Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-10 краін, дзе варта адзначыць зімовыя сьвяты


Каб пасьпець набыць падарунак на самым старым калядным кірмашы Эўропы ды пакласьці яго пад самую высокую ялінку ў сьвеце, накарміць кашай гнома ды самому наесьціся ад пуза сачавіцы (і грошай будзе поўна!), варта мець дакладны маршрут, куды выбрацца на зімовыя вакацыі. Наша аўтарка Яна Шыдлоўская прапануе свой ТОП краінаў для вашага калядаваньня.

1. Беларусь

Зімовыя сьвяты ў Беларусі самыя працяглыя. Бо ж і па грыгарыянскім, і па юліянскім календары гуляем. Амаль месяц моладзь у калядных масках казы, дзеда, бабы, бусьліка, мядзьведзя, чорціка ходзіць па хатах, сьпяваючы і граючы на музычных інструмэнтах, за што атрымлівае шчодры пачастунак ад гаспадароў. Паўдзельнічаць у гэтым жывым народным ігрышчы можна на аграсядзібах і хутарах. А ў музэях традыцыйнай культуры ці лялечных тэатрах ёсьць магчымасьць замовіць калядны спэктакль тэатра-батлейкі. Адметныя смачныя і вясёлыя сцэнары чакаюць гасьцей у санаторыях і на базах адпачынку, у замках і рэстарацыях, у басэйнах і лазьнях. Галоўнае — сьвяткаваць у добрай кампаніі.

2. Латвія

У Латвіі зімовыя сьвяты могуць стаць самымі хваёвымі. Нездарма кажуць, што традыцыя ўпрыгожваць калядную ялінку нарадзілася ў Рызе, калі ў 1510 годзе кампанія мужчын у чорных шапках прыцягнула на гарадзкую плошчу яліну і, упрыгожыўшы яе, падпаліла. З таго часу застаўся памятны знак, каб ведаць, дзе гарэла сьвяточнае дрэва. Цяпер галоўную ялінку краіны ставяць на Домскай плошчы. Вакол яе ладзяць калядныя кірмашы са сьвяточнымі гульбішчамі. Штогод, а сёлета з 4 сьнежня па 10 студзеня, на вуліцах Рыгі ладзяць выставу «Шлях калядных ялінак», дзе мастакі і дызайнэры ствараюць непаўторныя сьвяточныя вобразы хваёвых дрэў.

Паводле вэрсіі падарожніцкага парталу Lonely Planet Латвія ўвайшла ў дзясятку краін, вартых наведваньня ў 2016 годзе. У каляднай Латвіі варта паспрабаваць вараную сьвіную галаву з шэрым гарохам, якія абавязкова трэба зьесьці да раніцы, бо парэшткі ў новым годзе, згодна з павер’ямі, могуць прынесьці гора і сьлёзы. Запіць сьвяточную вячэру можна смачным півам, настойкамі на зёлках альбо духмянымі бальзамамі, сярод якіх самы папулярны — Рыскі. Апоўначы выйсьці на набярэжную, каб убачыць урачысты салют. Гуляць да раньня па сьвяточна ўбраных вуліцах горада. А раніцою знайсьці пад ялінкай падарункі ад Салавеціса, які пахаджае па краіне ў сінім футры. На наступны дзень зімовае падарожжа можна працягнуць на пароме, які рушыць у скандынаўскія краіны.

3. Літва

Сьвяточныя агеньчыкі на галоўнай ялінцы Вільні, якую штогод упрыгожваюць на Катэдральнай плошчы, запальваюцца 1 сьнежня, сымбалізуючы пачатак Адвэнту. Перад самымі Калядамі ліхтары і лазэры падсьвятляюць сталічную тэлевежу. Яна мае ўвышкі 326,47 мэтра, і яе называюць самай высокай ялінкай у сьвеце. У сьнежні ў Старым горадзе працуе калядны кірмаш са сьвяточнымі падарункамі і слодычамі, езьдзіць па краіне Дзед Каляда, у Коўне праходзіць нацыянальны калядны зьезд, у якім бяруць удзел каля 400 спадароў з падарункамі. Ва ўсіх гатэлях і рэстарацыях прапануюць забавы і смачны стол са смажанай індычкай і запечанай у яблыках гускай. На вуліцах можна частавацца гарачымі каштанамі і кілбаскамі з глінтвэйнам. Свой побыт у Вільні варта спалучыць з наведваньнем старажытных Трокаў, Коўна, замка ў Нарвялішках. У апошнім, дарэчы, таксама магчыма адзначыць зімовыя сьвяты: у замкавых залях адбываецца сьвяточны сярэднявечны банкет з традыцыйнымі стравамі, забавамі, падарункамі.

4. Эстонія

У Таліне зімовыя сьвяты самыя духмяныя: сьвяточную атмасфэру гораду надаюць пахі імбіру, карыцы, ігліцы, марцыпанаў. Тут грэюцца глінтвэйнам са спэцыямі, а на стол падаюць засмажаны з фундуком панцак, курыцу ў міндалевым соўсе, памяранцавы студзень зь языка, запечаны зь зелянінай сыр, мочаныя брусьніцы, хатні хлеб з арэхамі, зелянінай і салам. Асобныя рэстарацыі прапануюць сярэднявечнае мэню, дзе ў якасьці інгрэдыентаў часта фігуруюць панцак, сачавіца, бручка.

Галоўная ялінка Эстоніі стаіць на Ратушнай плошчы Таліна. Тут жа напрыканцы лістапада адкрываецца калядны кірмаш, які застаецца аж да 8 лютага. Кірмаш лічыцца адной з самых папулярных імпрэзаў такога тыпу ў Эўропе. Тут можна знайсьці рэчы мясцовых майстроў, эстонскія пачастункі і традыцыйныя напоі. Больш за тое, 18–20 сьнежня ў Таліне будзе працаваць Музэй пад адкрытым небам з экспазыцыяй Каляднай вёскі — са старымі драўлянымі хатамі, гаспадарчымі пабудовамі, будынкамі школы і вясковай крамы. Тут можна даведацца, як рыхтаваліся да Калядаў стагодзьдзі таму.

Кожная з прыбалтыйскіх краін чароўна-сьвяточная. Таму на зімовыя сьвяты варта разглядаць аб’яднаны маршрут — Талін-Рыга-Вільня — каб адчуць сьвяточную атмасфэру ўсіх трох гарадоў. Калі вызначыцца, у якой з краін сустракаць сьвяты, усё ж ня ўдасца, можна адзначыць Новы год на пароме, нездарма Талінскі прызнаны найбуйнейшым портам Балтыйскага мора.

5. Швэцыя

Зімовыя сьвяты ў Швэцыі могуць стаць самымі казачнымі, нездарма пра яе напісана столькі дзіцячых кніжак, у тым ліку і калядных. Адна зь іх, аўтара і мастака Свэна Нурдквіста, расказвае гісторыю пра калядную кашу, якую дарослыя забыліся паставіць на ганак для маленькіх чалавечкаў. Калядны гном Юльтомтэн надта ж крыўдлівы. Менавіта яго швэды на Каляды частуюць рысавай кашай зь міндалем, каб год быў шчасьлівы і ўдалы. Цяпер Юльтомтэнам называюць швэдзкага Санту, які жыве ў Тамтэлэндзе, недалёка ад Стакгольму — разам з фэямі, тролямі, эльфамі, Сьнежнай Каралевай. На Каляды і Новы год Стакгольм выглядае казачна і прыгожа. Сьвяты ў горадзе пачынаюцца з калядных кірмашоў, а кульмінацыяй становіцца салют на галоўнай плошчы сталіцы. Рэстарацыі і гатэлі прапануюць сьвяточную праграму і пачастунак. У каляднай Швэцыі варта паспрабаваць імбірнае печыва, шафранавыя булачкі, швэдзкую запяканку, глінтвэйн і калядную шынку. Каб адчуць казку разам зь дзецьмі, варта завітаць на адну з калядных сустрэч у дзіцячы цэнтар Юнібакэн.

6. Фінляндыя

У Фінляндыі зімовыя сьвяты могуць стаць самымі актыўнымі. У краіне, дзе зіма валадарыць амаль дзевяць месяцаў, безьліч прапаноў рухавага зімовага адпачынку. Тут пасьпяхова працуюць звыш 150 гарналыжных курортаў. Трасы для хуткаснага і павольнага хаджэньня, розныя па працягласьці і складанасьці, якасна абсталяваныя і выдатна асьветленыя. Самыя папулярныя сярод турыстаў — курорты Леві ў Паўночнай Ляпляндыі і Рука, дзе лыжны сэзон самы працяглы ў краіне — з кастрычніка па чэрвень.

Зімовай парою ўвесь Хэльсынкі выходзіць на каток — звыш 150 лядовых пляцовак заліваюць у горадзе да зімовых сьвятаў. На катках коўзаюцца, ладзяць канцэрты жывой музыкі, гуляюць у хакей. Прыхільнікі актыўнага адпачынку едуць у Лапеенранту. Горад стаіць на беразе найбуйнейшага ў краіне возера Сайма, таму нязьмерна папулярны сярод рыбакоў. Сьвяты ў Фінляндыі магчыма сустрэць нават у саўне ці ў найвялікшай лазьні па-чорнаму, што ў мястэчку Куопіа. Калядная Фінляндыя карыстаецца асаблівым посьпехам сярод сем’яў зь дзецьмі. Па-першае, у сталіцы фінскай Ляпляндыі жыве Ёлупукі — мясцовы Санта Клаўс, пасьля сустрэчы зь якім варта праехацца па Ляпляндыі ў сабачых запрэжках, на мотасанях ці на аленях. Па-другое, у ваколіцах фінскага мястэчка Тампэрэ існуе дзіцячы парк «Краіна мумі-троляў» з усімі казачнымі пэрсанажамі Тувэ Янсан і, вядома, сінім Мумі-домам, на даху якога бесьперапынна гарыць маяк.

7. Нямеччына

Каляды і Новы год сустрэць можна дома, аднак выправіцца па падарункі для блізкіх і сяброў у гэтую краіну несумненна варта. Па колькасьці калядных кірмашоў Нямеччына займае другое месца ў Эўропе, саступаючы хіба толькі Вялікабрытаніі, дзе лічба сьвяточных рынкаў набліжаецца да двухсот. Аднак кірмашы Нямеччыны прызнаныя лепшымі ў сьвеце. У гарадах і мястэчках Нямеччыны амаль сто мясьцінаў, дзе можна набыць вырабы народных майстроў, пачастункі, сувэніры, сьвяточныя ўпрыгожваньні. Сумненьняў няма, усе яны будуць якаснымі, дабротнымі і карыснымі.

Варта зрабіць падарожжа па калядных кірмашах Нямеччыны, наведваючы гарады і мястэчкі ў розных рэгіёнах краіны. Найстаражытнейшы кірмаш праходзіць у Дрэздэне. Традыцыя яго правядзеньня не перапынялася аж з 1434 году. Тут абавязкова трэба паспытаць знакаміты пірог штолен, начынены разынкамі, цукатамі і арэхамі. Самы прыгожы кірмаш адбываецца ў Эрфурце — сярэднявечным горадзе, калядны цэнтар якога штогод упрыгожвае 20-мэтровая ялінка. Самую вялікую ялінку Нямеччыны вышынёй 45 мэтраў можна пабачыць на кірмашы ў Дортмундзе.

8. Вугоршчына

Зімовыя сьвяты ў Вугоршчыне будуць цёплымі, самабытнымі і гучнымі. Галоўнае — загадзя падрыхтаваць дудку ці кляксон, бо апоўначы, з надыходам Новага году, або Сільвэстра, у Вугоршчыне прынята віншаваць адзін аднаго са сьвятам дудзеньнем-гудзеньнем. Ядуць на Сыльвестра шмат. На стале зьяўляецца сачавіца, якая, згодна з народнымі павер’ямі, прыносіць грошы. Запечанае парася таксама ядуць на шчасьце і ўдачу. Яшчэ варта паспрабаваць капусны суп, студзень, галубцы, печанага труса. П’юць таксама шмат: глінтвэйну, піва, і, вядома, крамбамбулі, напой, які вугорцы шануюць як сымбаль Новага году. Адзначыць зімовыя сьвяты можна ў Будапэшце, Сэгедзе, Дэбрэцэне альбо на тэрмальных курортах Шарвар, Хевіз, Бюкфюрда. Карыстаюцца попытам прапановы сустрэць Сыльвестра ў сярэднявечных замках — са старажытнымі забавамі, банкетам, дэгустацыяй вінаў.

9. Аўстрыя

Самыя музычныя зімовыя сьвяты — у Аўстрыі. Неверагодна прыгожыя гарады і мястэчкі становяцца яшчэ больш прывабнымі ў сьвяточным асьвятленьні. Паўсюль гучыць музыка, пачынаючы ад дзіцячых сьпеваў пад вокнамі ў чаканьні пачастунку, сканчаючы апэрэтай Штраўса «Лятучая мыш», якую штогод даюць у Венскай опэры 31 сьнежня і 1 студзеня. Напрыканцы сьнежня па радыё гучыць песьня «Ціхая ноч» у выкананьні Венскага хору хлопчыкаў. Прыход Новага году таксама адзначаецца музыкай: апоўначы з дахаў цэркваў даносяцца чароўныя гукі труб. На зімовыя сьвяты аўстрыйцы і госьці краіны сьпяваюць і танцуюць усюды — дома, на вуліцы, у гасьцях, на шматлікіх балях, а саграваюцца пуншам з чырвонага віна з дадаткам карыцы і цукру. Зімовыя сьвяты ў Аўстрыі адзначаюцца вытанчана, зь вялікім густам. Тут упрыгожваюць не калядную, а Хрыстову ялінку, падарункі пад якую кладзе сам маленькі Хрыстос. Ва ўбраньні ялінкі дамінуе чырвоны колер, замест цацак часта бяруць арэхі, цукеркі, пернікі. Але галоўнае ўпрыгожаньне — сапраўдныя сьвечкі, якія запальваюць паўсюль на працягу зімовых сьвятаў штовечар.

10. Польшча

Польшча таксама трапіла ў дзясятку краін, вартых наведваньня ў 2016 годзе, паводле вэрсіі Lonely Planet. Зімовыя сьвяты ў гэтай краіне будуць сытныя і ўтульныя. Найбольш турыстаў на Каляды і Новы год традыцыйна прымаюць Варшава, Кракаў і Закапанэ, які ў лыжны сэзон ператвараецца ў зімовую сталіцу Польшчы. Варта, аднак, зьвярнуць увагу і на іншыя польскія гарады, ня менш утульныя і гасьцінныя. Так, па-сямейнаму цёпла адзначаюць зімовыя сьвяты ў Торуні, якая са старажытных часоў славіцца сваімі пернікамі. Познань — калісьці першая сталіца Польшчы — папулярная сярод турыстаў. Дзякуючы чыгуначнай камунікацыі ў Познань часта заяжджаюць па дарозе ў Патсдам і Бэрлін. Уроцлаў — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Польшчы — на зімовыя сьвяты становіцца казачна прыгожым. Турфірмы практыкуюць удалае спалучэньне ў адным туры двух гарадоў — калядныя Ўроцлаў і Прага. Калі ёсьць жаданьне адзначыць сьвяты на ўзьбярэжжы Балтыкі, варта прыгледзецца да Гданьску — часткі польскага «Трохградзьдзя» поруч з Гдыняй і Сопатам. Па-за летнім турыстычным сэзонам тутэйшыя ваколіцы выглядаюць вельмі маляўніча. Часта паездку па гэтых гарадах аб’ядноўваюць з наведваньнем Мальбарка з самым вялікім у сьвеце цагляным замкам Марыенбург. Куды ні паедзеш у Польшчы, ежа на Каляды і Новы год будзе вельмі сытная, бо палякі па-ранейшаму прытрымліваюцца правіла: 12 страў на стале. У посным мэню абавязкова будзе куцьця зь мёдам, разынкамі і арэхамі, а на сьвяточны стол абавязкова пададуць студзень, салаткі, флячкі, галушкі і шмат мясных вырабаў.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG