Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне ўпершыню за 70 гадоў перавыдадуць «Майн кампф» Гітлера


Мюнхэнскі Інстытут сучаснай гісторыі ў студзені 2016 перавыдасьць кнігу Адольфа Гітлера «Mein Kampf» («Мая барацьба»), якая не друкавалася ў Нямеччыне з часоў Другой сусьветнай вайны.

Паводле выдаўца, арыгінальны тэкст будзе суправаджацца шырокімі крытычнымі камэнтарамі, паколькі працы ўласьцівы ярка выражаны антысэмітызм, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Першы наклад кнігі, якая будзе надрукаваная ў двух тамах, складзе ад 3,5 да 4 тысяч асобнікаў.

Пляны перавыданьня «Маёй барацьбы» выклікалі рэзка нэгатыўную рэакцыю з боку габрэйскіх абшчынаў Нямеччыны, якія назвалі кнігу небясьпечнай. У Мюнхэнскім інстытуце сучаснай гісторыі адзначаюць, што публікуюць працу менавіта для таго, каб разьвеяць міты, якія склаліся вакол яе, і паказаць неабгрунтаванасьць яе тэзісаў.

Правы на кнігу «Мая барацьба» з канца Другой сусьветнай вайны належаць ураду фэдэральнай зямлі Баварыя, які адмаўляўся ад перавыданьня працы з павагі да ахвяраў нацызму. Аднак 1 студзеня 2016 году тэрмін аховы аўтарскіх правоў на твор скончыцца.

Кніга была напісана Гітлерам у 1924 годзе ў турме, куды яго пасадзілі за правядзеньне «піўнога путчу» — спробы захапіць уладу ў Баварыі ў лістападзе 1923. У працы выкладзены ідэі нацыянал-сацыялізму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG