Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франсуа Алянд: Нам трэба справіцца і з пацяпленьнем, і з тэрарызмам


У Парыжы пачалася канфэрэнцыя ААН па кліматычных зьменах. Яе мэта — прыняць новае шматбаковае пагадненьне, накіраванае на абарону экалягічнай сытуацыі на плянэце. У форуме, які працягнецца да 11 сьнежня, як чакаецца, возьмуць удзел лідэры каля 150 краінаў.

Канфэрэнцыя праходзіць ва ўмовах надзвычайнага становішча, уведзенага ў Францыі пасля тэрарыстычных атакаў 13 лістапада ў Парыжы. Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, які выступіў як першы з кіраўнікоў дзяржаваў, заявіў, што нельга рабіць выбар паміж барацьбой супраць тэрарызму і супраць глябальнага пацяпленьня — чалавецтва павінна «справіцца з абедзьвюма сур’ёзнымі пагрозамі».

«Я зьвяртаюся да вас сёньня ў імя кліматычнай справядлівасьці. У імя гэтай кліматычнай справядлівасьці мы павінны дзейнічаць і ўсьвядоміць сабе сур’ёзнасьць пагрозы для сусьветнай раўнавагі. Пацяпленьне — прадвесьце будучых канфліктаў, як хмары ёсьць прадвесьцем навальніцы: яно выклікае большыя патокі ўцекачоў, чым вайна. З-за яго некаторыя краіны ня змогуць задаволіць надзённыя патрэбы свайго насельніцтва. Яно нясе рызыку голаду, сыходу сельскага насёльніцтва ў гарады і канфліктаў за доступ да штораз больш дэфіцытнага рэсурсу, які завецца вадою» — сказаў Алянд.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун у прывітальнай мове да ўдзельнікаў канфэрэнцыі падкрэсьліў, што яна павінна стацца «вырашальным паваротным момантам» у змаганьні за абмежаваньне выкідаў парніковых газаў.

«Нам трэба, каб сьвет ведаў, што мы ідзем да будучыні зь нізкім узроўнем выкідаў і ўстойлівым кліматам, і што няма шляху назад» — сказаў кіраўнік ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG