Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рабочым полацкага «Шкловалакна» забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі


Генэральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў выдаў адмысловы загад пра забарону карыстацца мабільным тэлефонам «не са службовымі мэтамі». Каго ўпаўнаважаць высьвятляць мэты тэлефанаваньняў, а таксама «сачыць і даносіць» — не пазначана.

На думку кіраўніка тамтэйшай суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, загад № 832, выдадзены 19 лістапада, — проста бязглузьдзіца:

Віктар Стукаў

Віктар Стукаў

«Тэлефоны ў работнікаў на прахадной не адбіраюць — людзі як ішлі зь імі на вытворчасьць, так і ідуць. Хто павінен адсочваць, ці размаўляў калега па мабільніку — не пазначана.

Як можна спраўдзіць, службовая ці неслужбовая была гаворка, — дык і ўвогуле немагчыма. Можна заўважыць, што чалавек размаўляе па мабільніку, аднак запатрабаваць, каб ён паведаміў, з кім і навошта — гэта ўжо ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё. Асобнае пытаньне — наяўнасьць службовых мабільных тэлефонаў у прадстаўнікоў адміністрацыі: як будуць адсочвацца размовы ў гэтым выпадку?

Ну, і ўвогуле гэта дзікунства! Прыкладам, у нас ёсьць начныя зьмены. І хіба гэта не нармальна, каб бацькі мелі магчымасьць патэлефанаваць дадому, каб спытацца, ці павячэрала дзіцё, ці зрабіла ўрокі і гэтак далей? Зразумела, што сядзець у інтэрнэце з мабільніка ў працоўны час недапушчальна. Але ж у загадзе № 382 — зусім не пра тое».

Віктар Стукаў падкрэсьлівае, што загад «Аб забароне выкарыстаньня асабістых мабільных тэлефонаў, пляншэтаў не ў службовых мэтах» ня мае пад сабой законных падставаў. Пра такую забарону не сказана ў Працоўным кодэксе, няма забароны на карыстаньне мабільнікам, апрача як у Правілах дарожнага руху або ў пераліку абавязкаў авіяпасажыраў.

Пазыцыя генэральнага дырэктара сфармуляваная ў загадзе № 382 такім чынам, што забарона на карыстаньне мабільнымі тэлефонамі не ў службовых мэтах паспрыяе забесьпячэньню працоўнай дысцыпліны. Рабочыя ж мяркуюць, што гэтая забарона можа быць зьвязаная і зь нежаданьнем адміністрацыі, каб фатаздымкі, якія могуць дыскрэдытаваць кіраўніцтва прадпрыемства, або зьвесткі пра нейкія надзвычайныя здарэньні траплялі наўпрост у інтэрнэт.

Згадваюць і тое, што Андрэй Бунакоў толькі з 1 жніўня стаў дырэктарам на «Полацак-Шкловалакне», а дагэтуль працаваў намесьнікам кіраўніка ААТ «Сьветлагорск-Хімвалакно» па ідэалягічнай працы. І цяпер спрабуе «заціснуць гайкі» на новай пасадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG