбію, павінна нарадзіць нейкую канкурэнцыю, рэўнасьць з боку Сэрбіі, і, магчыма, паскорыць рашэньне адносна таго, на якім крэсьле ёй сядзець.

Для Расеі гэта ідэалягічная страта. Бо гэта братэрская славянская краіна, як і Сэрбія, і гэта будзе сур’ёзным ударам па самаадчуваньні Расеі. Бо калі ўжо славянскія краіны сыходзяць на Захад адтуль, дзе была традыцыйная зона ўплыву спачатку царскай Расеі, а потым і Савецкага Саюзу, гэта, канечне, будзе сур’ёзнай аплявухай. А для Беларусі гэта практычна нічога, бо хто хоча езьдзіць туды на курорты, той будзе езьдзіць. Асаблівых эканамічных стасункаў з гэтай краінай у Беларусі няма. Таму для Беларусі гэта будзе зусім безбалесна.

Я ня думаю, што Расея будзе прымаць нейкія яўныя карныя санкцыі адносна Чарнагорыі, хоць яны абвясьцілі пра спыненьне вайсковага супрацоўніцтва. Але яно не было асабліва значным, бо Чарнагорыя не ўяўляе сабой вялікую вайсковую адзінку. Магчыма, пад парасон НАТО ўсе гэтыя слабыя краіны і імкнуцца.

— Чамусьці ні ў беларускім Міністэрстве абароны, ні ў МЗС пакуль не камэнтуюць збліжэньне Чарнагорыі з НАТО...

— Гэта прэрагатыва прэзыдэнта, ён жа галоўнакамандуючы. То бок бяз санкцыі Адміністрацыі прэзыдэнта і Савета бясьпекі, які, у сваю чаргу, атрымае ўказаньне ад кіраўніка краіны, ніхто камэнтаваць ня будзе. Гэта надта тонкія рэчы, і невядома, як адгукнецца.

— Але відавочна, што Расея страчвае яшчэ і Чарнагорыю. Застаецца, відаць, Сэрбія.

— Гэта дэ-факта, бо Чарнагорыя была вотчынай расейскіх таўстасумаў, яны там скуплялі нерухомасьць. Я думаю, што гэта на адносіны ўласнасьці не паўплывае. Расея страціла гэтыя тэрыторыі даўно. Калі быў канфлікт НАТО з Сэрбіяй, тады ўсе балканскія краіны зразумелі, што Расея абараніць іх і вырашыць эканамічныя пытаньні ня здольная. А ўступленьне ў НАТО — гэта ўваходны квіток, каб выйсьці на эўрапейскі рынак капіталу і тэхналёгіяў. Гэта знак таго, што, маўляў, свае. Таму, канечне, для Расеі гэта вельмі крыўдна. Але яны перажылі разрыў з Баўгарыяй. Непрыемна, але давядзецца прыняць да ведама.

Гэта проста наступілі Расеі на любімы мазоль. Ёй паказалі, што зона яе ўплыву праходзіць акурат па яе межах. Хоць яны спрабуюць вызначыць, што ў іх ёсьць сфэра інтарэсаў у блізкім замежжы. Але Захад пераконвае Расею ў адваротным і ўсяляк утаймоўвае яе імкненьні за свае межы. Але Расея цяпер нібыта набірае вайсковую сілу, і тым больш небясьпечна складваецца сытуацыя. Як лягер у аблозе, Расея становіцца небясьпечнай, там сьпее рэваншызм і жаданьне паквітацца з крыўдзіцелямі.

Аднак Беларусь можа скарыстацца сытуацыяй. Яна ніяк не адчувальная да ўсіх гэтых рэчаў — у НАТО ці ня ў НАТО. Яна спакайней глядзіць на гэтыя рэчы. Лукашэнка не аднойчы казаў, што права кожнага — шукаць сваё шчасьце ў любым вайсковым блёку і саюзе, самавызначацца. Гэта прагматычная палітыка.

XS
SM
MD
LG