Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анро: Экспэрымэнтальнае мастацтва як вакцына супраць глябальных праблемаў


Андрэй Анро ля прадзедаўскай хаты

Андрэй Анро ля прадзедаўскай хаты

За нейкія два гады аўтарская абрэвіятура Анро з зусім невядомай для сучаснай мастацкай супольнасьці ператварылася ня толькі ў пазнавальную, але і трэндавую. Малады мастак запачаткаваў тэматычныя сэрыі, якія зьдзіўляюць нестандартнасьцю падыходу да візуалізацыі актуальных праблемаў. Хто і што стаіць за Анро?

Анро. Крыжаносцы (Хросны ход на Вялікдзень у Смаргоні)

Анро. Крыжаносцы (Хросны ход на Вялікдзень у Смаргоні)

Калі мне ўручалі пашпарт, расьпісваўся ўжо як Анро

Андрэй Рогач, 28 гадоў, жыве і працуе ў Смаргоні. Пачынаў з фатаграфіі, але паступова вярнуўся да галоўнага захапленьня жыцьця — жывапісу. Апошнія гады бярэ ўдзел у калектыўных і пэрсанальных выставах. Пра «раздваеньне» асобы кажа наступнае:

«Анро — спалучэньне гукаў, якое я прыдумаў яшчэ ў дзяцінстве. Было мне гадоў, мабыць, 11 ці 12, задоўга да таго, як атрымаў пашпарт. Добра памятаю: калі ўпершыню ўручалі дакумэнт, я ўжо расьпісваўся як Анро. То бок знайшоў гукі, якія мне пасуюць. А з часам і іншыя заўважылі, што атрымалася ўдалае спалучэньне імя і прозьвішча: Ан (Андрэй) Ро (Рогач). Сам я да гэтага дайшоў не сьвядома, хутчэй інтуітыўна. Цяпер з гэтым імем цалкам сябе асацыюю: Анро гучыць каротка, выразна, трапна. Тым больш у ранейшыя часы так і называлі — Гамэр, Адысэй, Герадот. Адно імя, і ўсё. Гэта потым ужо пачалі нагрувашчваць, у нас у тым ліку: раней хапала імя і прозьвішча, а за саветамі ўсіх прывялі да аднаго стандарту, дадалі яшчэ і імя па бацьку».

Анро. Чалавек, які сядзіць

Анро. Чалавек, які сядзіць

Андрэй прызнаецца, што ўтрымліваць сябе і жонку Сьвятлану выключна за кошт мастацтва пакуль не ўдаецца, таму для падтрыманьня душы ў целе даводзіцца займацца дзейнасьцю нашмат больш прыземленай — фатаграфаваць вясельлі:

«Акрамя мастацтва я займаюся пастановачнай фатаграфіяй. У тым ліку здымаю вясельлі — такі невялікі сродак для існаваньня. Ну, і паралельна ў пошуку працы, бо калі ты малады ды яшчэ і малавядомы, то на мастацтве зарабіць цяжка. Але ў хуткім часе ў мяне адбудуцца адразу дзьве пэрсанальныя выставы: адна ў наступным годзе плянуецца ў Менску, а яшчэ адна, таксама на пачатку 2016-га, пройдзе ў Маскве. Там ёсьць цэнтар сучаснага мастацтва „Вінзавод“, і ў адной галерэі будуць выстаўленыя мае працы. З улікам таго, што яна камэрцыйная, можа гэта яшчэ дасьць і нейкі прыбытак. Фактычна па-за межамі Беларусі гэта будзе першая аўтарская выстава. А беларускі дэбют адбыўся сёлета ў кастрычніку ў менскай крэатыўнай прасторы ЦЭХ».

Прадзедаўскі дом наскрозь прасякнуты беларускай міталёгіяй

У вёсцы Вайнідзеняты

У вёсцы Вайнідзеняты

З Анро мы сустрэліся ў вёсцы Вайнідзеняты пад Смаргоньню, дзе ён даводзіць да ладу прадзедаўскі дом, які застаўся яму ў спадчыну: займаецца інтэр’ерам, кладзе печ, рэканструюе мэблю. А таксама парадкуе надворныя пабудовы, пасьля 1939-га на загад бальшавікоў пераробленыя ў хлявы. Менавіта ў Вайнідзенятах, калі малым прыяжджаў на пабыўку да бабулі і цёткі, былі першыя экспэрымэнты, якія не зусім дзіцячым падыходам да справы ўражвалі нават дарослых. Чатыры гады ў гарадзкой мастацкай школе сталі лягічным працягам сур’ёзнага захапленьня, але выбар прафэсіі, як водзіцца, аказаўся пакутлівым:

Анро. Постаць

Анро. Постаць

«Тады мой бацька жыў у Маскве, і я паступіў там у Дзяржаўны тэхнікум эканомікі, тэхналёгіі і права імя Красіна. Спэцыяльнасьць — спэцыяліст па рэкляме. Вучылі ўсяму спэктру візуальнай культуры, былі такія заняткі, як дызайн, фатаграфія, відэа, мантаж, малюнак, нават трошкі жывапісу — усяго патрошку. У тэхнікуме я адвучыўся чатыры гады, але толькі на апошнім курсе згадаў дзяцінства, узяў фарбы і зноў пачаў маляваць. Для мяне Масква аказалася карыснай ужо тым, што я ўпершыню так шчыльна сутыкнуўся з інтэрнэтам і праз рэпрадукцыі пачаў адкрываць знакавыя імёны ў мастацтве — Гаген, Ван Гог. Постімпрэсіяністы мяне надзвычай цікавілі, бо я сам маляваў нешта падобнае, прынамсі ў тым стылі. На гэтай хвалі вырашыў паступаць у Акадэмію мастацтваў у Менск».

Анро. Укрыжаваньне

Анро. Укрыжаваньне

Як кажа Анро, прыехаўшы з Масквы, скруціў у рулён лепшыя працы і рушыў скараць Менск. Але амбітныя пляны разваліліся ўжо на стадыі сумоўя: у акадэміі нагадалі, што да іх паступаюць ня з вуліцы, а пасьля спэцыялізаваных установаў, таму параілі папрацаваць над тэхнікай і калі-небудзь паспытаць шчасьця яшчэ раз. Нічога не засталося, як вярнуцца ў Смаргонь і заняцца самаадукацыяй — Андрэй вывучаў рэпрадукцыі ў інтэрнэце, штудзіраваў кнігі па мастацтве. Тым часам атрымаў у спадчыну дом у Вайнідзенятах, што стала сапраўдным эмацыйным узрушэньнем і дапамагло на нейкі час забыцца пра няўдачу:

«Гэты дом прасякнуты беларускай міталёгіяй зь яе непаўторнымі духамі, істотамі. Усё навокал было таемнае, загадкавае. Я гэтыя фантазіі фіксаваў на фотаапарат, нават зьявілася сэрыя працаў „Дысамнія“. Але ўсё часьцей пачаў задумвацца: можа, я фатаграфую таму, што не магу перадаць пачуцьці праз малюнак? То бок лавіў сябе на думцы, што хочацца займацца нечым іншым, а менавіта жывапісам. І пачаў займацца. Так склаўся лёс, што ў жонкі памёр дзядзька, і ад яго засталася кватэра ў Смаргоні. Вырашылі рабіць рамонт, грошай не было, і яна ў такім выглядзе засталася — толькі белыя сьцены. А ў такіх умовах якраз добра практыкавацца ў маляваньні, ніхто не замінае. Спрабаваў доўга, пакуль у 2013-м не зрабіў працу, якую ўжо было ня сорамна паказаць. Назваў яе „Твар у цені“. Пакуль пісаў іншыя, зразумеў, што можна выходзіць на большую аўдыторыю. Загрузіў малюнкі ў Фэйсбук, і мяне сапраўды заўважылі: куратарка галерэі „Ў“ Натальля Гарачая прапанавала паўдзельнічаць у групавой выставе, якую яна арганізоўвала. Я, вядома, пагадзіўся. Потым была яшчэ адна выстава, і, як кажуць, пайшло-паехала».

Каля прадзедаўскага гумна

Каля прадзедаўскага гумна

Парадкі, сымболіка, нават мова засталіся з савецкай эпохі

Анро. Зьніклы бязь вестак

Анро. Зьніклы бязь вестак

Першае прызнаньне дазволіла Анро вызначыцца з тэматычнымі прыярытэтамі. У 2013-м ён запусьціў сэрыю «The Lost», у якасьці зыходнага матэрыялу для якой выкарыстаў партрэты зьніклых людзей. Сьледам пачаў распрацоўваць праект «Face in Shadow» — як удакладняе сам аўтар, паспрабаваў візуалізаваць палітычныя вобразы праз прызму міталёгіі:

«Я пачаў больш акцэнтавацца на сацыяльным мастацтве, паступова сфармавалася кола зь некалькіх галоўных тэмаў. Першая — пад назвай „The Lost“. Гэта сэрыя, якая вывучае праблему зьніклых бязь вестак, іх сваякоў і блізкіх. Я маляваў партрэты людзей, якія ў розны час бясьсьледна прападалі па ўсім сьвеце, перарабляў іх у форму „зьнікненьня“, як бы растварэньня ў рэальнасьці...».

Зьніклы бязь вестак

Зьніклы бязь вестак

Карэспандэнт: «Ці закраналіся палітычныя зьнікненьні, якія мелі месца ў Беларусі? Ганчар, Захаранка, Красоўскі — гэтыя лёсы адлюстраваныя?».

Анро. Зьніклы бязь вестак

Анро. Зьніклы бязь вестак

«Менавіта над гэтымі асобамі не працаваў, але думаў. Проста пакуль не разумею, як гэта можна перапрацаваць у мастацтва. Магчыма, удасца рэалізаваць у іншым фармаце. Ёсьць у мяне яшчэ адна тэма, шчыльна ўвязаная з гісторыяй ХХ стагодзьдзя. За аснову браў вобраз палітыка ў антуражы — пінжак, кашуля, гальштук. Тэма чалавека ў цені, тэма палітыка як галоўнага героя нашага часу. Усе навіны цяпер прысьвечаныя палітыкам: дзе яны былі, што зрабілі, камэры сочаць за кожным іх дзеяньнем. Адпаведна, калі гэты фармат зьменіцца, пачнецца новы час. Такім чынам, праз трансфармацыю мінулага можна прадказаць будучыню».

Сёлета творчасьць Анро перафарматавалася ў новы спосаб візуальнай падачы. Пасьля таго як у рукі трапіла падшыўка старых часопісаў «Новый мир», старонкі сталі месцам для чарговага экспэрымэнту.

Анро. Фігуры

Анро. Фігуры

Як кажа мастак, у сьціслыя тэрміны паўстала сэрыя графічных працаў, у якіх вывучаецца ўтопія савецкага часу і, як лягічны працяг, настальгія па той утопіі ў постсавецкім грамадзтве:

Анро. Твар у цені

Анро. Твар у цені

«У гэтым годзе тэма палітыкаў паціху перайшла на старонкі часопіса „Новый мир“ — гэта падшыўка 1980-х гадоў, на якую я выпадкова натрапіў. Іншымі словамі, адбылася паступовая трансфармацыя савецкага ў постсавецкае: то бок тэма намэнклятуры, партыйных зьездаў, помнікаў правадырам. Справядліва адзначыць, што мы жывём у часе, які, па вялікім рахунку, не зьмяніўся. Геапалітычна нібыта іншыя — афіцыйна сталі Рэспублікай Беларусь — аднак парадкі, сымболіка, нават мова засталіся з савецкай эпохі. Адрозна ад іншых, беларусы закансэрваваліся ў стане „саўковасьці“. Таму выбіраю, паказваю, што менавіта так і ёсьць. Шмат хто таго не заўважае і над тым не задумваецца. І гэта сапраўды цяжка да канца ўсьвядоміць, калі жывеш у замкнёнай прасторы».

Усьведамленьне таго, што я беларус, зьявілася толькі ў Маскве

Анро. Чалавек на дарозе

Анро. Чалавек на дарозе

У гэтым зьвязку Андрэй кажа, што сам стаў сьвядомым беларусам, толькі пажыўшы падчас вучобы некалькі гадоў у Расеі. Якраз вырваўшыся з той самай «замкнёнай прасторы», пачаў больш аб’ектыўна глядзець на рэчы:

«Ува мне першае грунтоўнае ўсьведамленьне таго, што я беларус, зарадзілася якраз тады, калі жыў у Маскве. Менавіта ў той час па-сапраўднаму зразумеў, хто я і адкуль. Адчуў, што па-іншаму размаўляю, па-іншаму думаю, нарэшце, што ў мяне ёсьць акцэнт. Без перабольшаньня, унутры адбыўся сапраўдны нацыянальны выбух, пасьля якога я пачаў удасканальваць беларускую мову, усюды і вельмі актыўна на ёй размаўляць. Калі прыяжджаў да тутэйшых сяброў, яны шчыра зьдзіўляліся: хлопец паехаў у Маскву, а вярнуўся адтуль беларускамоўным. Было гэта акурат 10 гадоў таму, ад 2005-га і пазьней».

Анро. Смаргонскі Ленін

Анро. Смаргонскі Ленін

Пакінула адбітак на творчасьці Анро і «Рэвалюцыя годнасьці» ва Ўкраіне, адным з вынікаў якой стала «віруснае» зьвяржэньне камуністычных ідалаў. Разьвітаньне з савецкай спадчынай у выглядзе ідэалягічнага «ленінападу» — у сюжэтнай лініі беларускага мастака. Адметна, што першы Ленін у калекцыі мае смаргонскую прапіску — той, што стаіць у райцэнтры на аднайменнай плошчы:

«Прыкладам, цяпер працую над тэмай ленінскага вобраза, які таксама перайшоў да нас ад савецкіх часоў і дагэтуль досыць камфортна сябе тут пачувае. У дадзеным кантэксьце найперш Ленін як страчаны сымбаль ва Ўкраіне, яго зьвяржэньне з п’едэсталу, так званыя „ленінапады“. Усё гэта хачу перапрацаваць у мастацтва, паказаць эпахальныя зьмены нашага часу. Бо ўсё ж савецкі дух, нягледзячы на супраціў, пачаў разгойдвацца, нешта пайшло ня так, як плянавалі камуністычныя правадыры».

Анро. My personal Lenin

Анро. My personal Lenin

Карэспандэнт: «Гэта ва Ўкраіне. У Беларусі да ленінападу ніяк ня дойдзе».

«Хто ведае: час усё зьмяняе, хоць у нас, вядома, усё закансэрвавана ў нашмат большай ступені. Нашы людзі, з аднаго боку, вельмі стаміліся ад безвыходнасьці, зь іншага — нічога ня робяць, каб вызваліцца ад путаў мінулага. Але час прыйдзе, нешта ў любым выпадку зьменіцца. Факт, што зь мінулым трэба разьвітацца. Толькі калі мы ўрэшце здолеем асудзіць сябе, сваю гісторыю, зразумець свае памылкі і зрабіць высновы, толькі тады здолеем рухацца далей, наперад».

Ня так шмат мастакоў, якія спэцыялізуюцца на «радасьці і шчасьці»

Анро не аспрэчвае, што ягоная творчасьць досыць дэпрэсіўная і мала настройвае на пазытыўны лад. Аднак, на яго перакананьне, у тым і задача мастака — завастрыць увагу на праблеме:

Анро і яго «Новый мир»

Анро і яго «Новый мир»

«Гэта так, але, шчыра кажучы, ня так шмат мастакоў, якія спэцыялізуюцца на „радасьці і шчасьці“. Прынамсі, сучаснае мастацтва займаецца збольшага праблемнымі тэмамі, балючымі для ўсяго грамадзтва. І калі ты ўздымаеш на паверхню нешта цяжкае, то якога эфэкту чакаць? Канечне, гэта загрузна, гэта вымушае думаць, разважаць; урэшце — нешта рабіць, працаваць, зьмяняць. Сучаснае мастацтва — гэта рэакцыя на праблему, крытыка тых ці іншых рэаліяў. Гэта было актуальна і для іншых гістарычных пэрыядаў. Скажам, падчас Другой усясьветнай вайны нямецкія экспрэсіяністы таксама ўздымалі балючыя пытаньні — праўда, у адзін момант яны сталі непажаданымі, а іх творчасьць была абвешчана „дэгенэратыўнай“. Што тычыцца Беларусі, то ў нас крытычнае мастацтва пачало разьвівацца толькі апошнім часам, дзесьці апошнія 10 гадоў».

Цікаўлюся ў Анро: у якім кірунку будуць палягаць новыя экспэрымэнты? І ці мяркуецца дадаць у творчасьць крыху аптымізму?

Анро і яго «Новый мир»

Анро і яго «Новый мир»

«Ня ведаю, што будзе, цяпер шукаю ня толькі новыя тэмы, але і новыя тэхнікі, таму сам не да канца разумею, што атрымаецца. Экспэрымэнтую з розным матэрыялам, колерам, спрабую новыя адценьні. Цяпер у мяне больш манахромныя малюнкі, хачу ўвесьці нейкі колер. Але і пабойваюся, бо з колерам працаваць нашмат цяжэй. Калі акінуць вокам гісторыю мастацтва, мастакоў, многія нават прызнаныя геніі пачыналі не з каляровых, а з манахромных, прыглушаных працаў. Той жа Ван Гог, іншыя».

Карэспандэнт: «Новый мир» чым «размалёўваеце» — туш, гуаш?«

Анро і яго «Новый мир»

Анро і яго «Новый мир»

«Можа, прагучыць нечакана, але гэта звычайная марылка. Усё пайшло з таго, што калі мы пачалі займацца прадзедаўскай хатай, урэшце ўзяліся за рэстаўрацыю мэблі. Каб яе апрацаваць, атрымаць спэцыяльны колер, набылі марылку. Так усё супала: часопісы, марылка, белы водаэмульсійны акрыл для будаўнічых мэтаў. Першы малюнак я намаляваў на аркушы, дзе якраз была назва „Новый мир“. Праца, як мне падалося, атрымалася, і я зразумеў, што трэба спрабаваць далей. Паступова гэта пачало ператварацца ў сэрыю — мабыць, ужо ёсьць малюнкаў сорак».

Для беларуса 500 даляраў за карціну — ужо нешта завоблачнае

А ці ёсьць у плянах зарабляць, прадаючы карціны? Бо немагчыма жыць аднымі толькі экспэрымэнтамі, якія дапамагаюць удасканальвацца, але нічога не дадаюць у кішэню. Анро кажа, што разьлічвае на пэрспэктыву:

Анро і яго «Новый мир»

Анро і яго «Новый мир»

«У 2013-м удалося прадаць дзьве працы ў галерэі „Ў“. І гэта нават дзіўна: з аднаго боку, як вы заўважылі, працы ў мяне, мякка кажучы, невясёлыя, а зь іншага боку, яны былі прададзеныя падчас каляднага кірмашу. Можа, нешта прадасца ў наступным годзе на выставе ў Маскве, пагляджу, як складзецца. Мяне запрасілі некалькі інтэрнэт-пляцовак, якія нядаўна адчыніліся, але пакуль нічога не купілі. Выстаўляў працу на нядаўнім „Восеньскім салёне“ ў Палацы мастацтва: мне два разы тэлефанавалі, што гатовыя набыць, але па ніжэйшым кошце. Я таргавацца не захацеў, цана і без таго была невялікая. Напэўна, беларусы яшчэ не прызвычаіліся ўкладаць у мастацтва, і для іх 500 даляраў — гэта ўжо нешта завоблачнае. Хоць нават для маладога мастака гэта цэньнік невялікі».

Пытаюся ў суразмоўцы, хто з прызнаных майстроў мінулага, а таксама зь ліку сучасных беларускіх мастакоў найбольш блізкі па духу, а працы выклікаюць захапленьне? І адкуль наагул чэрпаецца натхненьне для творчасьці?

У лес па натхненьне. Ля дота Першай усясьветнай вайны

У лес па натхненьне. Ля дота Першай усясьветнай вайны

«Увогуле, натхненьне — рэч шматгранная, штуршком можа быць і цікавая гісторыя, і навіна, і працы калегаў, і здымак (рэальна шмат вобразаў бяру з фатаграфіі). Мой жывапіс пачаўся з уплыву Фрэнсіса Бэкана, далей былі Марлен Дзюма, Люк Цёйманс, Міхаэль Борэманс. Менавіта гэтыя імёны некалі на мяне найбольш паўплывалі. Што тычыцца беларусаў, як фотамастак мне цікавы Андрэй Лянкевіч, які якраз і перамог у „Восеньскім салёне“. З жывапісу імпануе тое, што робіць Яўген Шадко, падабаюцца інсталяцыі Сяргея Шабохіна. Гэта першыя, хто ўзгадваецца зь лёту. Так, экспэрымэнтальная творчасьць, бо толькі праз экспэрымэнт можна атрымаць нешта новае. Сапраўднае мастацтва — гэта вялізная рызыка, ты ня ведаеш, атрымаецца добра ці дрэнна, зразумеюць цябе ці не. Прыкладам, у мяне шмат працаў не атрымліваецца, можа 30% забракоўваю. Потым пачынаеш рабіць новае, нешта паступова вымалёўваецца, і тады ўжо можна паказаць людзям».

Цяжка жыць у невялікім горадзе, дзе няма культурнага асяродзьдзя

Анро прызнаецца, што ўсур’ёз задумваецца пра пераезд у іншае месца. Як кажа, кватэра ў Смаргоні і дом у Вайнідзенятах — добра для працы, але, ня маючы культурніцкага асяродзьдзя, складана займацца паўнавартаснай творчай дзейнасьцю:

Падчас выставы ў галерэі «Ў»

Падчас выставы ў галерэі «Ў»

«Цяжка жыць у такім невялікім горадзе, дзе ня маеш магчымасьці выставіцца, прадацца, дзе няма культурнага асяродзьдзя, трэба некуды ўвесь час ехаць. Разам з тым тут добра працаваць, экспэрымэнтаваць. Але калі паставіць на шалі, усё ж выглядае, што трэба зьяжджаць. Пакуль віды на Менск, але вучу і ангельскую мову. Увогуле, жыць мне хочацца ў Беларусі, а выстаўляцца, езьдзіць — па ўсім сьвеце. Гісторыя паказала, што ў эўрапейскіх краінах нашмат больш людзей уцягнута ў творчую арбіту, больш разьвіваецца кірункаў, шмат мастакоў, шмат галерэяў. Але гэта не азначае, што ты ў статусе „мастака зь Беларусі“ прыедзеш у Францыю ці Італію і адразу зоймеш сваё месца, зробісься вялікім майстрам. Зноў жа, шмат хто станавіўся папулярным у Эўропе ў другой палове свайго жыцьця — у 50 гадоў, камусьці падфарціла ў 40. Залежна ад часу і запытаў».

З фатасэрыі «Дысамнія»

З фатасэрыі «Дысамнія»

Анро (Андрэй Рогач) нарадзіўся ў 1987 годзе ў Смаргоні на Гарадзеншчыне. Мастак, фатограф, жыве і працуе ў родным горадзе. Жанаты. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнікум эканомікі, тэхналёгіі і права імя Красіна па спэцыяльнасьці «рэкляма». Ад 2007-га да 2012-га займаўся пастановачнай фатаграфіяй, зьняў сэрыю «Дысамнія», у якой пераасэнсаваў беларускі фальклёр. Ад 2013 году актыўна займаецца жывапісам, запачаткоўвае тэматычныя сэрыялы: «The Lost», «Face in Shadow», графічную «антыўтопію» на старонках часопіса «Новый мир». Удзельнік калектыўных і пэрсанальных выставаў у Беларусі. Аўтар кнігі «21 стакан. Истории Йогеша, записанные Анро».

З фатасэрыі «Дысамнія»

З фатасэрыі «Дысамнія»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG