Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выгуляць і прагуляць, брамнік і нападнік, кутні і карны — беларускія спартовыя словы.

У пачатку 1980-х мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам студэнтамі хадзілі на матчы яшчэ таго менскага «Дынама», якое папраўдзе было зборнай Беларусі ў чэмпіянаце СССР, па-беларуску гукалі воклічы й спадзяваліся заразіць беларушчынай суседзяў па лаве — традыцыйных савецкіх балельшчыкаў.

Спробы зачапіць моўную сьвядомасьць футбольнага гледача рабілі многія. Як паэты Алесь Разанаў і Алег Бембель трыядаю заўзятар—заўзей—заўзюк (апошні самы заўзяты).

Заўважу, што словаў фанат і пагатоў ультрас тады шчэ не было, і творцы як бы прадбачылі ў іх патрэбу, даўшы наватворы на ўласнабеларускай аснове.

А потым Лявон Вольскі ў альбоме «Я нарадзіўся тут» прапанаваў і беларускую вэрсію ўсясьветнага футбольнага гіта (1:17–1:36):

Але — ці не галоўнае — была Беларуская тэлевізія Генадзя Бураўкіна зь беларускімі футбольнымі рэпартажамі. Сам чуў, як хлапчукі ў дварах ганялі мячык, пад нос сябе камэнтуючы: трапны ўдар!

Аднак плён прыйшоў пазьней: гэта цяпер арганізаваныя футбольныя заўзятары з розных гарадоў не сумняюцца ў вартасьцях беларускае мовы на стадыёне. Па-беларуску гучаць споклічы, напісаныя банэры, пад уплывам заўзятараў пачынае гучаць беларуская мова ў стадыённых аб’явах, а клюбы афармляюць па-беларуску эмблемы. Падобнае 30 гадоў таму было цяжка ўявіць.


Хочацца, каб лексыкон заўзятараў быў угрунтаваны на багацьці й самабытных рэсурсах нашае мовы. Традыцыйны беларускі брамнік лепшы за скалькаванага варатара, у той самай словаўтваральнай парадыгме — нападнік; карная пляцоўка і кутні ўдар. Нямала гэтых словаў замацавалі ў «Русско-белорусском словаре спортивных терминов» 1995 году з накладам 3000 асобнікаў Зьміцер Паўлавец і Ўладзімер Старчанка з Гомеля.

Гуляць — ня граць

Ключавое для спартовых гульняў дзеяньне — гульцы гуляюць. Пра гэтыя словы казаў на Радыё Свабода Юрась Бушлякоў, пісаў пільны дбайца пра культуру мовы праф. Павал Сьцяцко ды іншыя.

Значэньне слова гуляць ’рабіць нешта дзеля забавы’ вельмі старажытнае, і словаўтваральнае гняздо даўняе. Гульню знойдзем у Скарыны:

Ілі есьлі жа бы некаторы мастар дойлід (...) дрэва крыва і сукоў поўна, выдаўбець пільна ў гульні сваей. І ўменьнем мастэрства сваяго ўпадабленьне ўчыніць яму, і прыраўняець яго к вобразу чалавечаму ілі к некаему ад зьвер (Кніга прамудрасьці Божай).

Тут у гульні, відавочна, «дзеля творчай забавы». Паступова разьвілося і значэньне «займацца пэўнаю гульнёю».

У Скарыны і наагул у старабеларускай мове падобнае значэньне маглі мець і словы (і)граці, ігра. Але зь цягам часу гуляць і граць сэмантычна разышліся. Вацлаў Ластоўскі ў сваім «Расейска-крыўскім слоўніку» 1924 году катэгарычны:

«Мы гулялі ў карты, у вугалькі, у сьлепака (жмурки). Але нельга: ігралі ў карты, бо іграць можна толькі на якім музычным інструманце; гэтаксама нельга „ігралі вясельле“, а трэба „гулялі вясельле“ (...) Выключэньне становіць сцэнічная гульня, аб якой гаворыцца „ігра“, але „гульня“ прыроды, выабражэньня».

А нязломны моўны пурыст (прыхільнік чысьціні мовы) Янка Станкевіч прапаноўваў і гуляць «у дваццаць адно», і гуляць на сцэне драму, і гуляць польку, і нават гуляць у ляскаўкі (ударны музычны інструмэнт).
Я.Станкевіч у такім пашырэньні сэмантыкі слова гуляць ня надта далёкі ад народнага адчуваньня. Паслухайма Купалу. Пан Адольф хоча, каб Паўлінка скакала зь ім панскія танцы, і кажа музыкам: «Зайграйце нам гэрц-польку!» А музыкі яе ня ўмеюць. Тады ён зьвяртаецца да Паўлінкі (8:58–9.10):

Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.

І аўтарская рэмарка драматурга:

Сьмех. Адольф іграе на язык і бяз толку выкручваецца з Паўлінкай.

Гуляць пад язык: для Купалы слова гуляць — пра танец. (Ну а вытылінгіваць значыць імітаваць языком інструмэнтальную музыку.). І вясёлка ў іншым Купалавым творы гуляе, ня грае.

Не гулец, а на дудзе ігрэц

Слова гулец жыве ў беларускіх гаворках, у тым ліку ўсходніх: «Што ты за гулец, што ня можыш пы мячыку пыпасьць?» (Запольле Шклоўскага р-ну). Яно трапіла ў першыя слоўнікі беларускае літаратурнае мовы — братоў Гарэцкіх 1920 году, М. Байкова і С. Некрашэвіча 1926 году. Вацлаў Ластоўскі нагадвае і пра гулецкія карты (слоўнік 1924 г.; у «Нашай ніве» 1907 году яшчэ былі «ігральныя»).

Гулецкія карты. Каляж @vk.com/movanasha

Гулецкія карты. Каляж @vk.com/movanasha

Іграе іншы чалавек. Іграч, напрыклад, як на Вялейшчыне: У кожнай хаце свой іграч быў. Вядома, ігрэц таксама: Ён і жнец, ён і шавец, і на дузе ігрэц — скажуць у Коласавай Мікалаўшчыне (Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі, 1990). Яшчэ ёсьць народная сытуацыйная прымаўка «Грай, а то грала паб’ю!»

Як бачым, прыклады — толькі пра музы́ку. Хаця часьцей скажуць скрыпач ці гарманіст(ы). І слова «ігрок» у старадаўняй і народнай беларускай мове няма.

Гуляць можна, а выгуляць нельга?

Нават у беларускамоўным рэдактарска-журналісцкім цэху бытуе думка, што пра паразу ці перамогу па-беларуску можна сказаць толькі «прайграць» і «выйграць».

Такія формы былі б лягічныя, свойскія, калі б было хаця невялікае поле для слова іграць у значэньні «весьці гульню». Але такога ў беларускай няма. Затое ёсьць словаўтваральны ланцужок: гуляць — згуляць — дагуляць — перагуляць, і сюды ж прагуляць і выгуляць.

Прагуляць (у карты) — звычайнае слова для беларускіх сялянаў і мяшчанаў, якіх у ХІХ стагодзьдзі слухаў Іван Насовіч.

Слова выгульваць і прагульваць у гулецкім значэньні падаюць браты Гарэцкія. Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў даюць прагульваць, прагуляць. Слова прайграць таксама ў іх ёсьць, але ў другую чаргу.

Нават у 6-тамовым тлумачальным слоўніку пад рэдакцыяй К. Крапівы слова прагуляць мае таксама значэньне «пацярпець паразу ў гульні». Праўда, пасьля абавязковага савецкага значэньня «зрабіць прагул».

Паэт Анатоль Сыс балюча пісаў:

Я ведаю.
Я ў карты прагуляны
зайздроснымі паэтамі.
Малю:
калі заб’еце — не смакчыце з раны
барвовую паэзію маю.

Затое слова выйграваць можа ўжывацца зусім у іншым значэньні:

А салаўі вясёлай песьняй
Блізкое раньне выйгрываюць.

(Янка Купала, пераклад «Слова аб палку Ігаравым»).

Да чаго дагуляліся суседзі?

Расейскае гулять зусім ня мае значэньня ’гуляць у якую-н. гульню’, яго сэмантыка (акрамя «прогулки») застаецца ў межах усялякага гуляшчага разгулу.

Дарэчы, наша слова бульба расейскія стараверы некалі пачулі як «гýльба»; Уладзімір Даль піша:

Гýльба, картофель, картошка, чортово или земляное яблоко; особ[енно] у раскольниковъ: по преданію, табакъ и картофель родились отъ распутства (...)
Т. І. С. 407


То бок расьліны амэрыканскага паходжаньня на ўсходзе пракліналі задоўга да Пуціна з Анішчанкам.


І калі з суворай ацэнкай тытуню яшчэ можна пагадзіцца, то рэпутацыю нашага нацыянальнага культавага прадукту мусім бараніць (зрэшты, падазраю, што стараверы, што ўцякалі ад рэпрэсіяў з Расеі ў ВКЛ, у нас тую «гýльбу» спакойна елі, як і ядуць дагэтуль).

Гульня — беларускі эксклюзіў

Вялікае гняздо словаў, аднакаранёвых з гуляць, якія абазначаюць гульню і ўсё, што зь ёю зьвязана, — чыста беларуская лексычная зьява. Яны вылучаюць нас сярод усіх суседніх славянскіх моваў, розьняць ад гістарычна ўплывовых польскай і расейскай. Гэткі цікавы прыклад «упартасьці» беларускае мовы.

Ва ўкраінскайграти у футбол, а гулец — гравець або грач. Слова гуляти, вядома, ёсьць: у значэньні ’шпацыраваць’, таксама вітер гуляє, гуляти на весіллі. Але ўкраінскія дзеці грають(ся).

І ў польскай мове спартовыя ды іншыя гульні апісваюцца словам gra, grać. Палякі ведаюць слова hulać, якое прыйшло, як лічыцца, з украінскай і азначае ’гучна забаўляцца’, але таксама ’біць, нападаць, красьці’.

А вось у літоўскай розныя дзеяньні, якія па-расейску называюцца адным словам «играть», перадаюцца многімі словамі. Разьмяжоўваецца, з аднаго боку, граньне на інструмэнтах (якое ў сваю чаргу завецца па-рознаму для скрыпкі, для фартэпіяна, для духавых), а з другога боку, гульня (прычым спартовыя і газардовыя гульні таксама розна завуцца). А яшчэ літоўцы маюць асобныя словы для акторства і для пераліваньня колерамі (крышталю ці сонца, як у нас «А на Купала сонца грала»).

Разьмежаваньне гуляць / граць, уласьцівае беларускай і літоўскай мовам, адрозьнівае іх ад усіх суседніх (у тым ліку ад латыскай, дзе і гульню ў футбол, і граньне ў скрыпачку абазначае германізм spēlēt).

Гудзім!

Зрэшты, у беларускай мове таксама былі лексычныя рэсурсы разьмежаваць граньне на розных музычных інструмэнтах. Акрамя слова граць, ужываўся дзеяслоў гудзець (або гусьцí), часьцей для струнных: «сьпяваючы, весела гудучы на гусьлях» («Кройніка» Марціна Бельскага, пач. XVII ст.). Гэтым займаўся гудзец.

Старабеларуская мова ведала гудзьбу (ці гудбу), гэта быў і струнны інструмэнт, і мýзыка наагул: «Кароль Марка... казаў прывесьці ўсякія гудбы, і дуды, і бубны, трубы, шахі, варцабы» («Аповесьць аб Трышчане», к. 1580 г.; шахі і варцабы значыць ’шахматы і шашкі’).

Слова гудзець у музычным значэньні дажыло да ХХ стагодзьдзя, прынамсі ў народных песьнях: Чаму ж мне ня пець, чаму ж не гудзець?

Абсупонім! Venceremos!


Айцы-заснавальнікі новае літаратурнае мовы дапускалі паралельнае ўжываньне каранёў гуляць і граць, у тым ліку калі ідзецца пра перамогу/паразу ў гульні. С. Некрашэвіч і М. Байкоў у знакамітым слоўніку 1927 году да расейскага выигрыш далі пераклад выйгрыш, выйгрáнка (апошняе слова прызнаваў нават Кандрат Крапіва, праўда, ня ў слоўніках, а ў творах). В. Ластоўскі расейскаму проигрыш супастаўляе беларускія пройгры, пройгрыш. Адчуваецца ўплыў і расейскай мадэлі проигрыш—выигрыш (але ж там яшчэ і наигрыш, обыгрыш, отыгрыш, розыгрыш), і польскіх wygrana—przegrana, а нават чэскага prohra.

Але неабавязкова шукаць даслоўныя адпаведнікі расейскім «проиграть—выиграть», «проигрыш—выигрыш», асабліва калі ідзецца не пра спартовую гульню, а пра суд або вайну — якая ж там гульня.

Мова клясычнае «Нашае нівы» ў 1907 годзе толькі фармавалася, таму ня дзіва там знайсьці такую фразу: «Судзи ўзяли грошы з абодвых старон, а выграў дзела Врублеўски». Відаць, што ўзьніклы пазьней выраз «выйграць справу» — русізм. Лепш — перамагчы ў судзе / у працэсе, у вайне. Або пацярпець/зазнаць паразу.

Раней для картаў, радзей крэгляў (таксама казалі крэглы, кароглі — кеглі ці косткі); футболу ж яшчэ не было) ужывалі таксама іншыя словы. У таго ж Насовіча дужа вобразныя словы-сынонімы для абгуляць і прагуляць:

Абсупоніць (ад супоніць у значэньні ’біць’): Прыдзіць к нам, дай усякі раз абсупоніваець, абсупоніць цябе ў карты; абхвастаць — слова той жа сэмантыкі.

Ад герцаць ’мотать, плутовать’ утворана яшчэ адно «Насовічава» слова прагерцаць (Напр.: Прагерцаць грошы, сьвітку з плеч). А пракачаць можна яйка, калі імі гуляюць на Вялікдзень.

***
Карацей, свойскіх словаў нам не бракуе. Бывае, можам і прагуляць, але ўсё ж лепей выгульваць.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG