Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Прэзыдэнт мусіць прыслухацца да голасу народа», — у Бабруйску зьбіраюць подпісы супраць расейскай авіябазы


У Бабруйску актывісты аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» зьбіраюць подпісы супраць намераў разьмясьціць у горадзе расейскую вайсковую авіябазу. Сабрана больш за тры сотні подпісаў. Актывісты спадзяюцца, што грамадзянскі пратэст супраць замежнай авіябазы паўплывае на канчатковае рашэньне аб яе разьмяшчэньні ў Беларусі.

«Мы выступаем супраць гэтых дванаццаці расейскіх самалётаў і чатырох шрубалётаў, якія яны хочуць нам прыслаць у Бабруйск», — кажа адзін з ініцыятараў збору подпісаў Сяргей Гальшун.

«Усе, хто падпісваецца, кажуць, што нам патрэбны мір. Людзі сталага веку кажуць, што памятаюць вайну і не хацелі б, каб беларусы зноў уткнуліся ў нейкі збройны канфлікт, у якім мы будзем „гарматным мясам“. Нямала падпісантаў націскалі на тое, што ня варта Беларусі наагул умешвацца ў канфлікты. Лепей трымацца нэўтралітэту».

Як кажа актывіст, ёсьць і тыя, хто падтрымлівае разьмяшчэньне авіябазы ў Беларусі. З такімі суразмоўца сутыкаўся ня часта, але гутаркі зь імі яго ўразілі.

«Адна дзяўчына проста заявіла: „А ці ведаеце вы, супраць каго выступаеце? Супраць Расеі!“. І нагадала, што цяпер Крым расейскі, — апавядае Сяргей Гальшун. — Я пачуў гэта ўпершыню не па тэлевізары і быў, шчыра прызнаюся, зьбянтэжаны. Яна яшчэ дадала, што Беларусь — краіна непалоханых беларусаў і што з намі яшчэ разьбяруцца».

Прэзыдэнт Лукашэнка, кажа актывіст, пакуль выказваецца супраць замежнай вайсковай базы ў Беларусі. Мы ж перакананыя: лепей карміць сваё войска, чым чужое.

«Калі прэзыдэнт будзе прымаць канчатковае рашэньне, ён улічыць, што нямала беларускіх грамадзян выступаюць супраць разьмяшчэньня расейскай авіячасьці, і ён мусіць прыслухацца да голасу народа», — падсумоўвае Сяргей Гальшун.

Сабраныя подпісы актывісты БХД дашлюць у Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства абароны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG