Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Віктар Сабалеўскі


Віктар Сабалеўскі
Віктар Сабалеўскі

У Магілёве на 87 годзе жыцьця памёр адзін з пачынальнікаў мясцовага адраджэнскага дэмакратычнага руху, даўні слухач беларускай Свабоды Віктар Філімонавіч Сабалеўскі. Усё сваё жыцьцё ён выкладаў замежныя мовы. Гэты невысокі добразычлівы чалавек, адораны настаўніцкім талентам, паказаў дарогу ў жыцьцё не аднаму пакаленьню моладзі. Ён спагадаў і дапамагаў, не дэманструючы сваёй чыннасьці.

Нарадзіўся Віктар Філімонавіч 16 жніўня 1929 году ў Магілёве. Скончыў Маскоўскі лінгвістычны інстытут Марыса Тарэза. Потым працаваў у Расеі школьным настаўнікам і інстытуцкім выкладчыкам. У Беларусь вярнуўся ў 1964 годзе. Выкладаў у магілёўскіх інстытутах замежныя мовы. Удава Віктара Філімонавіча Вольга Іванаўна кажа: муж дужа любіў моладзь і аддаваў працы ўсяго сябе.

Віктар Філімонавіч — прадстаўнік нешматлікага пласта гарадзкой беларускай інтэлігенцыі. Ён не займаў высокіх пасадаў, не засядаў у прэзыдыюмах. У памяці тых, з кім знаўся, ён застанецца чалавекам сьціплым, адукаваным і інтэлігентным.

Згадвае ягоны паплечнік, былы кіраўнік абласной фронтаўскай арганізацыі Анатоль Фёдараў. Паводле яго, Віктар Філімонавіч далучыўся да адраджэнскай арганізацыі ў Магілёве на этапе яе станаўленьня, на пачатку 1990-х гадоў.

Вельмі сьціплы чалавек, не заўважны, аднак ахвярны. Быў чалавекам прагрэсіўных поглядаў.

«Вельмі сьціплы чалавек, не заўважны, аднак ахвярны, — згадвае Віктара Філімонавіча Анатоль Фёдараў. — Заўжды быў спраўны ў працы. Быў чалавекам прагрэсіўных поглядаў. Быў абазнаны і ведаў гісторыю бальшавізму. Калі пачала савецкая сыстэма разбурацца і пачаўся палітычны працэс, ён далучыўся да Фронту».

Дваццаць пяць год зналася зь Віктарам Філімонавічам сябра руху «БНФ „Адраджэньне“» Раіса Катлярова. Пазнаёміліся яна зь ім на адной з фронтаўскіх імпрэзаў. Разам распаўсюдзілі не адну тысячу ўлётак, у тым ліку і тых, якія сам рабіў Віктар Філімонавіч. Найбольш актыўная ўлёткавая агітацыя прыпала на першыя прэзыдэнцкія выбары. Мы пераконвалі беларусаў, каб яны, перад тым як зрабіць выбар, падумалі пра будучыню Беларусі, кажа Раіса Мікалаеўна.

Ён ніколі не прыпыняў сваёй грамадзкай актыўнасьці.

«Ён ніколі не прыпыняў сваёй грамадзкай актыўнасьці. Ён складаў прыпеўкі іранічныя, сатырычныя супраць цяперашняй улады, якую ён не прымаў. Сам вазіў іх па горадзе і расклейваў. Быў паважаны сярод сваіх паплечнікаў. Калі мы зьбіраліся суполкай, заўжды ў мяне распытвалі пра яго, пераказвалі вітаньні. Пра яго не забывалі.

Як былі сілы, то мы зь Віктарам Філімонавічам адведвалі Артура Фінькевіча, калі палітвязень сядзеў у Магілёве на „хіміі“».

Пры канцы жыцьця Віктар Філімонавіч пачаў страчваць зрок. Апошнія некалькі год быў невідушчы, але не кідаў свайго ўлюбёнага занятку — чытаньня. Сам ужо ня мог, чытала яму Вольга Іванаўна.

Віктар Філімонавіч выпісваў шмат незалежнай пэрыёдыкі. Сярод яе была газэта «Народная Воля». Больш за дваццаць гадоў слухаў Свабоду:

Пакуль у яго была такая магчымасьць, ён слухаў Свабоду.

«Ён быў слухачом Свабоды, — кажа Раіса Катлярова. — Але апошнія гады ён дужа наракаў, што ў яго зламаўся радыёпрымач і ня можа знайсьці свабодаўскія хвалі. Я яму аддала свой прымач. Пакуль у яго была такая магчымасьць, ён слухаў Свабоду. Мы зь ім абмяркоўвалі перадачы. Пра некаторыя я яму распавядала».

Віктар Філімонавіч і ягоная жонка Вольга Іванаўна дапамагалі сям’і нябожчыцы праваабаронцы Крысьціны Шацікавай. Яе маці Сьвятлана Міхайлаўна кажа: іх ім паслаў Бог. Адзін з сыноў Крысьціны дадае:

«Віктар Філімонавіч прыйшоў да нас у дужа цяжкі пэрыяд нашага жыцьця. Ніхто яго ня зваў, ніхто пра яго ня знаў. Раптам гэты чалавек прыйшоў і сказаў: „Я дужа паважаю вашу дачку і, можа, чым магу вам дапамагчы“. Прынёс нам харчы. Віктар Філімонавіч сьляпы прыяжджаў да нас, каб з унукамі займацца. Пазьней мы самі сталі прыяжджаць, — згадвае Сьвятлана Міхайлаўна. — Ён з нас капейкі ня браў. Мала таго, калі мы прыяжджалі, нас Вольга Іванаўна адразу карміла і ссабойку давала».

Ягор пасьля дапамогі Віктара Філімовіча захапіўся вывучэньнем замежных моваў.

Гэта быў сапраўдны патрыёт радзімы. Ён сьляпы, хворы распаўсюджваў газэты ды ўлёткі.

«Унук цяпер кажа: Віктар Філімонавіч даў мне пуцёўку ў жыцьцё. Пасьля ягонай ангельскай мовы ў яго зьявіўся інтарэс да вучобы і жыцьця. Ён цяпер цягне на залаты мэдаль», — кажа Сьвятлана Шацікава.

«Гэта быў сапраўдны патрыёт радзімы. Ён сьляпы, хворы распаўсюджваў газэты ды ўлёткі. Усё гэта пакідаў у бальніцах, паліклініках, аптэках. Газэты, якія выпісваў, даваў чытаць людзям, якія дагэтуль толькі і глядзелі, што паказваюць па тэлевізары».

Віктара Філімонавіча Сабалеўскага пахавалі ў Магілёве на Паўднёва-ўсходніх могілках. У апошні шлях праводзілі яго родныя, калегі па працы, аднадумцы па грамадзкай дзейнасьці. Віктар Філімонавіч пакінуў пасьля сябе дзьвюх дачок і чацьвярых унукаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG