Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Атрад «Пагоня»: Затрыманьне беларускага добраахвотніка было «арганізавана» спэцслужбамі


У атрадзе «Пагоня» лічаць, што затрыманьне ў Менску ўдзельніка баявых дзеяньняў на тэрыторыі Данбасу не было выпадковасьцю, а што гэта частка арганізаванай кампаніі спэцслужбаў супраць беларускіх добраахвотнікаў.

Такое меркаваньне выказалі ў атрадзе «Пагоня», камэнтуючы падзею для Радыё Свабода.

26 лістапада на чыгуначным вакзале ў Менску быў затрыманы 28-гадовы ўраджэнец Віцебскай вобласьці, які нібыта ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, «мужчына быў затрыманы дзякуючы пільнасьці супрацоўнікаў транспартнай міліцыі».

«Пры асабістым вобшуку ў яго былі выяўленыя: маска з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаваньне на аснове асколачнай гранаты да станковага гранатамёта, пісталет, электронныя носьбіты, даведка пра ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя таго, у момант затрыманьня на целе падазраванага была надзета армейская бронекамізэлька», — заявілі ў праваахоўных органах.

На брыфінгу начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч распавёў, што хлопец меў даведку ад імя камандзіра адной са структур «Правага сэктару».

СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»).

У атрадзе «Пагоня» заявілі Радыё Свабода, што ведаюць пра затрыманага байца толькі тую інфармацыю, якая зьяўлялася ў СМІ. Да самога атраду «Пагоня» ён дачыненьня ня мае.

«Беларускія байцы з Дабравольчага Ўкраінскага Корпусу („Правага сэктару“. — РС) прызналі ў ім байца ДУКу, а значыць, выходзіць, што ён усё ж такі ваяваў. Мы яго ня ведаем, і да атраду „Пагоня“ ён ніякага дачыненьня ня мае. Затрыманьне хлопца не было, канечне, выпадковасьцю, як гэта прадстаўляюць улады і дзяржаўныя СМІ, а так ці інакш было „арганізавана“ беларускімі спэцслужбамі. Паказальна — адбылося яно практычна адразу пасьля заявы кіраўніка МУС Беларусі Ігара Шуневіча пра тое, што зьбіраецца інфармацыя наконт удзелу беларусаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, і пасьля заявы начальніка контратэрарыстычнага ўпраўленьня КДБ Дзяніса Восіпчыка пра зьмены ў Крымінальным кодэксе, якія будуць тычыцца наёмніцтва. То бок бачна актывізацыя дзейнасьці спэцслужбаў па беларускіх добраахвотніках ва Ўкраіне», — заявілі ў «Пагоні».

У атрадзе таксама лічаць, што беларускія спэцслужбы цяпер рыхтуюць кампанію па дыскрэдытацыі «Пагоні».

«Што канкрэтна падрыхтавалі беларускія спэцслужбы для атраду „Пагоня“, мы, канечне, ня ведаем, але шэраг фактаў і падзеяў паказвае на тое, што гэта можа быць інфармацыйная кампанія па дыскрэдытацыі структуры», — падкрэсьліваюць у атрадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG