Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў чыноўнікам «параіцца з народам пра пэнсійны ўзрост»


Сёньня падчас урадавай нарады наконт перамоваў з МВФ кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт плянаў падвышэньня пэнсійнага ўзросту.


«Калі мы гаворым пра тое, што нам трэба павышаць пэнсійны ўзрост, што нам, дарэчы, МВФ настойліва раіць, я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасьць — нам трэба падвышаць пэнсійны ўзрост, і назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам,» — заявіў Лукашэнка. Ён удакладніў, што даручыў сваёй адміністрацыі гэта зрабіць. «Думаю, яны ўжо выпрацавалі нейкі альгарытм, як з народам параіцца,» — сказаў ён.

Гаворачы аб павышэньні пэнсійнага ўзросту, кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: «Калі ня мы сёньня гэта зробім, то ўсё гэта ляжа на нашых дзяцей». Пры гэтым ён перасьцярог урад ад пасьпешлівых крокаў у гэтым кірунку: «Калі ва ўрадзе ў кагосьці трэнд бегчы наперадзе цягніка, то я хачу папярэдзіць — не рабіце гэтага».

«Калі ў МВФ нас не падтрымаюць і не зразумеюць, у гэтым няма трагедыі, — заявіў Лукашэнка. — Яны ўсю праграму пералічылі, я нідзе не сказаў ім „не“ — ні па тарыфах, ні па ўзросьце, ні па заробках».

На сёньняшняй нарадзе прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў паведаміў, што Беларусь запытвае ў Міжнароднага валютнага фонду крэдыт на 3 млрд. даляраў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Паводле Лукашэнкі, ніхто Беларусі, у тым ліку і Расея, пад такія нізкія адсоткі крэдытаў не дае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG