Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман пад сьцягамі. Александрына змагалася за Яўгена як за палітвязьня, а потым закахалася


Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева

Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева

Незвычайная гісторыя каханьня былога палітзьняволенага Яўгена Васьковіча і журналісткі незалежнага выданьня Александрыны Глаголевай.

На шэсьці і мітынгу ў Слуцку, прымеркаваных да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, гэтая пара ўвесь час трымалася за рукі.

Гэтаксама поруч яны ішлі ў калёне да Курапатаў на апошніх Дзядах у Менску. Выглядае, што Яўген і Александрына ўсё нібыта не пазбавяцца страху, што вось-вось іх могуць разлучыць. Яны толькі некалькі месяцаў разам. Яшчэ год таму Яўген быў у вязьніцы, Александрына вучылася ў Маскве, яны нічога ня ведалі адно пра аднаго, і іхнія «арбіты» ну ніяк не павінны былі перасекчыся.

Але потым як нешта падштурхнула бліжэй да чалавека, пра якога яшчэ і ня ведала.

Александрына. З Масквы ў Бабруйск

Александрына кажа, што ёй ня проста надакучыла жыцьцё ў Маскве, дзе пражыла 7 гадоў, вучылася на перакладчыка і ўжо пачала працаваць па спэцыяльнасьці. Яна не змагла там больш жыць нават фізычна:

«Разумееце, я паехала туды неўзабаве пасьля заканчэньня школы. Вырашыла вучыцца ў лінгвістычным, але дзе? У беларускіх ВНУ — афіцыйная ідэалёгія, прымусовае разьмеркаваньне. За мяжой каб вучыцца, патрэбныя вялікія грошы. Таму застаецца Расея, дзе ў Маскве жыве мой бацька. Але галоўнае, як мне тады падавалася, Расея — гэта свабодная краіна. Аказалася, што Масква — гэта шок, прычым усе гады, што я там пражыла. Велізарнейшы горад, шматнацыянальны. Я вырасла ў ціхім правінцыйным горадзе, а тут нешта неверагоднае. Беларусь усё ж монанацыянальная краіна, а ў іх зусім усё рознае і шмат чаго. Але галоўнае, што адносіны паміж людзьмі зусім іншыя, зусім не душэўныя, можна гэтак сказаць — таварна-грашовыя. У выніку вырашыла: была не была, але вярнуся ў Бабруйск, да маці. Вярнулася».

Год таму Александрына прыехала ў родны Бабруйск, паступіла вучыцца ў ЭГУ на журналіста і ўладкавалася на працу ў «Бабруйскі кур’ер» — недзяржаўную гарадзкую газэту, вядомую сваёй прадэмакратычнай пазыцыяй.

Яўген. З карцэра на волю

Яўген Васьковіч пасьля вызваленьня турмы, на кангрэсе "Маладога Фронту" ў Менску

Яўген Васьковіч пасьля вызваленьня турмы, на кангрэсе "Маладога Фронту" ў Менску

Ужо ў газэце дзяўчына даведалася пра гісторыю трох бабруйскіх хлопцаў. Сярод іх і быў Васьковіч, якога ажно на 7 год пасадзілі ў турму за тое, што ўдзельнічаў каля будынку КДБ у пратэстнай акцыі — аблілі дзьверы бэнзінам і падпалілі.

Цяпер Александрына лічыць, што гэта была сымбалічная акцыя, ад якой ніхто ня мог пацярпець і шкоды вялікай ад яе быць не магло. Праўда тады, да сустрэчы зь Яўгенам, думкі былі інакшыя. Але найперш ёй хацелася дапамагчы хлопцам, якія апынуліся за кратамі ды цярпелі ад ціску адміністрацыі калёніяў. Пра Яўгена ёй было вядома, што яго рэгулярна кідаюць у карцэр і што сядзеў ён у «крытай» турме, як злосны і небясьпечны злачынца.

Пачатак раману

Яўген і Александрына

Яўген і Александрына

Александрына распавяла, як пачынаўся іхні раман — з завочнага знаёмства:

«Мяне вельмі зацікавіла гэтая гісторыя. Распавядала пра яе знаёмым, асьвятляла як журналіст акцыі ў абарону хлопцаў, нават сама ўдзельнічала. Апошні раз улетку, на дзень народзінаў Статкевіча мы вышлі на вулічную акцыю, надзелі майкі са словамі „Свабоду палітвязьням“, а літаральна праз 10 дзён іх усіх вызвалілі. Тады я ўпершыню яго і пабачыла. А яшчэ празь некалькі дзён Яўген прыйшоў да нас на працу, дакладней, ён аднавіўся на працы ў рэдакцыі. Такі спакойны, усьмешлівы і вельмі моцны, хоць яшчэ малады. Ну, і ...у нас усё пачалося».

Яўген Васьковіч у рэдакцыі цяпер за кур’ера. Як кажа Александрына, зь цягам часу, магчыма, ён падасца ў журналістыку — прынамсі тыя артыкулы, якія спрабаваў пісаць, яму ўдаваліся. Але дзяўчына не выключае і нейкага іншага павароту іхніх лёсаў, бо палітыку Яўген ня кінуў, а значыць, цяпер гэта і яе справа. Дарэчы, ёй ужо цікавіліся супрацоўнікі бабруйскай управы КДБ, і ад гэтага яна засталася не ў захапленьні:

«У мяне была такая сытуацыя: толькі я вярнулася ў Бабруйск, а мной адразу зацікавіліся з КДБ. Можа, з-за таго, што я паступіла ў ЭГУ, можа, з прычыны запісаў у Фэйсбуку. Цікавіліся ў тым ліку, як я кантактую з „Маладым фронтам“, хоць я проста некага ведала праз знаёмых. Разумею цяпер, як яны могуць дастаць!» — абураецца Александрына.

Пра адносіны зь Яўгенам яна распавядае з большай ахвотай. Александрына ўпадабала Яўгена найперш за сілу і моц духу, якія адчула адразу, як пазнаёміліся.

Мара адна на дваіх

Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева на мітынгу ў Слуцку, вітаюцца з Аляксеем Янукевічам.

Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева на мітынгу ў Слуцку, вітаюцца з Аляксеем Янукевічам.

Яўген пра Александрыну кажа, што яна вельмі адукаваная і прыгожая дзяўчына, і адзначае, што яшчэ яны аднадумцы паводле жыцьцёвых прынцыпаў, а гэта для яго, былога вязьня, вельмі важна.

«Вы бачылі мяне на акцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам? Я трымаюся гэтага сьцяга сьвядома, ня толькі таму, што пад ім мой хлопец, — кажа Александрына Глаголева і раскрывае тэму ўжо як прафэсійны журналіст.— Для мяне гэты сьцяг — як мара, а ня проста сымбаль незалежнасьці. Гэта мара пра Беларусь, якую я хачу бачыць, якой яна павінна быць. Беларусь была пад гэтым сьцягам усяго некалькі гадоў, якіх я амаль ня памятаю, бо была маленькая. Мне цяпер пра той час распавядаюць бацькі, старэйшыя калегі, і становіцца вельмі дзіўна, што ў нас гэта было — пра што цяпер можна толькі марыць. Але я мару, што ўсё вернецца. У тым ліку мару пра тое, што і бел-чырвона-белы сьцяг да нас вернецца».

* * *

Яўгену Васьковічу 25 год, зь якіх 4 ён адбыў за кратамі. Актывіста БХД і «Маладога фронту» асудзілі на 7 год зьняволеньня паводле артыкулаў аб злосным хуліганстве і наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці.

У ноч на 17 кастрычніка 2010 году Яўген Васьковіч разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым кінулі бутэльку з запальнай сумесьсю ў дзьверы Бабруйскай управы КДБ. Актывістаў асудзілі ў кастрычніку 2011 году. На судзе Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб зробленым, што ён ліцьвін і сваім абавязкам лічыць абарону беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў. Адбываў пакараньне спачатку ў Магілёўскай калёніі, потым у «крытай» турме Магілёва, потым зноў у калёніі. Праваабаронцы прызналі Васьковіча палітвязьнем з прычыны «празьмернасьці пакараньня». Вызвалены датэрмінова ў жніўні 2015 году паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG