Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі баявы самалёт парушыў паветраную прастору Ізраілю


Пра гэта паведаміў 29 лістапада, міністар абароны Ізраілю Машэ Яалон падчас выступу па дзяржаўным радыё. Паводле міністра, гэта адбылося «нядаўна» з-за памылкі расёйскага пілёта.

«Было невялікае ўварваньне, ня больш чым на паўтара кілямэтра ў нашу паветраную прастору расейскага самалёта, які вяртаўся з Сырыі, але ўсё было тут жа ўрэгулявана і расейскі самалёт разьвярнуўся ў напрамку Сырыі», — сказаў ён.

Паводле агенцтва Франс-прэс, якое цытуе міністра, гэты інцыдэнт адбыўся з-за памылкі пілёта. Машэ Яалон таксама патлумачыў, што паміж расейскімі і ізраільскімі ваеннымі існуе каардынацыя і пастаянная сувязь, якраз каб пазьбегнуць падобных інцыдэнтаў. «Расейскія самалёты ня маюць намеру нас атакаваць, таму нельга рэагаваць аўтаматычна і зьбіваць іх, як толькі адбудзецца памылка», — дадаў міністар.

Словы Машэ Яалона зьвязаныя з інцыдэнтам на сырыйска-турэцкай мяжы, які адбыўся 24 лістапада, калі расейскі бамбавік СУ-24 быў зьбіты турэцкім зьнішчальнікам F-16. Пасьля гэтага адносіны паміж Расеяй і Турцыяй рэзка пагоршыліся. 28 лістапада Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб увядзеньні эканамічных санкцый супраць Турцыі.

Агенцтва Франс-прэс, у сваю чаргу, нагадвае, што ў верасьні 2014 году ізраільскія вайскоўцы зьбілі сірыйскі самалёт расейскай вытворчасьці СУ-24, які ўварваўся ў паветраную прастору Ізраілю ў раёне Галяндзкіх вышыняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG