Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інак Іаан (Бембель): Караткевіч сьпяваў на клірасе і быў «самотным рыцарам праваслаўным»


На вечарыне, прысьвечанай 85-годзьдзю Ўладзіміра Караткевіча

На вечарыне, прысьвечанай 85-годзьдзю Ўладзіміра Караткевіча

У Горадні адбылася вечарына «Караткевіч і хрысьціянства». З нагоды 85-годзьдзя пісьменьніка яе наладзіла кіраўніцтва Пакроўскага сабору. Выступалі сьвятары, выкладчыкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту, барды. Гучала выключна беларуская мова.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў інак Іаан (Бембель) з Жыровіц добра ведаў Уладзімера Караткевіча. Ён падзяліўся сваімі думкамі пра постаць пісьменьніка, як яна выглядае з адлегласьці часу:

Інак Іаан (Бембель)

Інак Іаан (Бембель)

«Некаторыя чакалі, што ён стане другім Каліноўскім. А ён стаў, рызыкну сказаць, насуперак некаторым поглядам, што тут сёньня прагучалі, своеасаблівым манахам без манаскага адзеньня, самотным рыцарам праваслаўным, які сам-насам паўстаў супраць ворагаў Бога...», — выказаў меркаваньне манах.

На вечарыне разьбіралася тэма ўзаемаадносінаў пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча з Богам. Што гэта было: блюзьнерства ці пошукі веры, апірышча?

Настаяцель Пакроўскага сабору Георгі Рой сказаў:

«Караткевіч быў савецкім пісьменьнікам, але ён цытаваў у сваіх кнігах Эвангельле. Мне здаецца, шлях кожнага чалавека ў пошуках Бога і жыцьцёвага сэнсу можа быць вельмі павучальным, і тым больш калі гаворка ідзе пра чалавека зь вялікім творчым дарам. Акрамя таго, без разуменьня рэлігійных пошукаў клясыка мы наўрад ці зможам правільна ўспрымаць яго творчасьць. І відавочна, што менавіта гэты складнік творчасьці Караткевіча ці не найменш раскрыты дасьледчыкамі».

Айцец Георгі (Рой)

Айцец Георгі (Рой)

Сустрэча — якраз крок да больш дасканалага ўспрыняцьця асобы і творчасьці клясыка беларускай літаратуры, кажа Георгі Рой:

«Як падаецца, Караткевіч ня мог быць некрытычным да хрысьціянства. І з прычыны асабістых поглядаў і перакананьняў, і — духу таго часу, калі яму давялося жыць. Але гэта не прымітыўная аргумэнтацыя савецкай атэістычнай прапаганды, якая малявала сьмешныя вобразы рэлігійнага жыцьця. Караткевіч знаходзіўся, як падаецца, у шчырым пошуку адказаў на тыя пытаньні, якія завуцца вечнымі. І раз за разам ён сутыкаецца з хрысьціянствам. Менавіта сутыкаецца. Ягоныя пытаньні вострыя, падчас правакатыўныя, а ў асобных выпадках яго вобразы і разважаньні з хрысьціянскага пункту гледжаньня папросту блюзьнерскія».

Не зважаючы на гэта, сьвятар назваў Караткевіча чалавекам рэлігійнага пошуку:

Караткевіч, нягледзячы ні на што, чалавек рэлігійнага пошуку. Ён сапраўды шукае Бога. Часта не пагаджаецца зь Ім, але адчувае Ягоную прысутнасьць у жыцьці і гістарычным лёсе сваёй радзімы.

«У той жа час несумненна і іншае: Уладзімір Караткевіч, нягледзячы ні на што, чалавек рэлігійнага пошуку. Ён сапраўды шукае Бога. Ён часта не пагаджаецца зь Ім, але адчувае Ягоную прысутнасьць у жыцьці і гістарычным лёсе сваёй радзімы. Раз за разам зьвяртаецца да біблейскіх вобразаў і тэкстаў. Адчувае глыбіню хрысьціянскай думкі».

Шлях да Бога можа быць няпросты, тым больш складаны ён можа быць для чалавека геніяльнага, якім несумненна быў Караткевіч. Урэшце, гэта асабістая таямніца чалавека, і нам мала што вядома. Але можна сьцьвердзіць дзьве рэчы, кажа айцец Георгі. Што ў Караткевіча былі свае асаблівыя адносіны з Богам і што яны былі няпростымі:

«Ці адбылася асабістая сустрэча пісьменьніка з Уладаром сусьвету? Адказ на гэтае пытаньне ведаюць двое: Уладар сусьвету і Ўладзімер Караткевіч».

Сябра СБП прафэсар Аляксей Пяткевіч кажа, што мы сёньня называем Караткевіча геніяльным:

«Ён быў пісьменьнікам, які перавярнуў уяўленьні пра беларускую літаратуру. Ён напісаў раман пад назвай „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, назваўшы яго „эвангельлем ад Юды“. Каб зразумець пісьменьніка і яго веру, трэба зразумець веру ягонага народу, нашага з вамі народу».

Зьлева направа: Аляксей Пяткевіч і Анатоль Брусевіч

Зьлева направа: Аляксей Пяткевіч і Анатоль Брусевіч

На думку Пяткевіча, у беларусаў хрысьціянства «прыкметна аслабленае». Прычына ў тым, што «хрысьціянізацыя беларускіх земляў вельмі і вельмі задоўжылася, зацягнулася». Як лічаць гісторыкі, яна завяршылася прыблізна ў ХVІ стагодзьдзі. Але яна цягнецца да нашага часу, і ці завершаная — гэта вялікае пытаньне, мяркуе прафэсар Пяткевіч.

Аляксей Пяткевіч нагадвае:

«Хрыстос у Караткевіча прыйшоў да людзей у Гародні. Але якім чынам можна такое рабіць? Ён узяў біблейскія пэрсанажы і сытуацыі. І паставіў іх у звычайныя зямныя ўмовы. Але для некаторых хрысьціян гэта можа падацца абразьлівым. Але ці ёсьць тут кашчунства? Напэўна не, калі ўлічыць, што ён заставаўся вернікам. Хаця быў пісьменьнікам савецкага часу».

Ад слухачоў паступіла пытаньне: ці ведаў Караткевіч на памяць Эвангельле? Пра яго існавала нямала мітаў, пачаў адказваць прафэсар Пяткевіч: «Што меў некалькі дзясяткаў жанчын, напрыклад...» Пісьменьнік ведаў добра Біблію і Эвангельле, але ён ня думае, што мог завучыць на памяць.

«У часы ганеньняў, калі за веру саджалі ў „псыхушку“, Караткевіч у 1960–70-х гадах кожнае лета езьдзіў у Быцень, што ля самых Жыровіц, да свайго сябра прафэсара Грынчыка, — распавёў інак Іаан (Бембель). — Яны разам у мясцовай царкве сьпявалі на клірасе ў часе богаслужэньняў. Такія паводзіны знакамітага мастака слова, кожны крок якога адсочваўся адпаведнымі службамі, былі супастаўныя з учынкамі першых хрысьціян», — лічыць Бембель.

Тагачасны мітрапаліт Антоні (Мельнікаў), прачытаўшы ў арыгінале «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», наладзіў цесныя асабістыя адносіны з аўтарам. Інак лічыць, што ў архівах мітрапаліта можна знайсьці цікавыя зьвесткі «аб іхнім сумоўі».

Пра хрысьціянскія матывы ў паэзіі Караткевіча на вечарыне распавёў сябра СБП дацэнт Анатоль Брусевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG