Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пуцін сустрэўся з Абамам і адмовіўся сустракацца з Эрдаганам


Барак Абама і Ўладзімер Пуцін

Барак Абама і Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнты ЗША і Расеі Барак Абама і Ўладзімер Пуцін правялі ў Парыжы, у кулюарах канфэрэнцыі ААН па клімаце, сустрэчу «за зачыненымі дзьвярыма». Сустрэча працягвалася поўгадзіны.

Барак Абама выказаў шкадаваньне ў сувязі з атакай на зьбіты Су-24 у Турэччыне, паведамілі ў Крамлі пасьля сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. У Белым доме сказалі, што Абама заявіў Уладзіміру Пуціну аб неабходнасьці сыходу Башара Асада.

Калі Расея будзе выконваць менскія пагадненьні, санкцыі ў дачыненьні да Масквы могуць быць аслабленыя

Чыноўнік з адміністрацыі Абамы паведаміў Reuters, што Сырыя і Ўкраіна сталі асноўнымі тэмамі размовы кіраўнікоў Расеі і ЗША. Паводле крыніцы агенцтва, Абама падкрэсьліў важнасьць дыпляматычнага рашэньня ўкраінскага крызісу. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што калі Расея будзе выконваць менскія пагадненьні, санкцыі ў дачыненьні да Масквы могуць быць аслабленыя.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што сустрэча Пуціна з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам не плянуецца. «Такой сустрэчы ня будзе,» — сказаў ён. Ён адхіліў і магчымасьць у бліжэйшы час тэлефоннай гутаркі паміж кіраўнікамі Расеі і Турэччыны.

Раней прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган неаднаразова заяўляў аб жаданьні правесьці перамовы з Пуціным у кулюарах кліматычнай канфэрэнцыі ў Парыжы.

Анкара ня будзе прыносіць прабачэньні Маскве ў сувязі з абстрэлам турэцкімі ВПС расейскага Су-24

Сёньня ж прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу заявіў, што Анкара ня будзе прыносіць прабачэньні Маскве ў сувязі з абстрэлам турэцкімі ВПС расейскага Су-24. Выступаючы перад журналістамі пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром НАТО Ёнсам Столтэнбэргам у Брусэлі, ён зноў падкрэсьліў, што Турэччына мае права абараняць сваю паветраную прастору. Давутаглу папярэдзіў, што рызыка падобных інцыдэнтаў будзе захоўвацца да таго часу, пакуль Расея і кіраваная ЗША кааліцыя дзяржаваў будуць паасобку, няўзгоднена наносіць удары па баявіках групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Сырыі. Давутаглу выказаў надзею, што Расея перагледзіць санкцыі, уведзеныя ёю ў дачыненьні да Турэччыны.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу заявіў, што кіраўнікі МЗС краінаў НАТО на сустрэчы 1-2 сьнежня ў Брусэлі разгледзяць сытуацыю са зьбітым Су-24 і шляхі магчымага прадухіленьня такіх інцыдэнтаў у будучыні. Столтэнбэрг таксама сказаў, што ніхто з саюзьнікаў па НАТО ня ставіць пад сумнеў права Турэччыны абараняць свае межы.

XS
SM
MD
LG