Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Пэнсійны ўзрост трэба падвысіць для чыноўнікаў: яны сядзяць у цяпле, бэтон не цягаюць...» — апытаньне ў Горадні


Лукашэнка даручыў чыноўнікам «параіцца з народам пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту». Што б вы адказалі, калі б у вас папрасілі такой парады? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Жанчына пэнсійнага веку: «Я як пэнсіянэрка, то магу ўжо свабодна казаць. Чула нядаўна, як па тэлебачаньні адна пэнсіянэрка казала: я б і ў 65 пайшла на пэнсію. Ну добра, то няхай адмовіцца ад пэнсіі і працуе да 65 гадоў, гэта ж цалкам магчыма зрабіць. А са мной працуе адна жанчына, дык яна ня можа дачакацца, каб хутчэй выйсьці на тую пэнсію, каб гэты тэрмін не працягнулі, бо яна ўся хворая, ледзьве ходзіць на тую працу. Канечне, як тыя чыноўнікі сядзяць у цёплых памяшканьнях, бэтон не цягаюць, то яны могуць працаваць і далей».

У мужчын цяпер сярэдняя працягласьць жыцьця складае ў нас 62 гады. Ну, а калі зробяць пэнсію ў 65, то будзем паміраць бяз пэнсіяў...

Мужчына перадпэнсійнага веку: «У мужчын цяпер сярэдняя працягласьць жыцьця складае ў нас 62 гады. Ну, а калі зробяць пэнсію ў 65, то будзем паміраць бяз пэнсіяў...»

Малады мужчына: «Я супраць гэтага. Калі яны хочуць гэта зрабіць для начальства і чыноўнікаў, то няхай яны сядзяць на працы хоць да 70 гадоў. А тыя, хто працуе на будоўлі, у 65 гадоў ня здолеюць бэтон цягаць і тую ж цэглу. Ісьці працаваць у дворнікі? Але ж цэлая краіна ня зможа працаваць дворнікамі».

Малады мужчына: «Ужо зараз пэнсіянэры ў 60 гадоў, нават вайсковыя, ідуць на працу не таму, што ім так хочацца, а таму, што нестае грошай на пражыцьцё. А дзяржава хоча адцягнуць, кажучы літаратурнай мовай, час дзеля таго, каб папросту меней выплочваць пэнсіяў...»

Дзяржава хоча адцягнуць, кажучы літаратурнай мовай, час дзеля таго, каб папросту меней выплочваць пэнсіяў...

Жанчына пэнсійнага ўзросту: «Я сама адношуся да гэтай катэгорыі і гляджу на сваіх пэнсіянэрак, то яны яшчэ многія выглядаюць маладымі і яшчэ год-два маглі б працаваць. А мужчынам я б пакінула пэнсію да 60 гадоў, як ёсьць, бо яны ў нас слабыя».

Маладая жанчына: «Мне здаецца, ня трэба падвышаць пэнсійны ўзрост. Мы прызвычаеныя да таго, што ёсьць, і наўрад ці перанастроімся на іншае».

Жанчына пэнсійнага веку: «Мне здаецца, што няхай усё застаецца як ёсьць. Я вунь пэнсіянэрка і шукаю зараз працу, і нідзе не магу знайсьці. Мяне на пэнсію адправілі, а ў мяне двое ўнукаў. Атрымліваю два мільёны з капейкамі, але што гэта за грошы? А паспрабуй накармі гэтых унукаў...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG