Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы затрымалі сем машын з садавіной на мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыя ©Shutterstock

Ілюстрацыя ©Shutterstock

Рассельгаснагляд паведаміў пра затрыманьне 1 сьнежня ў Пскоўскай вобласьці 7 аўтатранспартных сродкаў з садавіной, якія накіроўваліся з Рэспублікі Беларусь.

Краінамі паходжаньня падкарантыннай прадукцыі, якую везьлі зь Беларусі, былі заяўленыя Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Марока, Бразылія і Македонія. Агульная вага затрыманай прадукцыі складае больш за 135 тон.

На падставе адмысловага ўказу расейскага прэзыдэнта фітасанітарныя сэртыфікаты накіраваныя на пацьвярджэньне сапраўднасьці ў кампэтэнтныя органы ПАР, Марока, Бразыліі і Македоніі.

Пакуль расейскі бок не атрымае адказаў ад гэтых краін, затрыманыя аўтатранспартныя сродкі будуць знаходзіцца на расейскім кантрольным пункце, паведамляе Рассельгаснагляд.

Рассельгаснагляд таксама паведаміў, што з 7 сьнежня ўводзіць спэцыяльны фітасанітарны рэжым. Ведамства вымушана зрабіць дадатковыя ахоўныя захады дзеля ўзмацненьня карантыннага фітасанітарнага кантролю падкарантыннай прадукцыі, якая паступае ў Расею празь Беларусь, паведамляе Рассельгаснагляд на сваім сайце.

Як патлумачылі ў прэс-службе расейскага ведамства, Расея не прапусьціць зь Беларусі ўсю сумнеўную прадукцыю. «Усё, што выклікае ў нас сумненьне, ня будзе дапушчана на тэрыторыю Расеі», — сказала прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелана.

Як гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду, «беларускі бок праінфармаваны пра тое, што падкарантынная прадукцыя, якая суправаджаецца фітасанітарнымі сэртыфікатамі, якія выклікаюць сумненьне ў сапраўднасьці, а таксама па марфалягічных і сэзонных прыкметах не адпавядае краіне паходжаньня, не падлягае ўвозу ў Расейскую Фэдэрацыю». У расейскім ведамстве заяўляюць, што ў Расею зь Беларусі па падробленых фітасанітарных сэртыфікатах усё часьцей паступае прадукцыя, якая трапляе пад харчовае эмбарга.

XS
SM
MD
LG