Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 26. Мы ніколі так добра не жылі


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Гэта інаўгурацыйны таракан, які раз-пораз варушыць вусамі ў зваротах прэзыдэнта да народа. Народ даверліва слухае.

Каб зразумець, што гэта таракан, дастаткова схадзіць на «Ідылію» ў Купалаўскі тэатар ці хоць бы пагартаць альбомы Напалеона Орды, ці ўчытацца ў Статут ВКЛ, які, між іншым, быў дзейным законам, а не дэклярацыяй.

Даўнавата было? Тое, што для любога немца ці француза было «словно как вчера», для нас – «прекрасное далёко». Вось толькі і беларус гадоў сто назад ведаў на зубок і пра сваё дваранскае паходжаньне і пра спадчынную маёмасьць – ад цара Гароха. Пасьля памяць адбілі. Зьнішчылі ўсіх, хто памятаў. Сёньня ня кожны школьнік скажа, як звалі дзеда.

200 гадоў расейскай зачысткі на землях Беларусі і нарадзілі гэтага таракана. Мы сапраўды ніколі так добра не жылі, як да і пасьля расейскай акупацыі.

І што гэта ўвогуле за крытэр? І чыя заслуга, што мы жывем лепш, чым жылі? Ці гэта не натуральны працэс разьвіцьця краіны (калі ёй не замінаюць разьвівацца)? Нават пры самым бяздарным кіраўніцтве.

У дзіўнага таракана ёсьць яшчэ больш дзіўная пара – тараканіха. Разам яны выглядаюць так: «Мы ніколі так добра не жылі, таму трэба пацярпець і зажывем яшчэ лепей».

На тараканіху надоечы зьвярнуў увагу ў фэйсбуку Андрэй Дзьмітрыеў. Ён пытаўся ў знаёмых у «ЗША, Нямеччыне, Швэцыі, Францыі, Бэльгіі і многіх іншых краінах. Я задаваў толькі адно пытаньне: “Колькі вы цярпелі, каб жыць так, як жывяце цяпер?” Ніхто не разумеў майго пытаньня. Навошта цярпець, проста краіна разьвівалася, ішла наперад, паляпшала сацыяльныя гарантыі і разьвівала магчымасьці для грамадзян».

Ага, «проста».

Дзьмітрыеў згадвае, што цярпець у імя лепшага жыцьця ў нас заклікалі і бацькоў і дзядоў. Гэта значыць, многія так і не дацярпелі, а жыцьцё прамінула. Падманула, выходзіць, тараканіха. І мы з вамі таксама ні да чаго талковага не дацерпім.

Самец-вусач, пры ўсім ягоным бляску і лоску, таксама напавер аказваецца падманшчыкам. Бо што значыць «добра жывем»? У параўнаньні з вайной і калектывізацыяй добра, а ў параўнаньні з суседнімі краінамі Эўразьвязу, такімі ж ахвярамі вайны і калектывізацыі, ня надта. Параўнайце хаця б мінімалку і пэнсію, ня кажучы ўжо пра свабоды і правы чалавека.

І ніяк мы да іх не дацерпім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG