Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крок да ізаляцыі»: Расея прызнала «непажаданымі» арганізацыі Фонду Сораса


Джордж Сорас
Джордж Сорас

Прызнаньне «непажаданымі» дэ-факта значыць забарону без рашэньня суду.

Генэральная пракуратура Расеі 30 лістапада прызнала «непажаданымі» дзьве замежныя няўрадавыя арганізацыі: Фонд «Адкрытае грамадзтва» і інстытут «Адкрытае грамадзтва — фонд судзеяньня» Фонду Сораса, сеткі міжнародных дабрачынных арганізацыяў амэрыканскага фінансіста Джорджа Сораса. Арганізацыі могуць аспрэчваць рашэньне ў судзе, таксама выключыць іх са сьпісу «непажаданых» можа сама Генпракуратура.

Іх дзейнасьць, паводле рашэньня Генпракуратуры ,"уяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу Расейскай Фэдэрацыі і бясьпецы дзяржавы«. Раней арганізацыя трапіла ў неафіцыйны «патрыятычны стоп-ліст» расейскага Савету Фэдэрацыі — сьпіс заходніх недзяржаўных фондаў, якія верхняя палата першым чынам прапанавала праверыць Генпракуратуры і МЗС на адпаведнасьць закону пра «непажаданыя» арганізацыі, што набыў сілу ў траўні 2015 году. Рашэньне аб прызнаньні «непажаданай» прымаецца асабіста Генэральным пракурорам альбо яго намесьнікамі, «кіруючыся зьвесткамі праваахоўных органаў» — гэта значыць, без суду.

Прызнаньне «непажаданай» фактычна значыць забарону арганізацыі. Хоць Расея ня можа закрыць замежную арганізацыю, напрыклад, сам Фонд Сораса, яна можа (і будзе ў выпадку «непажаданасьці») закрываць даччыныя структуры арганізацыі на сваёй тэрыторыі ды забараняць ствараць новыя. А тым, хто ўсё адно будзе працаваць, нават неафіцыйна, на «непажаданую» арганізацыю, будуць прысуджаць штрафы і нават турэмныя тэрміны да 6 год у выпадку паўторных парушэньняў.

Фонд Сораса «ўстрывожаны», Дзярждэп «занепакоены»

З рашэньнем нязгодны ні сам Джордж Сорас, ні дзярждэпартамэнт ЗША.

«Мы ўпэўненыя, што гэты крок ёсьць часовай абэрацыяй, — перадае прэс-служба Фонду словы Сораса. — Жаданьні расейскага народу, яго спадзяваньні на лепшую будучыню ня могуць быць задушаныя. Такія спробы ў канчатковым выніку ня будуць мець посьпеху».

У Фондзе «ўстрывожаныя» рашэньнем Генпракуратуры і пераконваюць, што фонд «цягам чвэрці стагодзьдзя спрыяў умацаваньню інстытуту закону ў Расеі і абароне правоў». Раней, сьцьвярджаюць у Фондзе, расейскі ўрад спрыяў яго дзейнасьці.

Фонд Сораса і яго даччыныя арганізацыі падтрымліваюць праграмы па адукацыі, культуры і аховы здароўя. Фонд Сораса так ці іначай падтрымліваў расейскіх спэцыялістаў у згаданых галінах з 1987 году па нашыя дні, пастаяннае прадстаўніцтва Фонду дзейнічала ў Расеі з 1995 па 2003 год, агульная сума грантаў склала больш за мільярд даляраў.

«Мы глыбока занепакоеныя працягам абмежаваньняў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці ў Расеі, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Марк Тонэр. — Расейцы, як і іншыя народы, заслугоўваюць адкрытага рынку ідэяў, празрыстага і падсправаздачнага праўленьня, роўнасьці ўсіх перад законам і магчымасьці рэалізоўваць свае правы, не асьцерагаючыся помсты. Мы заклікаем урад Расеі выканаць свае міжнародныя абавязацельствы па павазе да свабоды меркаваньняў, мірных сходаў і аб’яднаньняў, а таксама вяршэнства закону».

На думку Дзярждэпу, прызнаньне арганізацыяў «непажаданымі» яшчэ больш абмяжуе дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці ў Расеі на карысьць расейскага народа. Яно, сьцьвярджае Тонэр, «ёсьць яшчэ адным прыкладам нарастаньня падаўленьня расейскім урадам незалежных галасоў і сьвядомага кроку да далейшай ізаляцыі расейскага народу ад астатняга сьвету».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG