Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі хочуць наладзіць пікет у абарону старых грошай


Гомельскія грамадзкія актывісты Ўладзімер Кацора і Ўладзімер Няпомняшчых накіравалі ў гарвыканкам заяўку на пікет 20 сьнежня ў абарону цяперашніх грашовых знакаў.

Ўладзімер Няпомняшчых

Ўладзімер Няпомняшчых

«Такім чынам мы маем зьвярнуць увагу ўладаў і грамадзтва на недапушчальнасьць пасьля правядзеньня дэнамінацыі зьнішчэньня і пахаваньня грашовых купюраў узору 2000 году. Ня трэба іх зьнішчаць, бо ў бліжэйшы час у Беларусі магчымы новы віток інфляцыі, як гэта было ўжо ня раз. І што — зноў нулі дапісваць? Трэба больш рацыянальна глядзець на рэчы: у такім разе Нацбанк дастае старыя купюры і пускае ў абарачэньне. І людзі не ў накладзе. Хто не пасьпеў абмяняць старыя грошы, не бяда — прыдадуцца ў будучыні», — аргумэнтуе мэту замоўленага масавага мерапрыемства яго ініцыятар Ўладзімер Няпомняшчых.

Гарвыканкам заяву яшчэ не разгледзеў. Але заяўнікі спадзяюцца, што пасьля дзесяцігадовай забароны пікетаў і мітынгаў, Гомельскі гарвыканкам адгукнецца на ініцыятыву і дасьць дазвол на пікет у падтрымку айчыннай фінансавай сыстэмы. Тым больш, што ініцыятары пікету маюць не пазьней за 10 дзён пасьля яго правядзеньня аплаціць выдаткі, зьвязаныя з аховай грамадзкага парадку, мэдыцынскім абслугоўваньнем і ўборкай тэрыторыі.

Меркаванае месца правядзеньня пікету — плошча Паўстаньня, працягласьць — адна гадзіна, з 11.00 да 12.00.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG