Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтапарк прапанаваў аршанцам самім заняцца перакладам на беларускую


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Адказ ад намесьніка дырэктара аршанскага аўтапарку № 3 атрымалі мясцовыя жыхары, якія прасілі аднавіць у гарадзкіх аўтобусах абвяшчэньне прыпынкаў па-беларуску.

Адказ з аўтапарку на калектыўныя і асабістыя звароты, напісаныя па-беларуску, прыйшоў на расейскай мове. Тлумачэньне прычынаў, чаму раней абвесткі гучалі на роднай мове, а цяпер гучаць па-расейску, зьдзівіла аўтараў калектыўнага ліста і асабістых допісаў. Аказалася, у аўтапарк «паступіла скарга грамадзянкі, якая была незадаволеная памылкамі». Адміністрацыя адрэагавала: замест таго, каб пацікавіцца, ці насамрэч былі нейкія памылкі або ці можна іх выправіць, беларускую фанаграму вырашана было адключыць увогуле. Замест паведамленьняў электроннага прыстасаваньня-дыктара, запісаных па-беларуску, цяпер назовы прыпынкаў абвяшчаюць па-расейску.

Адміністрацыя аўтапарку прапанавала аўтарам зваротаў зрабіць новую фанаграму. Самім перакласьці назвы прапынкаў, а таксама запісаць іх для трансьляваньня ў аўтобусах. Зрабіць гэта прапанавана на добраахвотнай аснове — бясплатна.

Прапанова выклікала ў актывістаў неадназначныя водгукі. З аднаго боку, лічаць яны, нічога не вымагала адключэньня ранейшай беларускамоўнай фанаграмы. З другога боку, у Воршы хапае энтузіястаў, гатовых заняцца перакладам і запісам. Зрабіць гэта выказалі памкненьне і журналісты, і настаўнікі роднай мовы, і прадстаўнікі грамадзкіх суполак. Застаецца незразумелым, ці насамрэч гатовы паспрыяць моўным зьменам сам аўтапарк. Бо «перакладчыкам» ніхто не прапанаваў для працы ні сьпіс прыпынкаў на гарадзкіх маршрутах, ні тэхнічныя патрабаваньні да запісу фанаграмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG