Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна памяняла расейскага афіцэра на палоннага абаронцу Данецкага аэрапорта


Уначы 1 сьнежня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сустрэўся ў Кіеве з вызваленым 30 лістапада з палону прарасейскіх баевікоў украінскім афіцэрам Андрэем Грачанавым, вядомым пад пазыўным «Рахман» абаронцам Данецкага аэрапорта, адным з камандзіраў 81-й брыгады.

«Я сёньня размаўляў з прэм’ерам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу. Мы зь ім абмяркоўвалі, і я сказаў, што вымушаны аддаваць расейскага маёра Старкова. Дык ён прывёў мне такі прыклад, што за капрала ізраільскай арміі яны аддалі тысячу тэрарыстаў, і лічаць, што зрабілі гэта правільна», — сказаў Парашэнка у размове з «кібаргам» «Рахманам».

Прэзыдэнт Украіны таксама патэлефанаваў жонцы і маці афіцэра Андрэя Грачанава і падзякаваў за такога мужа і сына, інфармуе сайт кіраўніка дзяржавы.

Пятро Парашэнка яшчэ ў пачатку кастрычніка казаў, што ставіў пытаньне аб вызвальненьні палонных ўкраінскіх ваенных, у прыватнасьці, менавіта «Рахмана», падчас сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы і атрымаў пацьверджаньне ад прэзыдэнта Расеі Ўладзімкра Пуціна, што той «прыме захады» для вызваленьня Андрэя Грачанава.

Грачанаў трапіў у палон данецкіх сэпаратыстаў у сярэдзіне жніўня. «Рахман» стаў вядомым, дзякуючы працягламу ўдзелу ў абароне данецкага аэрапорта, з-за чаго заслужыў мянушку «кібарг», а таксама ордэн Багдана Хмяльніцкага III ступені.

Расейскага афіцэра Ўзброеных сіл, маёра-тылавіка Ўладзіміра Старкова затрымалі 25 ліпеня ў Данецкай вобласьці разам з грузавіком з боепрыпасамі, калі ён ехаў па акупаваных тэрыторыях з Данецка ў горад Ясны, але, заблукаўшы, трапіў на блёкпост украінскіх войскаў. Яму выставілі абвінавачваньні паводле артыкулу аб тэрарызьме, а потым прысудзілі да 14 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, прызнаўшы яго вінаватым ва «ўдзеле ў вядзеньні агрэсіўнай вайны супраць Украіны ў мэтах выкананьня загадаў начальніка Генштабу Расеі», як паведамляў галоўны ваенны пракурор Анатоль Маціас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG