Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пранкеры» кажуць, што разыгралі «ініцыятараў блякады Крыму»


Уладзімір Кузьняцоў (псэўданім Уладзімер Красноў) і Аляксей Сталяроў (справа).

Уладзімір Кузьняцоў (псэўданім Уладзімер Красноў) і Аляксей Сталяроў (справа).

Расейскія майстры тэлефонных розыгрышаў (пранкеры) Уладзімір Кузьняцоў і Аляксей Сталяроў паведамляюць, што яны правялі сэрыю гутарак з ініцыятарамі «грамадзянскай блякады Крыму» Мустафой Джемілевам і Ленурам Ісьлямавам і здабылі кампрамэтуючую іх інфармацыю.

Паводле пранкераў, на працягу месяца яны тэлефанавалі палітыкам ад імя народнага дэпутата Антона Герашчанкі і кіраўніка МУС Украіны Арсеня Авакава і ў выніку высьветлілі, хто менавіта падарваў электраапоры на «мяжы» з Крымам. У сваю чаргу Ісьлямаў паведаміў, што запіс зьяўляецца фальшывым. Джэмілеў пакуль устрымліваецца ад камэнтараў.

Пранкеры Ўладзімір Кузьняцоў па мянушцы «Ваван» і яго партнэр Аляксей Сталяроў («Лексус») ужо ня першы год разыгрываюць вядомых палітыкаў і зорак шоу-бізнэсу. Сярод знакамітасцяў, якія сталі ахвярамі «тэлефонных хуліганаў» — Аляксандар Лукашэнка, Міхаіл Саакашвілі, Элтан Джон, Віталь Клічко і іншыя. У траўні мінулага году суразмоўніцай «Вавана» стала расейскі пракурор Крыму Натальля Паклонская. Кузьняцоў патэлефанаваў ёй ад імя супрацоўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і прапанаваў зладзіць фотасэсію для мужчынскага часопісу з мэтай павышэньня іміджу пракурорскай прафэсіі.

Уладзімір Кузьняцоў лічыць сябе заснавальнікам «пранк-журналістыкі». Асаблівасьцямі гэтага жанру, паводле яго словаў, зьяўляецца тое, што розыгрыш накіраваны ня столькі на жарты над героем, колькі на атрыманьне інфармацыі, якую немагчыма атрымаць традыцыйным чынам.

У канцы лістапада «Ваван» і «Лексус» паведамілі, што разыгралі ініцыятараў «грамадзянскай блякады Крыму» Мустафу Джэмілева і Ленура Ісьлямава. Яны паведамілі, што ў выніку гутарак зь імі ўдалося ўстанавіць асобу падрыўніка ліній электраперадач ў Херсонскай вобласьці.

Спачатку гэтая інфармацыя зьявілася на LifeNews — інфармацыйным рупары Крамля — і на іншых фэдэральных тэлеканалах. Ужо пасьля ажыятажу ў расейскіх СМІ «Ваван» апублікаваў поўны аўдыёзапіс «пранк-расьсьледаваньня» пра блякаду Крыму. У ёй пранкеры ад імя народнага дэпутата Антона Герашчанкі і міністра ўнутраных справаў Украіны Арсеня Авакава размаўляюць з людзьмі, галасы якіх падобныя на галасы Мустафы Джэмілева, Ленура Ісьлямава, а таксама кіраўніка УМВД Херсонскай вобласьці Артура Мерыкава.

«Мы з калегам рэагуем на шмат гучных інфармацыйных падзеяў. Мы ставілі перад сабой мэту разабрацца ў здарэньні. І даведацца, што ўяўляе сабой знутры гэтая блякада, якая рэальна адбываецца якраз на месцах. Мы выйшлі на сувязь з нашымі героямі яшчэ да ўсіх падзей з падрывам ЛЭП, у пачатку лістапада. І мы нават не чакалі, што будзе такая сытуацыя» — распавёў у камэнтары для рэсурсу «Крим.Реалии» Уладзімір Кузняцоў.

Сам Ленур Ісьлямаў адмаўляе, што ягоная размова з пранкерам сапраўдная.

«Ды гэта поўны фэйк, гэта абсалютна поўны фэйк. Можаце ўсё гэта выкінуць і нават гэтым не займацца» — сказаў Ісьлямаў карэспандэнту «Крим.Реалии».

Атрымаць камэнтары з нагоды тэлефоннага розыгрышу ў Мустафы Джэмілева не ўдалося.

Паводле вэрсіі пранкераў, за некалькі тыдняў тэлефонных размоваў ім атрымалася настолькі «ўцерціся» ў давер да лідэраў блякады, што тыя ж пачалі тэлефанаваць на іх нумары. Пранкеры лічаць, што іхныя суразмоўцы і іх паплечнікі датычныя да падрыву электраапоры. Яны сьцьвярджаюць, што падарваў электраапору ў Херсонскай вобласьці прадстаўнік батальёну «Данбас» Энвер Куція.

Народнага дэпутат Антон Герашчанка ў адказ на зьяўленне «пранк-расьсьледаваньня» сказаў, што яго аўтары працуюць на расейскія спэцслужбы, якія якраз і арганізавалі выбухі ў Херсонскай вобласьці.

«Спрабуючы выставіць лідэраў крымскіх татараў у якасьці тэрарыстаў, расейскія спэцслужбы загуляліся. Расплачвацца за гэта прыйдзецца няшчасным жыхарам акупаванага Крыму, якія засталіся без электраэнэргіі і вады па віне расійскіх спэцслужбаў» — напісаў нардэп на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

XS
SM
MD
LG