Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцёрка лепшых фільмаў рэжысэра Разанава паводле Юрыя Хашчавацкага


Эльдар Разанаў

Эльдар Разанаў

Беларускі рэжысэр Юры Хашчавацкі ў інтэрвію Свабодзе адзначыў, што для кінамастацтва сьмерць выбітнага савецкага і расейскага рэжысэра Эльдара Разанава — вялікая страта.

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

Хашчавацкі перакананы, што Разанаў быў сымбалем эпохі і вельмі дакладна адпавядаў свайму часу. Юры Хашчавацкі такім чынам ацаніў вялікую спадчыну Эльдара Разанава:

«Безумоўна, самы першы фільм Разанава, які я памятаю са свайго раньняга дзяцінства — гэта «Карнавальная ноч». Кожны Новы год мы сядалі глядзець «Карнавальную ноч» і вельмі любілі яе. Менавіта Разанаў адкрыў новую зорку ў кіно — цудоўную, надзвычай таленавітую Людмілу Гурчанку.

У мяне самы любімы фільм Разанава — «Пра беднага гусара замолвіце слова» паводле сцэнара Георгія Горына. Цудоўны фільм, найтанчэйшая іронія, вельмі злы, дакладны, востры. Я б адзначыў, што гэты фільм далёка ня просты, і нямногія гэта зразумелі і менавіта так яго ацэньваюць.

Узгадайма яго фільм «Гараж», які выйшаў літаральна напярэдадні перабудовы. Гэта вельмі жорсткі фільм, там такая сур’ёзная сатыра на наша грамадзтва! То бок творчасьць Разанава нельга ўспрымаць як проста забаўляльную рэч, Разанаў вельмі дакладна і востра адчуваў час, адчуваў праблемы нашага грамадзтва.

Ну і, канечне, тыя фільмы, якія асабліва любіць народ. Гэта «Іронія лёсу, альбо Зь лёгкім парам» і «Службовы раман».

У цэнтры гэтых фільмаў — просты чалавек, тое, што мы называем «маленькім чалавекам», які на самай справе жыве зь вялікімі пачуцьцямі, зь вялікімі драмамі. Гэтыя пачуцьці і драмы, магчыма, здаюцца для ўсіх астатніх дробнымі, маленькімі, але насамрэч зьяўляюцца вялікімі для гэтага маленькага чалавека. І гэтая ўвага да маленькага чалавека заўсёды характэрная для ўсёй творчасьці Разанава. Гэта не эпапэя, гэта не адметны «Ромаўскі» падыход — кшталту «Дзевяці дзён аднаго году». Не, гэта больш вузка, з аднаго боку, а з другога — гэта значна больш магутна па ўвазе да самога чалавека.

Я думаю, што мы вельмі шмат згубілі са стратай Эльдара Разанава, але, спадзяюся, знойдзецца нямала творцаў, якія будуць ісьці такім жа шляхам. Гэта добры шлях, гэта прыстойны шлях. Царства яму нябеснае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG