Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў «Імёны Свабоды» ў храме. Фота


У межах парафіяльнага сьвята ў берасьцейскіх грэка-каталікоў адбылася прэзэнтацыя дапоўненага выданьня «Імёнаў Свабоды» пісьменьніка Ўладзімера Арлова.

У часе прэзэнтацыі, якая адбывалася ў храме, Уладзімер Арлоў пазнаёміў прысутных з новымі асобамі беларускай гісторыі, якія ўвайшлі ў яго кнігу «Імёны Свабоды». Пісьменьнік распавёў Свабодзе, што для яго «асаблівы настрой» выступаць у царкве:

«Гэта і асаблівая адказнасьць. Калі казаць пра такую кнігу, як мае „Імёны Свабоды“, то гэтая адказнасьць яшчэ большая, бо проста адчуваеш у гэтых сьценах прысутнасьць душаў сваіх герояў. Менавіта сёньня я і мэтафізычна, і фізычна гэта адчуваў, калі чытаў свае эсэ.»


Некалькі песень выканаў бард Зьміцер Бартосік. Больш за 60 чалавек прысутнічалі на прэзэнтацыі. Напрыканцы берасьцейцы змаглі атрымаць аўтограф Уладзімера Арлова, а таксама сфатагравацца зь ім і са Зьмітром Бартосікам.


У Берасьці Ўладзімер Арлоў прэзэнтаваў ужо трэцяе выданьне сваёй кнігі «Імёны Свабоды», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». У кнігу ўвайшлі 300 партрэтаў герояў, якія зрабілі пэўны ўнёсак у барацьбу за свабоду Беларусі.

Прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова і выступ Зьмітра Бартосіка адбыліся ў межах сьвяткаваньня парафіяльнага сьвята берасьцейскай грэка-каталіцкай царквы сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Напрыканцы ўрачыстасьцяў Уладзімер Арлоў падараваў парафіі свае кнігі, а сьвятар Ігар Кандрацьеў уручыў пісьменьніку рэпрадукцыю іконы, якую напісаў пятнаццаць гадоў таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG