Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і ЭЗ дамовіліся працягваць санкцыі супраць Расеі да вяртаньня Кіеву кантролю над мяжой — каардынатар


Каардынатар палітыкі санкцыяў у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША Даніэл Фрыд
Каардынатар палітыкі санкцыяў у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША Даніэл Фрыд

ЗША і ЭЗ дамовіліся працягнуць санкцыі супраць Расеі да поўнага выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, пацьвердзіў каардынатар палітыкі санкцыяў у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША Даніэл Фрыд.

А апошнім вызначальным элемэнтам усіх менскіх дамоўленасьцяў — Менскага пратаколу, Менскага мэмарандуму і Менскага комплексу мерапрыемстваў — зьяўляецца вяртаньне Кіеву кантролю за міжнароднай мяжой з Расеяй на ўсходзе Ўкраіны, нагадаў ён, выступаючы ў Эўрапейскім палітычным цэнтры ў Брусэлі.

Толькі пасьля поўнага аднаўленьня гэтай мяжы магчымая адмена санкцыяў, дадаў ён і падкрэсьліў: ЗША ня маюць намеру мяняць гэтую пазыцыю.

Пры гэтым чыноўнік зьвярнуў увагу, што Злучаныя Штаты Амэрыкі і Эўрапейскі зьвяз дамовіліся і пра тое, што санкцыі, уведзеныя з-за акупацыі і спробы анэксіі Крыму, цалкам асобныя. Гэтыя санкцыі могуць працягвацца і пасьля выкананьня менскіх пагадненьняў праз узгодненую ЗША і ЭЗ палітыку непрызнаньня гэтай спробы Расеі анэксаваць украінскі Крым, дадаў Фрыд.

Каардынатар санкцыяў ЗША таксама папярэдзіў, што санкцыі супраць Расеі могуць быць і ўзмоцненыя, «калі Расея і яе марыянэткі зноў распаляць поўнамаштабны ваенны канфлікт і ажыцьцявяць агрэсію па-за лініяй кантакту» на ўсходзе Ўкраіны.

У той жа час ён патлумачыў і кантакты ЗША з Расеяй па Сырыі і падкрэсьліў: ЗША «не пайшлі на спакусу абмяняць Сырыю на Ўкраіну».

«Трэба растлумачыць выразна: мы, Захад, можам адначасова рабіць розныя рэчы. Мы можам супрацоўнічаць з Расеяй у некаторых абласьцях і ў той жа час аказваць на яе цьвёрды ціск санкцыямі праз Украіну. Мы можам гэта рабіць, і мы гэта робім», — заявіў Даніэл Фрыд.

ЗША, Эўразьвяз, а таксама краіны «Групы сямі» і шэраг іншых краінаў сьвету, у асноўным у Эўропе, увялі супраць Расеі і супраць украінскіх сэпаратыстаў у Крыме і на Данбасе некалькі пакетаў санкцыяў, асобна за акупацыю Расеяй украінскага Крыму і непрызнаную сьветам спробу анэксіі паўвострава і праз агрэсію Расеі на ўсходзе Ўкраіны. Пры гэтым яны ўжо ня раз заяўлялі, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі гэтыя санкцыі могуць быць ўзмоцненыя, а адмененыя яны могуць быць адпаведна толькі пасьля дэакупацыі Крыму або пасьля поўнага выхаду Расеі з канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і вяртаньня Кіеву кантролю над рэгіёнам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG