Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэха зьбіцьця расейскага Су-24: заява МЗС, авіябаза, газаправод, Аліеў


Ці можа зьнішчэньне расейскага самалёта прывесьці да вялікай вайны паміж Расеяй і Захадам? Як гэта інцыдэнт паўплывае на беларуска-расейскія адносіны? Лёс авіябазы, другой ніткі газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа», загадкі скасаваньня візыту Лукашэнкі ў Маскву і раптоўнага візыту Аліева ў Менск.

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аналітык Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш і палітычны аглядальнік радыё Свабода Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Зьнішчэньне расейскага бамбавіка турэцкай авіяцыяй ужо зрабіла і, можна меркаваць, яшчэ зробіць вялікі ўплыў на міжнародную палітыку. Сёньня мы паспрабуем прааналізаваць гэтыя разнастайныя наступствы. На ваш погляд, наколькі імаверна, што гэты інцыдэнт выльецца ўрэшце рэшт у поўнамаштабны канфлікт Расеі з Захадам? Зразумела, што яго ніхто ня хоча, але палітыка-псыхалягічныя мэханізмы эскаляцыі, тое, што Генры Кісінджэр называў «машынай Страшнага Суду», часам працуюць самі па сабе. Ці можа адбыцца самы небясьпечны сцэнар?

Турэччына апынулася з Расеяй сам на сам

Коктыш: Мне здаецца, што самы небясьпечны пэрыяд, калі эмоцыі маглі пераважаць, ужо мінуў. Канфлікт, зразумела, ня будзе глябальным. Расея чакала рэакцыі НАТО і рэакцыя НАТО атрымалася стрыманая. Нават самая першая заява альянсу кваліфікавала падзею, як двухбаковы інцыдэнт паміж Турэччынай і Расеяй. Гэта значыць, не як выпадак, калі трэба размаўляць аб трансатлянтычнай салідарнасьці.

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

З другога боку, намесьніца старшыні міжнароднай камісіі кангрэсу ЗША Дана Рарбахер заявіла, што Турэччына — правакатар і яе трэба выгнаць з НАТО. Былі падобныя ацэнкі і ў аўтарскіх блогах у Forbes.

Турэччына апынулася з Расеяй сам-насам. Гэта — выйгрыш Расеі, які кампэнсуе тыя двое сутак чаканьня. Зараз гэта будзе разьвівацца выключна ў двухбаковым фармаце, Расея знойдзе магчымасьць адказаць Турэччыне палітычна, эканамічна, а, магчыма, і ваенным шляхам. Але гэта ня будзе сытуацыяй, якая выльецца ў канфрантацыю паміж НАТО і РФ.

Візыт францускага прэзыдэнта пацьвердзіў, што гэтая падзея не спыніла працэс пабудовы антытэрарыстычнай кааліцыі, а наадварот, паскорыла яго.

Імідж Турэччыны на Захадзе з прычыны палітыкі Эрдагана істотна сапсаваўся

Богдан: Я часткова згодны з Кірылам — у тым, што ня бачу тут ніякай нагоды чакаць вайны ці проста сур’ёзнай канфрантацыі, у якую былі б заангажаваныя Захад і Расея. Тое, што ёсьць канфрантацыя паміж Турэччынай і Расеяй — гэта відавочна, але я ня бачу патэнцыялу, каб гэта перарасло ў нешта большае. Ня варта найперш перабольшваць значэньне інцыдэнту. У часы «халоднай вайны» самалёты зьбівалі неаднаразова, бывалі і прынізьлівыя для СССР сытуацыі, калі савецкія самалёты зьбіваў Іран, які тады быў саюзьнікам Захаду. І нічога нават тады, на піку «халоднай вайны», ад гэтага ня здарылася. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады імідж Турэччыны з прычыны палітыкі Эрдагана на Захадзе істотна сапсаваўся. Асабліва пасьля пратэстаў 2013 году, якія выклікалі сымпатыі ў большай часткі заходняга істэблішмэнту.

Дракахруст: Сяргей, вы чулі, як Кірыл інтэрпрэтаваў пазыцыю НАТО. Ці вы згодны зь яго інтэрпрэтацыяй?

Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

Богдан: Не, НАТО не выпіхвае са сваіх шэрагаў Турэччыну, ня кажа, што гэта выключна двухбаковая праблема. Але я чакаў больш рэзкіх заяваў і рухаў. Пакуль усё абмяжоўваецца словамі. Рэакцыя НАТО двухсэнсоўная. І гэта тлумачыцца тым, што Турэччына ў апошнія гады вяла палітыку, якая выклікала шмат пытаньняў на Захадзе. І тыя крокі Анкары, якія былі зробленыя пасьля зьбіцьця самалёта, абумоўленыя ў значнай ступені пазыцыяй асабіста Эрдагана, ягоным імкненьнем выйсьці з таго складанага ўнутрыпалітычнага становішча, у якім ён апынуўся.

Турэччына ў выпадку чаго можа і сама сябе абараніць

Цыганкоў: Мне рэакцыя НАТО падалася спакойнай і адэкватнай той сытуацыі, якая ўтварылася. Адразу ж было скліканае экстранае пасяджэньне Рады НАТО і генэральны сакратар Альянсу Ёнс Столтэнбэрг пацьвердзіў усю паўнату гарантыяў, якія НАТО дае Турэччыне. Разам з тым ён заклікаў да актывізацыі кантактаў паміж Масквой і Анкарой з мэтай дээскаляцыі канфлікту. Вельмі лягічная рэакцыя.

У кантэксьце размоваў, ці будзе НАТО абараняць Турэччыну, я хацеў бы адзначыць, што Турэччына — зусім не маленькая слабая краіна, як некаторыя думаюць. У Турэччыне 78 мільёнаў насельніцтва, гэта палова Расеі, узброеныя сілы Турэччыны складаюць 600 тысячаў чалавек. Гэта шостая паводле колькасьці армія ў сьвеце. У НАТО турэцкае войска лічыцца паводле моцы другім пасьля амэрыканскага, а ў Эўропе іх армія — другая паводле моцы пасьля расейскай. Для параўнаньня: ў Расеі войска — мільён чалавек.

Турэччына ў выпадку чаго можа і сама сябе абараніць. Я пра тое, што трэба ўяўляць сілы бакоў у канфлікце, яны сувымерныя. Гэта не суадносіны Расея — Грузія, Расея — краіны Балтыі.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Што да пытаньня, ці будзе вялікая вайна, то хацелася б адказаць «не», але я не настолькі аптымістычны, як Кірыл. Гэтымі днямі ўсе бакі прыкладаюць намаганьні дзеля дээскаляцыі канфлікту. Але любы турэцкі самалёт, які зараз раптам саб’е Расея, што можа здарыцца нават насуперак рашэньням палітыкаў, можа рэзка абвастрыць сытуацыю. І гэта можа адбыцца ў небе Сырыі, над тымі тэрыторыямі гэтай краіны, якія Турэччына лічыць сваёй вотчынай, дзе яна мае права лятаць і рабіць, што хоча.

Дракахруст: Якія наступствы крызіс са зьбітым самалётам можа мець для беларуска-расейскіх адносінаў? Спакойная рэакцыя МЗС Беларусі, негатовасьць Менску адназначна падтрымаць саюзьніка расейскімі публіцыстамі ўжо былі заўважаныя. Лёс меркаванай расейскай авіябазы, пэрспэктывы другой галіны газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа» — якія наступствы ў гэтых сфэрах будзе мець зьнішчэньне расейскага СУ-24? І што азначае загадкавая адмена візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву і ня менш загадкавы тэрміновы візыт у Менск Ільхама Аліева — бліжэйшага саюзьніка Турэччыны?

Менск даўно на Блізкім Усходзе ўстаў на бок саюзьнікаў ЗША

Богдан: Для тых, хто сачыў за беларускай зьнешняй палітыкай апошніх гадоў на Блізкім Усходзе, відавочна, што яна вельмі адрозьніваецца ад расейскай. І даўно, гадоў 15 дакладна. Менск да мінімуму скараціў кантакты з Дамаскам адразу пасьля пачатку там грамадзянскай вайны. Менск даўно зрабіў сваім прыярытэтам стасункі з кансэрватыўнымі арабскімі рэжымамі, найперш манархіямі Пэрсыдзкай затокі. Таксама інтэнсыфікаваліся стасункі з Турэччынай пасьля таго, як партыя Эрдагана ўмацавалася ва ўладзе. Таксама ўмацаваліся стасункі з абсалютна праамэрыканскім курдзкім рэжымам на поўначы Іраку.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Менск даўно на Блізкім Усходзе ўстаў на бок саюзьнікаў ЗША ў рэгіёне. Пры гэтым былі зьведзеныя да мінімуму стасункі з апанэнтамі Захаду — з Сырыяй і Іранам. Калі гэтыя стасункі і застаюцца, то выключна з імкненьня не складаць усе яйкі ў адзін кошык.

Так што апошняя рэакцыя Менску на фоне папярэдняга — гэта драбяза.
Беларускі друк, у тым ліку і незалежны, вельмі правінцыйны. Падчас самых драматычных момантаў грамадзянскай вайны ў Сырыі ў Менск прылятаў Ахмэт Давутаглу і беларускія ўрадоўцы ляталі ў Турэччыну для сустрэчаў зь ім. Давутаглу — тагачасны кіраўнік турэцкага МЗС, архітэктар агрэсіўнай турэцкай палітыкі на Блізкім Усходзе ў апошнія гады. Я ўсё чакаў, ці заўважыць нехта з беларускіх журналістаў гэтыя шматлікія кантакты. Не, не зьвярнулі ўвагі. Але ў сьвятле гэтых кантактаў цяперашняя рэакцыя МЗС Беларусі не выклікае аніякага зьдзіўленьня.

Дракахруст: Сяргей, а што будзе з базай? І зь «Ямал-Заходняя Эўропа»?

Пуціну давядзецца працягнуць яшчэ адну «нітку» «Ямал-Заходняя Эўропа» празь Беларусь

Богдан: База слаба зьвязаная з сырыйскім пытаньнем. Менск і так добра даваў рады з базай, супрацьстаяў і перафармоўваў пляны Масквы наконт базы. Паводле першапачатковых плянаў, база мусіла зьявіцца яшчэ 2 гады таму, яна мусіла быць у зусім іншым месцы, значна бліжэйшым да мяжы з Захадам, база мусіла быць нашмат большай. Паводле апошняй заявы расейскага генэрала, зараз яны хочуць толькі палову ад таго, што хацелі раней. Але я думаю, што нават гэтую палову яны ў агляднай пэрспэктыве не атрымаюць.

База датычыцца супрацьстаяньня Расеі і Захаду, у чым Беларусь ня хоча ўдзельнічаць са зразумелых прычынаў. З Сырыяй гэта слаба зьвязана, хіба толькі ў тым сэнсе, што Расеі зараз самалёты патрэбныя зусім у іншым месцы. Што да трубаправода, то тут сувязь больш шчыльная. Я мяркую, што ўсе пляны з «Паўднёвым патокам» і «Турэцкім патокам» пахаваныя, прычым надоўга. Украінскі варыянт таксама рызыкоўны, і ўзьнікае рэальная магчымасьць таго, што Пуціну давядзецца працягнуць яшчэ адну «нітку» празь Беларусь. І тады Беларусь ператвараецца ў важнага гульца, патрэбнага і Расеі, і Эўропе. Але ёсьць сілы, якім такая пэрспэктыва не падабаецца, і якія будуць спрабаваць гэтую пэрспэктыву разбурыць.

Расея будзе глядзець, наколькі ўстойлівым будзе Эрдаган

Коктыш: Па рэакцыі беларускага МЗС — гэта быў як раз той выпадак, калі ён паклаў усе яйкі ў адзін кошык. І гэта ня вельмі разумна. Казахстан зрабіў заяву, што Анкара пайшла на неапраўданую рызыку і справакавала інцыдэнт са зьбіцьцём самалёта. Беларусь прэтэндуе на ролю судзьдзі, які будзе меркаваць, як і на што гэты інцыдэнт паўплывае. Хаця іншыя краіны пасьпяшаліся заявіць, на чыім баку яны ў гэтым канфлікце.

Такая пазыцыя Менску будзе замінаць пэрспэктывам «Ямал-Заходняя Эўропа-2». Паводле прагнозаў, праз пару гадоў у Эўропе будзе назірацца дэфіцыт энэрганосьбітаў. Праект пракладкі газаправоду з Катару праз Сырыю пахаваны. Я б не лічыў, што праект «Турэцкага патоку» закрыты. Ён будзе замарожаны. Расея будзе глядзець, наколькі ўстойлівым будзе Эрдаган. Перамога яго ў другім туры выбараў была «на мяжы», яго пляны правесьці канстытуцыйную рэформу пакуль правальваюцца.

Так што «Турэцкі паток» будзе адкладзены прыкладна на год, але ня цалкам скасаваны. Эўропе будуць патрэбныя энэрганосьбіты. Дзе іх браць? Першы шлях — гэта транзыт праз Украіну. Сытуацыя мяняецца хутка, невядома, што там будзе. Другі шлях — гэта аднавіць праект «Паўднёвы паток». Трэці — «Турэцкі паток» пасьля зьмены палітычнай сытуацыі ў Турэччыне, і я не лічыў бы такі сцэнар малаверагодным. І толькі ў чацьвертую чаргу — другая «нітка» «Ямал-Заходняя Эўропа» праз Беларусь. И мне здаецца, што гэтая чарга не надыйдзе, калі Лукашэнка ня зойме больш пэўную пазыцыю ў канфлікце паміж Расеяй і Турэччынай.

Значэньне Беларусі, як саюзьніка Расеі, падвышаецца

Цыганкоў: Я б, у адрозьненьні ад маіх суразмоўцаў, зьвярнуў большую ўвагу на візыт прэзыдэнта Азэрбайджана. У спалучэньні з заявай МЗС Беларусі візыт Ільхама Аліева — гэта пасланьне Маскве: калі вы не знайшлі часу сустрэцца са мной у Маскве, ажыцьцявіць першы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў візыт, то я вам адкажу такім чынам. Візытам у Менск прэзыдэнта Азэрбайджану, які зьяўляецца бліжэйшым саюзьнікам Турэччыны.

Як заўжды бывае ў падобных канфліктах, значэньне Беларусі, як саюзьніка Расеі, падвышаецца. Лукашэнка, адчуваючы гэта, паводзіць сябе больш нахабна — гэта і заява МЗС, і тое, што беларускаму кіраўніцтву ўдаецца дагэтуль адбівацца ад расейскай авіябазы. Набыцьцё Расеяй чарговага ворага павялічвае значнасьць Беларусі ў рэгіёне.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG