Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое беларусаў атрымалі прэстыжную мастацкую прэмію ў Францыі


Grand Palais у Парыжы

Grand Palais у Парыжы

Мастачка Валянціна Шоба з Гародні й скульптар Сяргей Парцянкоў з Гомеля сталі ляўрэатамі французскай прэміі Тэйлара.

У межах удзелу беларускіх мастакоў і скульптараў у экспазыцыі Art Capital, што праходзіць у выставачным комплексе «Гран Пале» ў Парыжы, Шобу й Парцянкову была прысуджана прэмія Ісідора Жустэна Севярына Тэйлара, паведамляе БелаПАН са спасылкай на беларускае пасольства ў Францыі.

Прэмія Тэйлара ўручаецца штогод у двух кірунках мастацтва: жывапіс і скульптура. Прысуджае яе камісія з 12 чалавек, якіх выбіраюць галасаваньнем сябры Асацыяцыі імя барона Тэйлара. Асацыяцыя была зарэгістраваная Тэйларам 7 снежня 1844 году пад назвай «Тэйлар. Асацыяцыя мастакоў, скульптараў, архітэктараў, гравёраў і дызайнэраў». Яе асноўныя задачы — падтрымка мастакоў, разьвіцьцё й стымуляваньне мастацтва ва ўсіх яго праявах.

Прадстаўнікі беларускага мастацтва атрымліваюць прэмію ўпершыню.

Беларускае пасольства адзначае, што працу Парцянкова даставілі ў Парыж за дзень да адкрыцьця выставы самалётам авіякампаніі «Белавія» пры падтрымцы фэльд’егерскай службы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Беларускі павільён на выставе арганізаваны з ініцыятывы пасольства пры садзейнічаньні Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, Культурнага цэнтру Беларусі ў Францыі, «Прыёрбанку», а таксама Аркадзя Валадося — беларуса, які стала жыве ў Францыі.

XS
SM
MD
LG