Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад 7 сьнежня Расспажыўнагляд уводзіць адмысловы рэжым на ўвоз расьліннай прадукцыі празь Беларусь. Як удакладнілі ў ведамстве, ад пастаўшчыкоў і перавозчыкаў будуць патрабаваць арыгіналы фітасанітарных сэртыфікатаў, на падставе якіх адпаведныя беларускія службы выдаюць дазвол на рээкспарт. Сёлета расейскія экспэрты выявілі блізу паўтысячы падробленых дакумэнтаў, ухваленых у Беларусі.

Навінная стужка сайту Расспажыўнагляду апошнімі днямі амаль цалкам прысьвечаная праблемнаму беларускаму напрамку. Дастаткова прабегчыся па загалоўках: «Аб затрыманьні ў Пскове трох аўтамабіляў, якія перавозілі садавіну зь Беларусі», «Аб забароне ўвозу заражаных турэцкіх памідораў празь Беларусь у Расею», «Аб накіраваньні на пацьверджаньне сапраўднасьці дакумэнтаў на яблыкі з ПАР», «Аб затрыманьні ў Пскоўскай вобласьці 135 тон садавіны», «Аб затрыманьні ў Цьвярской вобласьці 40 тон прадукцыі, якая не прайшла карантынны фітасанітарны кантроль» і г.д.

Летась у жніўні Расея заявіла пра контрасымэтрычныя захады ў адносінах да дзяржаваў, якія асудзілі расейскую агрэсію ва Ўкраіне і абвясьцілі пра маштабныя санкцыі супраць Масквы. Амаль адразу ж прэзыдэнт Пуцін ухваліў сьпіс краінаў, імпартныя пастаўкі зь якіх спыняліся на неакрэсьлены тэрмін. Але амаль адразу ж пачалі ўсплываць факты нядобрасумленных паводзінаў з боку найбліжэйшага саюзьніка — Беларусі. Мала таго, што беларускія вытворцы наладзілі масавы рээкспарт заходніх тавараў пад сваёй маркай, дык яшчэ арганізавалі транспартныя калідоры дастаўкі забароненай прадукцыі ў памежныя рэгіёны.

Пасьля інцыдэнту са зьбітым турэцкімі вайскоўцамі расейскім зьнішчальнікам днямі ў сьпіс ворагаў Расеі дадалася Турэччына — пакуль дзейнічае спэцрэжым, цалкам пастаўкі харчоў будуць спыненыя ад 1 студзеня 2016-га. Менавіта гэтая краіна цяпер фігуруе сярод лідэраў па колькасьці падробленых сэртыфікатаў, на якія Беларусь не зьвярнула ўвагі, — 178 выпадкаў ад пачатку году. Сьледам ідуць Марока (115), Македонія (46), Туніс (28), Сэрбія (22), Босьнія і Герцагавіна (19) і г.д. Расейскія кантралёры перакананыя, што насамрэч пад гэтай маркай хаваюцца вытворцы з «забароненага» Эўразьвязу.

Як пацьвердзілі ў прэсавай службе Расспажыўнагляду, больш трываць такую самадзейнасьць у Маскве не зьбіраюцца: калі беларускія калегі і надалей будуць заплюшчваць вочы на кантрабанду прадуктаў з краін, якія падпалі пад харчовае эмбарга, Расея можа пайсьці на скрайнія меры і забараніць пастаўку садавіны і гародніны транзытам празь Беларусь, калі фітасанітарныя сэртыфікаты будуць выклікаць падазрэньні:

«Гэта сьведчыць пра тое, што сёньня Беларусь сэртыфікуе прадукцыю невядомага паходжаньня, не забясьпечваючы бясьпеку па пэстыцыдах, нітратах і г.д.», — заявілі ў расейскім ведамстве кантролю за якасьцю прадукцыі.

У Беларусі спробы расейскага боку суцішыць камэрцыйную актыўнасьць, выкліканую жаданьнем зарабіць на харчовым эмбарга, успрымаюць досыць нэрвова. Яшчэ год таму Расея зрабіла больш жорсткімі ўмовы транзыту расьліннай прадукцыі зь Беларусі. Пасьля гэтага захады пашырыліся на беларускае мяса, у якім расейскія экспэрты знайшлі мікробаў і, што выклікала найбольшую трывогу, геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Да сёньня беларускую прадукцыю забараняюць цэлымі заводамі. Тутэйшыя чыноўнікі намагаюцца падвесьці пад гэта палітычныя прычыны — маўляў, гэта помста Масквы за спробы Менску наладзіць стасункі з Эўразьвязам.

Аляксандар Лукашэнка ня раз «зрываўся», называючы ўсе забароны расейскіх кантралёраў незаконнымі, наўпрост вінавацячы Расею, якая паводзіць сябе «непрыстойна». Таксама кіраўнік Беларусі катэгарычна адмятаў забарону на транзыт празь Беларусь, характарызуючы гэты крок расейскага боку як «парушэньне ўсіх міжнародных нормаў».

Дык ці шмат палітыкі ў жаданьні Масквы паўплываць на выкананьне саюзьніцкіх пагадненьняў? Экспэрт у аграрнай галіне, былы дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня Пётар Мігурскі лічыць, што спробы палітызаваць сытуацыю выкліканыя безвыходнасьцю — занадта шмат назьбіралася фактаў рэальнага злоўжываньня становішчам:

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Выглядае неяк нацягнута. Прыдумала Расея такія правілы гульні — яе права. Але тая ж афрыканская чума — ня проста нагода „ўдарыць“ па Беларусі. Скажам, узьнік ачаг афрыканскай чумы ў гаспадарцы „Ўсход“. Куды яны падзелі тое мяса? Хуценька паляцела каманда: на перапрацоўку ў Магілёў, Бабруйск, Глыбокае. На тры гэтыя мясакамбінаты. Туды паставілі, а празь нейкі час расейцы выяўляюць у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў геном чумы. Ну, які тут палітычны падтэкст? Калі ёсьць мэтодыка абыходжаньня з такім пагалоўем, то не вазі ты нікуды гэтых хворых сьвіней. Зрабі аналіз, нават калі праз суткі нічога не паказала, лепш патрывай яшчэ пяць. Усё нармальна — значыць, здаровае пагалоўе. Не атрымалася — сьпішы на прапажу, спалі ад граху далей. Дык не, эканомячы на запалках, рызыкуем разбурыць эканоміку. То бок на драбязе ашчаджаем, а на самой справе ставім пад сумнеў эканоміку дзяржавы. Гэтаксама і з расьлінным транзытам: чаму яны павінны закрываць вочы на тавары невядомага паходжаньня? У дадзеным выпадку палітычнага падтэксту я б не шукаў: калі людзі хвалююцца за бясьпеку сваіх спажыўцоў, то маюць права як мінімум прысароміць нядобрасумленнага партнэра».

Кіраўніцтва Расспажыўнагляду яшчэ раней выказала меркаваньне: легалізацыя ў Беларусі падкарантыннай прадукцыі з падробленымі фітасанітарнымі сэртыфікатамі мае сыстэмны характар. У незаконных пастаўках з Эўразьвязу расьлінай прадукцыі, якая пасьля няхітрых маніпуляцыяў станавілася турэцкай ці мараканскай, абвінавачвалася Дзяржаўная інспэкцыя па семягадоўлі, карантыне і ахове расьлінаў. Сёлета ў лістападзе расейскае ведамства безапэляцыйна назвала Беларусь «галоўным каналам пранікненьня кантрабанды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG