Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РФ хоча забараніць увоз садавіны і гародніны празь Беларусь зь іншых краін


Беларусь увозіць з ЭЗ прадукцыю невядомага паходжаньня па мараканскіх і турэцкіх дакумэнтах — сьцьвярджаюць чыноўнікі.

Расьсельгаснагляд абвясьціў, што можа забараніць пастаўкі ў Расею садавіны і гародніны празь Беларусь зь іншых краін. Прычынай ў ведамстве назвалі падробленыя фітасанітарныя сэртыфікаты, па якіх увозіцца такая прадукцыя, — заявіла намесьнік кіраўніка Расьсельгаснагляду Юлія Швабаўскене.

Паводле яе, часьцей за ўсё парушальнікі расейскага харчовага эмбарга падрабляюць сэртыфікаты Турцыі і Марока, выдаючы за прадукцыю гэтых краін тавары з ЭЗ.

«Ня выключана, што мы будзем вымушаныя прыпыніць пастаўку прадукцыі расьлінаводзтва празь Беларусь з тых краін, чые фітасанітарныя сэртыфікаты былі прызнаныя падробленымі», — сказала чыноўніца.

Усяго сёлета Расьсельгаснагляд, паводле яе словаў, выявіў 417 падробленых фітасанітарных сэртыфікатаў, на якія ў Беларусі выдавалі рээкспартныя сэртыфікаты. «Гэта тычыцца яблыкаў, груш, хурмы і іншай прадукцыі невядомага паходжаньня, якая ішла па асноўных падробленых сэртыфікатах», — сказала Швабаўскене.

Больш за ўсё было падроблена сэртыфікатаў Турцыі — 178. Турцыя пацьвердзіла, што гэтыя дакумэнты не выдавала. Акрамя таго, было выяўлена 115 падробленых сэртыфікатаў Марока, 46 — Македоніі, 28 — Туніса, 22 — Сэрбіі, 19 — Босьніі і Герцагавіны, два — Ізраіля. Падрабляюцца таксама сэртыфікаты Бразыліі, Эквадора, ПАР, Чылі.

«Гэта сьведчыць аб тым, што колькасьць прадукцыі невядомага паходжаньня, якая ўвайшла ў краіну, значна большая, таму што існуюць аб’язныя дарогі вакол нашых пунктаў рэгістрацыі, — зазначыла Швабаўскене. — І гэта кажа пра тое, што сёньня Беларусь сэртыфікуе прадукцыю невядомага паходжаньня, не забясьпечваючы бясьпеку па пэстыцыдах, нітратах. Гэтыя паказчыкі не правяраюцца».

У Расьсельгаснаглядзе лічаць, што ўсе падробленыя дакумэнты, па якіх экспарт ідзе зь Беларусі ў Расею, на самай справе выпускаюцца ў Эўразьвязе для абыходу расейскага харчовага эмбарга.

«Інакш чаму, да прыкладу, для мараканскай прадукцыі выбіраецца такая складаная лягістыка — праз Польшчу, Літву ці Латвію, калі звычайна яна пастаўляецца кантэйнэрамі ў Наварасійск?» — запыталася Швабаўскене.

***

Раней з падобных прычынаў Расьсельгаснагляд з 1 верасьня забараніў увоз у Расею прадукцыі з баўгарскімі фітасанітарнымі сэртыфікатамі, — у асноўным садавіны і гародніны.

З 6 жніўня, па ўказе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, санкцыйныя прадукты больш не заварочваюцца на мяжы, а адразу зьнішчаюцца.

У Расеі ў апошні год дзейнічае забарона на ўвоз шэрагу відаў харчовай прадукцыі з краін ЭЗ, а таксама Аўстраліі, Канады, Нарвэгіі, Альбаніі, Чарнагорыі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйна, ЗША і Украіны. Такія захады Расея ўвяла ў адказ на эканамічныя санкцыі гэтых краін, уведзеных супраць Расеі з-за анэксіі Крыму.

З моманту ўвядзеньня санкцый у Расею рэзка вырас экспарт зь Беларусі мідыяў, крэвэтак, ківі і іншай харчовай прадукцыі, якая тут традыцыйна не выраблялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG