Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы эфэктыўны спосаб змаганьня з глябальным пацяпленьнем — пазакрываць маральна і тэхнічна састарэлыя заводы


Дэманстрацыя экалягічных актывістаў у Лос-Анжэлесе, прымеркаваная да кліматычнай канфэрэнцыі ААН, 29 лістапада 2015 году

Дэманстрацыя экалягічных актывістаў у Лос-Анжэлесе, прымеркаваная да кліматычнай канфэрэнцыі ААН, 29 лістапада 2015 году

Пры беспрэцэдэнтных мерах засьцярогі 30 лістапада ў Парыжы распачалася Ўсясьветная кліматычная канфэрэнцыя ААН. Пасьля сьмяротных тэрактаў у францускай сталіцы 13 лістапада, калі загінулі 130 чалавек, форум праходзіць пад узмоцненай аховай. Ён будзе працаваць да 11 сьнежня.

Блізу паўтары сотні кіраўнікоў краінаў і ўрадаў возьмуць удзел у дыскусіях, накіраваных на дасягненьне доўгатэрміновых дамоўленасьцяў дзеля барацьбы з глябальным пацяпленьнем. Агулам жа ўдзельнікамі глябальнага дыялёгу стануць дэлегацыі з 196 краінаў сьвету. Як паведамілі ў МЗС Беларусі, беларуская дэлегацыя складаецца з экспэртаў двух ведамстваў — зьнешнепалітычнага і прыродаахоўнага. Да таго ж інтарэсы беларускай дзяржавы будзе прадстаўляць амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.

Яшчэ 16 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб праекце міжнароднай дамовы», у адпаведнасьці зь якім зацьверджаная пазыцыя Рэспублікі Беларусь на перамовах у рамках кліматычнай канфэрэнцыі. Мяркуецца, што міжнароднае пагадненьне па выніках форуму мае замяніць сабой Кіёцкі пратакол, які дзейнічае цяпер, і вызначыць агульныя правілы доўгатэрміновых захадаў для ўсіх краінаў. Правілы будуць тычыцца як зьніжэньня выкідаў, вызначаных колькасна найперш для найбуйнейшых эканомік сьвету, так і фінансавай падтрымкі высілкаў краінаў, якія разьвіваюцца. Навукоўцы мяркуюць, што менавіта некантраляваны выкід парніковых газаў — галоўная прычына пацяпленьня на плянэце.

Пра надзвычайную важнасьць канфэрэнцыі для будучыні жыхароў Зямлі — галоўны кліматоляг Беларусі Павал Каўрыга:

«Безумоўна, гэта вялікая ўсясьветная падзея, жыцьцёва важная для ўсіх нас, бо Беларусь трэба разглядаць у кантэксьце ўсяго Сусьвету. Сёлетні саміт прысьвечаны ў першую чаргу праблемам зьмены сучаснага клімату.

Наша краіна — правадзейны сябра Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі — спэцыялізаванага агенцтва ААН. Адпаведна, мы таксама знаходзімся ў гэтым міжнародным павуціньні, у гэтай сетцы, займаем там сваё месца. Наша гідрамэтэаслужба яшчэ з далёкіх часоў мае аўтарытэтны голас ва Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі.

Гэтая канфэрэнцыя павінна канчаткова выпрацаваць і падпісаць найважнейшы, новы дакумэнт аб зьмяненьні клімату.

І самае галоўнае, што гэтая канфэрэнцыя павінна канчаткова выпрацаваць і падпісаць найважнейшы, новы дакумэнт аб зьмяненьні клімату. Ён павінен замяніць сабой Кіёцкі пратакол, прыняты ў 1997 годзе, які зь нейкіх прычынаў аказаўся ня вельмі дзейсным.

Таму гэта найважнейшая падзея для сьвету ў цэлым, бо як у межах ААН, так і ў межах Усясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі задзейнічаныя амаль усе краіны сьвету. Мяркуйце самі: афіцыйна ў канфэрэнцыі будуць удзельнічаць кіраўнікі ўрадаў і прадстаўнікі 196 дзяржаваў. Зь Беларусі туды накіравалася вялікая ўрадавая дэлегацыя і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў».

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў удакладнілі, што падчас канфэрэнцыі чальцы беларускай дэлегацыі возьмуць удзел у абмеркаваньні і дапрацоўцы праекту кліматычнага пагадненьня з улікам інтарэсаў Рэспублікі Беларусь — у тым ліку ў справе ўключэньня ў яго мэханізмаў справядлівага разьмеркаваньня фінансавай дапамогі краінам, якія заявілі пра такую неабходнасьць. Кіёцкі пратакол тэарэтычна дазваляў шэрагу дзяржаваў зарабляць, перапрадаючы квоты на шкодныя выкіды. А ці прадугледжваецца гэта пагадненьнямі, якія цяпер рыхтуюцца? Павал Каўрыга тлумачыць, што напоўніцу такія магчымасьці выкарыстаныя не былі, і ці будуць прадугледжаныя прэфэрэнцыі ў новым пагадненьні — пытаньне адкрытае:

«Ведаеце, гэта ў першую чаргу закранала якраз разьвітыя, багатыя краіны. Яны больш за ўсё выкідвалі вуглякіслага газу, які, уласна кажучы, і стварае парніковы эфэкт. Згодна з Кіёцкім пратаколам, яны мусілі плаціць тым краінам, якія не выкідваюць зусім парніковага газу ці выкідваюць зусім мала.

Але пратакол не запрацаваў, хоць Беларусь вельмі актыўна ўвайшла ў гэты працэс, падпісала ўсе міжнародныя дакумэнты і пачала яго выконваць. Ажыцьцяўляўся пераход на іншыя вытворчасьці, менш шкодныя для атмасфэры, для клімату. У прыватнасьці, халадзільныя ўстаноўкі былі забясьпечаныя іншым газам, бясшкодным, замененыя фрэоны.

Cпад вытворчасьці найлепш паспрыяў таму, што прадпрыемствы пачалі выкідваць істотна менш парніковых газаў у параўнаньні з ранейшым часам.

Вядома, ня трэба скідаць з рахунку і агульны эканамічны стан у краіне: спад вытворчасьці найлепш паспрыяў таму, што прадпрыемствы пачалі выкідваць істотна менш парніковых газаў у параўнаньні з ранейшым часам.

Можна нават сказаць, што самы эфэктыўны спосаб, каб спыніць пацяпленьне клімату, — зьменшыць вытворчую дзейнасьць. А то і зусім пазачыняць прадпрыемствы, якія працуюць па старых тэхналёгіях, нешта вырабляюць, але прадукцыя нікуды ня вартая, нікому не патрэбная. Толькі шкодзяць прыродзе і чалавеку».

Напярэдадні парыскага форуму Беларусь выступіла з заявай, што падтрымлівае калектыўныя высілкі ўдзельнікаў рамачнай канвэнцыі «Аб зьмене клімату», накіраванай на дасягненьне асноўнага арыенціру бягучага стагодзьдзя — недапушчэньне падвышэньня сярэдняй тэмпэратуры ў сьвеце больш як на 2 градусы ў адносінах да даіндустрыяльнага пэрыяду. Дзеля таго каб не дапусьціць разьвіцьця небясьпечных зьменаў у характары клімату, Беларусь прапануе свой унёсак у агульныя намаганьні і бярэ на сябе абавязак скараціць да 2030 году выкіды парніковых газаў ня менш як на 28% ад узроўню 1990 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG