Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надуманыя жахі?


Канфэрэнцыя COP21: cкептыкі па-ранейшаму адмаўляюць сувязь глябальнага пацяпленьня і выкідаў парніковых газаў у атмасфэру.

На сусьветнай канфэрэнцыі ААН ў Парыжы па барацьбе са зьменамі глябальнага клімату з удзелам каля 40 тысяч дэлегатаў — палітыкаў, навукоўцаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячаў з 195 краін, у тым ліку больш за сто кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, ідзе выпрацоўка комплексу мерапрыемстваў, якія дапамогуць не дапусьціць падвышэньня сярэдняй тэмпэратуры на Зямлі больш як на 2 градусы да канца XXI стагодзьдзя.

Скептыкі па-ранейшаму ўпэўненыя: сувязь глябальнага пацяпленьня і выкідаў парніковых газаў перабольшаная, калі ня выдуманая наогул, а ўдзельнікам парыскага саміту ня суджана выпрацаваць рэальныя новыя дамоўленасьці, якія заменяць Кіёцкі пратакол.

Тым ня менш, агульнапрынятай у сьвеце зьяўляецца пункт гледжаньня, што не дапусьціць павышэньня тэмпэратуры да канца стагодзьдзя больш чым на 2 градусы можна галоўным чынам за кошт скарачэньня выкідаў у атмасфэру вуглякіслага газу. Гэтыя выкіды, як мяркуецца, зьяўляюцца асноўнай крыніцай парніковага эфэкту, вядучага да глябальнага пацяпленьня. Гэтая мэта не была дасягнутая на двух папярэдніх сусьветных канфэрэнцыях — у Кіёта ў 1997 годзе і ў Капэнгагене ў 2009-м.

Нямала навукоўцаў, у тым ліку амэрыканскіх, мяркуюць, што рашэньне задачы ня дасца і ўдзельнікам парыскага форуму. Прычына перш за ўсё ў тым, што экалёгія сёньня — гэта вялікая палітыка, па ацэнцы некаторых, нават большая, чым вайна.

Некаторы час таму прэзыдэнт ЗША Барак Абама, уражаны параўнаньнем яго з Уладзімірам Пуціным, заявіў: «Умяшаньне ў безнадзейныя ўзброеныя канфлікты не патрабуе асаблівых лідэрскіх здольнасьцяў». «А што патрабуе?» — Пацікавіўся інтэрвіюер. «Каардынацыя міжнародных намаганьняў па супрацьдзеяньні глабальнаму пацяпленьню», — без замінкі адказаў Абама.

Хор аптымістаў, які прадказвае посьпех Парыскай канфэрэнцыі, гучыць гучна, але не настолькі, каб заглушыць галасы тых, хто сумняваецца. «Зямля сапраўды награваецца», піша аглядальнік брытанскага часопісу The Spectator Уга Рыфкінд. «Але ня ў той меры і ня так хутка, як вынікае з мадэляў кліматолягаў. А ў апошні час пацяпленьне і зусім спынілася. Ставіць гэтую праблему ў адзін шэраг з неадкладнымі выклікамі тэрарызму недарэчна. Панікёры падобныя на стомленых анёлаў, якія танчаць на кончыку іголкі».

Да Рыфкінда далучаецца бізнэс-кансультант Дэвід Сыгал: «Апошнія дадзеныя пацьвярджаюць тое, пра што даўно паўтараюць скептыкі: паміж павелічэньнем эмісіі СО2 і павышэньнем тэмпэратуры Зямлі або ўзроўню сусьветнага акіяну няма адназначнай залежнасьці; аб’ёмы выкідаў вуглякіслага газу павялічваюцца ўсё хутчэй, а такога ж тэмпу падвышэньня тэмпэратуры і ўзроўню вады — няма. Апошнія альбо наогул не растуць, альбо растуць без усялякага паскарэньня. Барацьба з вуглевадароднымі відамі паліва выгадная толькі тым, чый посьпех у жыцьці залежыць ад нашай веры ў іх тэорыю».

«Прытворствам і блефам» называе Парыскую канфэрэнцыю ляўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Джозэф Стыгліц. «Немагчыма адначасова падтрымліваць Парыскую канфэрэнцыю і верыць у жахі глябальнага пацяпленьня.

«Той факт, што Абама знаходзіцца ў Парыжы, даказвае, што жахі гэтыя надуманыя», лічыць Орын Кас, супрацоўнік Манхэтанскага інстытуту і бліжэйшы памочнік Міта Ромні, суперніка Абамы на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Незадоўга да адкрыцьця Парыскага форуму ведамства ААН па ахове навакольнага асяродзьдзя паведаміла пра сьмерць Морыса Стронга, свайго першага кіраўніка, натхняльніка ідэі сусьветных самітаў па клімаце. Ці дасьць чалавецтва рады праблеме глябальнага пацяпленьня безь яго?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG