Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Случчыне адзначылі 95-ю гадавіну славутага паўстаньня


У Слуцку адбыўся мітынг з нагоды 95-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Мітынг правялі партыя БНФ, Малады фронт, рух салідарнасьці «Разам».

Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукеівіч свой выступ на мітынгу прысьвяціў тэме змаганьня з расейскай экспансіяй, у чым, паводле яго, далі прыклад героі паўстаньня 1920 году на Случчыне. «Яны ведалі, што такое жахі грамадзянскай вайны, але яшчэ больш жахлівым ім падавалася жыць ў няволі», — сказаў пра подзьвіг случчакоў Аляксей Янукевіч і асудзіў экспансію Расеі, якая «плянуе разьмясьціць на Беларусі свае вайсковыя базы і зрабіць з нашай краіны вайсковы пляцдарм».

Паводле намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, у случчакоў, якія змагаліся за незалежнасьць бацькаўшчыны ёсьць добрыя нашчадкі, якія гатовыя бараніць Беларусь — іх палітык бачыць сярод удзельнікаў мітынгу.

У мітынгу ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек, у тым ліку, акрамя актывістаў з Менску былі прадстаўнікі грамадзянскіх суполак са Слуцку на чале зь Віталём Амяльковічам, а таксама група актывістаў з Салігорску. Старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык заклікаў мясцовыя ўлады ўсталяваць помнік героям паўстаньня з абазначэньнем імёнаў удзельнікаў. Таксама на мітынгу выступілі сустрашыня Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, актывісты з Салігорску Ўладзімер Шыла і Ніна Ермалінская.

Больш за 20 міліцыянтаў у цывільным назіралі за шэсьцем і мітынгам ў Слуцку, але удзельнікам акцыі не перашкаджалі. У мясцовым парку, дзе праходзіў мітынг, было таксама шмат прадстаўнікоў гарадзкой адміністрацыі. Пасьля мітынгу некаторыя ўдзельнікі акцыі зноў прайшлі па горадзе з бел-чырвона-белымі сьцягам, на што зьвярнулі ўвагу міліцыянты і зрабілі заўвагу арганізатарам.

Перад шэсьцем на пляцоўцы каля былога дому Эдварда Вайніловіча, дзе цяпер месьціцца музэй, прайшла прысяга «маладафронтаўцаў». Гэта традыцыйная цырымонія. Сёлета прысягу на вернасьць радзіме і бел-чырвона-беламу сьцягу прынялі 14 чалавек — больш, чым у папярэднія два гады. Сярод іх былі людзі рознага веку — самай малодшай, Анастасіі, усяго 16 гадоў, а старэйшаму, спадару Іванову, больш за 40.

У вёсцы Грозава, куды наведваліся удзельнікі акцыі да прыезду ў Слуцк, міліцыянты забаранілі несьці бел-чырвона-белыя сьцягі. У Чырвонай Слабадзе удзельнікі акцыі ня ўбачылі, як ў мінулыя гады, крыжа ў памяць паўстанцаў. Як распавялі мясцовыя жыхары, сьвятар айцец Уладзімер агітаваў жыхароў мястэчка супроць крыжа і дамогся, каб яго зьнішчылі. Прыхільнікі слуцкіх паўстанцаў паклалі зьнічкі проста на зямлю.

У мястэчку Семежава, дзе ў цэнтры стаіць крыж ў гонар паўстанцаў, актывіст Зьміцер Касьпяровіч распавёў удзельнікам вандроўкі пра асаблівасьці баёў у тых мясьцінах. «Мястэчка 4 разы пераходзіла з рук ў рукі падчас баёў случчакоў з чырвонаармейцамі. Шмат хто з чырвонаармейцаў, якія таксама ў асноўным былі сялянамі, пераходзілі на бок паўстанцаў. І тады камандаваньне Чырвонай арміі выкарыстала часткі, ўкамплектаваныя добраахвотнікамі-кітайцамі, і толькі тады паўстанцам давялося адступіць», — распавёў Касьпяровіч.

Пасьля мітынгу актывісты усклалі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку, які стаіць ў слуцкім парку. Там таксама гучаў беларускі гімн «Магутны Божа» і воклічы «Жыве Беларусь!» ды «Героям слава!»

Каб паглядзець фотагалерэю, націсьніце на фота ніжэй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG